У Грэцыі ўкладчыкі банкаў за дзень забралі мільярд эўра

Грэцыя, Атэны - графіці, якое ілюструе мадыфікаваную банкноту даляра. 3 чэрвеня, 2015 году

Банкаўскія ўкладчыкі ў Грэцыі вывелі з банкаў за чацьвер больш як мільярд эўра, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў банках Грэцыі.

Агулам з панядзелка да чацьвярга было выведзена каля 3 мільярдаў эўра, што складае каля 2,2% дэпазытаў у грэцкіх банках паводле стану на канец красавіка. Як адзначаюць банкіры, грэкі выводзяць свае сродкі, асьцерагаючыся наконт будучыні краіны ў эўразоне. Напярэдадні Цэнтрабанк Грэцыі заявіў пра магчымасьці выхаду з эўразоны і нават з Эўразьвязу.

Як вядома, апошні раўнд перамоваў паміж Грэцыяй і міжнароднымі крэдыторамі, які праходзіў у нядзелю, завяршыўся няўдачай. Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас заявіў, што будзе чакаць, пакуль крэдыторы не пяройдуць да рэалізму. Раней прадстаўнікі эўразоны ўпершыню абмеркавалі магчымы дэфолт Грэцыі.