Украінскі ўцякач: «Ня ведаю, што павінна здарыцца, каб вярнуцца ва Ўкраіну»

Ілюстрацыйнае фота. Аграгарадодк на Меншчыне

З разьліку на 1 тысячу мясцовага насельніцтва Беларусь на першым месцы паводле колькасьці прынятых грамадзянаў Украіны. Каля 100 тысяч грамадзянаў Украіны прыехалі ў Беларусь для часовага пражываньня ад пачатку збройнага канфлікту — такія лічбы падае прадстаўнік Агенцтва ААН у справах уцекачоў у Беларусі Жан Іў Бушардзі.

Органы ўнутраных спраў Беларусі разгледзелі летась каля 800 хадайніцтваў замежных грамадзянаў аб наданьні статусу ўцекача, 75 адсоткаў хадайніцтваў — ад грамадзянаў Украіны. Паўтысячы такіх хадайніцтваў разгледжана ўжо сёлета, большасьць зь якіх — ад жыхароў паўднёвага ўсходу Ўкраіны.

У Гомельскай вобласьці перасяленцы з Украіны ўладкоўваюцца на пражываньне найперш у сельскай мясцовасьці, у так званых аграгарадках, дзе ёсьць праца і пустуючыя дамкі, пабудаваныя за кошт бюджэтнага фінансаваньня.

Ельскі раён, які мае 85 кілямэтраў супольнай мяжы з Украінай, прыняў да сябе тры з паловай сотні ўкраінскіх грамадзянаў.

У аграгарадку Скароднае пасяліліся пяць украінскіх сем’яў. 36-гадовы Уладзімер, бацька чацьвярых дзяцей, апавядае, што яго сям’я перабралася ў Беларусь з Марыюпалю год таму:

«У мяне сябра ёсьць ў Марыюпалі — я зь ім на маршрутцы кіроўцам працаваў. Бацькі ягонай жонкі жывуць у Кочышчах Ельскага раёну. Дык ён мне неяк жартам кажа: „Што ты тут участак для дома шукаеш — вунь едзь у Беларусь, там прэзыдэнцкая кампанія, даюць у вёсцы домікі, працу, грошы“. Я так падумаў паціху, прыкінуў. І тут якраз пачынаецца гэтая заварушка. Гляджу, што нічога добрага ня будзе. І мы з жонкаю прыехалі сюды ў выведку».

Уладзімер з Натальляй пабывалі ў Ельскім, Мазырскім раёнах — сапраўды, ёсьць калгасныя дамкі, ёсьць вакансіі. Асабліва прыглянуліся ім блізкае да Мазыра паселішча Козенкі.

Пераехала сям’я з хворай бабуляй у Беларусь у чэрвені мінулага году, калі ў Марыюпалі расстралялі мясцовы райаддзел міліцыі. Пасяліліся ў гатэлі ў Ельску. Аднак да таго часу вакансій у Козенках ня стала. За гатэль вялікай сям’і таксама было плаціць стратна. Уладзімер з жонкай зноў кінуліся ў пошукі — жытла і працы. Падмогай быў сьпіс паселішчаў, дзе патрабавалася працоўныя рукі, які ім прапанавалі ва ўправе сельскай гаспадаркі Калінкавіцкага райвыканкаму.

Уладзімер: «Давай ў людзей пытацца, каб дзе жытло знайсьці ў наём. Езьдзілі, езьдзілі — спынілся у Княжабор’і каля Ельску, невялічкая такая вёсачка. Спыніліся, знайшлі домік, у якім жыла старэнькая гаспадыня. Хата вялікая ў яе. Але, зразумела, умоваў ніякіх. У нас дзеці і бабуля ляжачая — уяўляеце, што гэта такое? Там ставок быў такі, дык мы ў ім усё мылі. І дома пральні хапала. Мы там тыдзень моцна кантаваліся. Бацькі жонкі зь дзецьмі заставаліся, а мы з Наташаю давай усюды езьдзіць. Нават у Бабруйск заехалі. Бо ў які калгас не заедзем — ужо ўзялі, ужо ўзялі. Едзем, глядзім: ага, вёсачка — заяжджаем. У адных ёсьць праца, але няма жытла, у іншых — ёсьць жытло, але няма працы. Поўны капец! Тэлефон кіраўніка сельгаспрадпрыемства Васіля Касенкі ў Скародным быў пры самым канцы. Едзем ужо з Бабруйску. Кажу Натальлі: «Ну тэлефануй хоць куды!» Час быў паабедзенны, бліжэй да канца працоўнага дня. Тэлефануе праз мабільнік у Скароднае, а ў адказ: «Ёсьць домік, прыяжджайце».

Так украінскія перасяленцы апынуліся ў Валаўскай Рудні, якая адносіцца да КСУПа «Скараднянскі». Уладзімер стаў працаваць даглядчыкам жывёлы, а Натальля пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Неўзабавае ў сям’і нарадзілася чацьвёртае дзіця — сын, якога назвалі Іванам.

У Ельскі раён пераехалі таксама на сталае пражываньне бацькі Натальлі і сем’і двух кумоў. Адны, праўда, перабралася неўзабаве ў Вілейскі раён, што на Меншчыне. Усе ж астатнія засталіся, працуюць у жывёлагадоўлі.

Тры тыдні таму Ўладзімер і Натальля пераехалі з Валаўскай Рудні ў аграгарадок Скароднае, каб жыць побач са сваякамі.

Зараз Уладзімер знаходзіцца ў адпачынку, а заадно даглядае жонку, якая пашкодзіла нагу. Кажа, што вяртацца назад ва Ўкраіну не зьбіраецца. Сям’я атрымала від на жыхарства. Большы сын уладкаваўся на фэрму, меншыя — у школе, у дзіцячым садку:

«Я ня ведаю, што павінна здарыцца, каб туды вярнуцца. Ні ў якім разе! У кумоў таксама няма жаданьня. Там жа кожны дзень бахаюць, страляюць. Паселішча Шырокіна там непадалёку — дык яго практычна зраўнялі зь зямлёю. А ў мяне тут грандыёзная будоўля вызначылася — хлеў трэба тэрмінова будаваць, бо жывёліны па сядзібе ходзяць. А другая праблема — гэта грошы, катастрафічна іх бракуе. Тыкаюся, мыкаюся — грошай няма. Дзіркі, як кажуць, усюды знаходзяцца. Можа, і я такі, што мне ўсё трэба. Куды ні павярніся, усюды трэба. Калі б, можа, прыйшоў, паеў і лёг спаць, то, пэўна, хапала б. А я тут і качак разьвёў, і курэй, і індыкаў. І карову займеў, і трусоў-зайцоў. Мне ўсё трэба. Тут дужа шчырыя людзі, і тут дужа файна».

Каля сарака сем’яў уцекачоў, у тым ліку зь дзясятак — з Данецкай ды Луганскай абласьцей, пасялілася ў суседнім з Украінай саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёну. Іх накіравалі ў розныя паселішчы аб’яднанай гаспадаркі. Адны ўладкаваліся на буйны сьвінакомплекс у Краўцоўцы, іншыя на малочнай фэрме ў Новай Гуце — даярамі альбо сьлесарамі. Але ня ўсё пажадалі тут заставацца. Апавядае кіраўніца мясцовай фэрмы:

«У нас зьехаў Міхееў. І Баярчук таксама зьехаў, у якога сямёра дзяцей — назад у Адэскую вобласьць, на радзіму сваю. Штосьці тут хварэць стаў моцна — схуднеў так. Канечне, і праца цяжкая. Засталіся ў нас: з Луганску сьлесар, і з Адэскай вобласьці двое хлапцоў, даярамі працуюць. Цяжка, па-першае. Да таго ж іх цягне на радзіму, гэтаксама, як і нас. Дзе ж жывеш, там і прывыкаеш».

Беларусь у рамках міжнародных абавязаньняў маецца прымаць украінцаў заўсёды. Паводле інфармацыі дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС, статус уцекача ў Беларусі хочуць атрымаць ня толькі прадстаўнікі рэгіёнаў Украіны, дзе ідуць баявыя дзеяньні, але й іншых абласьцей Украіны. Доля адмоваў складае 5-7 адсоткаў ад агульнай колькасьці хадайніцтваў. Аднак гэта не азначае, што перасяленцам нельга легальна атрымаць у Беларусі працу. Летась каля 20 тысячаў украінцаў атрымалі ў рэгіянальных управах па грамадзянстве і міграцыі спэцыяльныя дазволы, а з 1 студзеня 2015 году такія спэцдазволы займелі яшчэ 8352 грамадзянаў Украіны.