У Ерэване паліцыя разагнала пратэстоўцаў

У першыя гадзіны аўторка 23 чэрвеня армянскія паліцыянты ўжылі сілу і вадамёты для разгону дэманстрантаў у цэнтры Ерэвана.

Паліцыя пасьля некалькіх «знакаў папярэджаньня» пачала сілай разганяць мітынгоўцаў, якія ўначы занялі вуліцу ў армянскай сталіцы, што вядзе да прэзыдэнцкага палацу.

Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку сутыкненьняў ёсьць траўмаваныя, паведамляюць пра некалькіх затрыманых, якіх паліцыя забрала ў пастарункі.

Паводле стану на вечар панядзелка гаворка ішла пра як мінімум 5000 чалавек, якія выйшлі на дэманстрацыю ў сталіцы Армэніі Ерэване супраць падвышэньня коштаў на электраэнэргію на 16 адсоткаў зь 1 жніўня.

Your browser doesn’t support HTML5

Разгон дэманстрацыі ў Ерэване

Прэзыдэнт краіны Серж Саргсян заяўляў пра гатоўнасьць сустрэцца з пратэстоўцамі, але толькі зь невялікай групай. Калі калёна актывістаў рушыла да прэзыдэнцкага палацу, дарогу ёй перакрыў кардон паліцыі. Таму людзі вырашылі проста сесьці пасярод вуліцы непадалёк і застацца там на ноч.

Актывісты сьцьвярджалі, што акцыі супраць падвышэньня коштаў на электраэнэргію праходзілі напярэдадні і ў іншых рэгіёнах Армэніі.

Армянская энэргетычная кампанія раней абвясьціла аб павышэньні тарыфаў на электраэнэргію і адзначыла, што гэты крок непазьбежны з-за імклівага абясцэньваньня валюты Армэніі.

Your browser doesn’t support HTML5

Паліцыя ўжыла сілу ў Ерэване