Сапраністка Надзея (Надзін) Кучар, салістка Пермскага тэатру опэры і балету, стала пераможцам Міжнароднага конкурсу опэрных сьпевакоў Бі-Бі-Сі ў Кардыфе.
У фінале конкурсу, які трываў увесь мінулы тыдзень, Надзея Кучар перамагла 19 сьпевакоў з усяго сьвету. Грашовая частка прэміі за перамогу ў гэтым конкурсе складае 15 тысяч фунтаў стэрлінгаў.
Міжнародны конкурс опэрных сьпевакоў Бі-Бі-Сі ў Кардыфе, мэтай якога зьяўляецца пошук «таленавітых клясычных сьпевакоў будучыні», адбываецца кожныя два гады. Упершыню быў праведзены ў 1983 годзе.
Надзея Кучар нарадзілася ў Менску ў 1983 годзе. У 2003 годзе з адзнакай скончыла Менскае музычнае вучылішча ім. Глінкі па спэцыяльнасьці «Музыказнаўства». У 2006 годзе стала ляўрэатам 1 прэміі конкурсу вакалістаў у рамках Міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа».