Паводле армянскай службы Свабоды, Радыё Азатуцюн ажыцьцяўляла жывую трансьляцыю акцыі пратэсту. Незадоўга да яе пачатку да журналістаў падышлі паліцыянты і запатрабавалі вызваліць калідор для паліцыі, пазьней яны штурхнулі журналістаў і пашкодзілі відэатэхніку. Да паліцыянтаў далучыліся і некалькі чалавек у цывільным, якія таксама пачалі штурхаць журналістаў, у прыватнасьці — апэратараў Гарыка Аруцюняна і Гарыка Азібекяна.
Гарыка Аруцюняна затрымала паліцыя і адвезла ў пастарунак, яго калега змог вярнуцца ў бюро армянскай службы Радыё Свабода, але яго тэхніку пашкодзілі, забралі карты памяці для відэакамэры, разьбілі саму камэру і разьбілі смартфон, на які журналіст спрабаваў зьняць відэа.
Афіцыйных камэнтароў ад МУС Армэніі пакуль няма, Радыё Азатуцюн спрабуе атрымаць тлумачэньні ад паліцыі аб такіх дзеяньнях.
У першыя гадзіны аўторка, 23 чэрвеня, армянскія паліцыянты ўжылі сілу і вадамёты для разгону дэманстрантаў на праспэкце Баграмяна ў цэнтры Ерэвана, якія прыйшлі пратэставаць супраць падвышэньня тарыфаў на электраэнэргію ў краіне. Паліцыя пасьля некалькіх «знакаў папярэджаньня» пачала сілай разганяць мітынгоўцаў, якія ўначы занялі вуліцу ў армянскай сталіцы, што вядзе да прэзыдэнцкага палаца. Паводле папярэдніх дадзеных, у выніку сутыкненьняў ёсьць траўмаваныя, паведамляюць пра некалькіх затрыманых.