Двухсотгодзьдзе бітвы пад Ватэрлоо адзначаецца на гэтым тыдні ўрачыстымі цырымоніямі і гістарычнымі рэканструкцыямі.
Што здарылася ў 1815:
«СТО ДЗЁН»
Высланы на востраў Эльбу пасьля паразы папярэдняга году ад чатырох дзяржаваў — Аўстрыі, Расеі, Прусіі і Брытаніі — 26 лютага Напалеон уцякае. 20 сакавіка 1815 ён вярнуўся ў Парыж і вярнуўся на імпэратарскі пасад. Кароль Людовік XVIII, брат забітага рэвалюцыянэрамі ў 1793 Людовіка XVI, уцёк з краіны.
ПАХОД НА ПОЎНАЧ
Пакуль антыфранцускія саюзьнікі рыхтаваліся да наступу, Напалеон учыніў марш на поўнач, каб не дазволіць брытанцам і галяндцам пад камандаваньнем герцага Ўэлінгтана злучыцца з сіламі Прусіі. Ён перайшоў галяндзкую мяжу і раніцай 15 чэрвеня ўступіў разам з 105-тысячным войскам на тэрыторыю сёньняшняй Бэльгіі. 16 чэрвеня яго сілы разьбілі пад Ліньі прусакоў маршала Блюхера і змусілі салдатаў Ўэлінгтана адступіць да недалёкай мясцовасьці Катр-Бра.
КРЫВАВАЯ НЯДЗЕЛЯ
Раніцай у нядзелю 18 чэрвеня Ўэлінгтан разьмясьціў сваю 68-тысячную армію — 25 000 брытанцаў, 26 000 немцаў і 17 000 галяндцаў — у Ватэрлоо, за 20 кілямэтраў на поўдзень ад Брусэлю. Яны кантралявалі пазыцыі ў мясцовасьцях Угумонт у Ля Эй Сэнт, абарона якіх мела ключавое значэньне ў стрыманьні французаў.
У войску Напалеона засталося 72 000 чалавек пасьля таго, як ён выслаў маршала Грушы з 33 000 жаўнераў пераняць 45 000 прусакоў Блюхера. Затрымаўшыся з падрыхтоўкай да бою гарматы пасьля дажджу, які ліў усю ноч і ператварыў поле бою ў багна, Напалеон адклаў наступ да 11-тай гадзіны. Магчыма, гэта мела фатальны ўплыў на вынік бою, бо Блюхер пасьпеў уцячы ад Грушы і далучыцца да бою пад вечар, калі Ўэлінгтону ўжо здавалася, што ўсё страчана.
Крывавая бойня з ужыцьцём мушкетаў, гарматаў, шабляў і штыкоў на малой прасторы была жахлівай нават па мерках тых часоў. Французы страцілі 25 000 забітымі і параненымі, Ўэлінгтан — 15 000, прусакі — 8 000. «Паверце мне, нічога, апрача хіба што прайгранай бітвы, не бывае такім тужлівым, як бітва выйграная», — пісаў Ўэлінгтан.
НАСТУПСТВЫ
Напалеон уцёк у Парыж, адкуль зноў быў змушаны выправіцца ў выгнаньне, гэтым разам на далёкі востраў Сьвятой Алены на поўдні Атлянтычнага акіяну, дзе ён і памёр 51-гадовым праз шэсьць гадоў. Ўэлінгтану, «Жалезнаму герцагу», на момант бітвы пры Ватэрлоо было 46 гадоў. Пазьней ён стаў брытанскім прэм’ерам і памёр у пашане і славе ў 1852 годзе.
Венскі кангрэс перакроіў межы Эўропы і ўсталяваў раўнавагу сілаў, што, на думку гісторыкаў, дазволіла Эўропе пражыць без кантынэнтальных войнаў амаль цэлае стагодзьдзе — да 1914 году.
ЛІТВІНЫ ПАД ВАТЭРЛОО
У войску Напалеона былі і жыхары беларуска-літоўскіх земляў. У «Эскадроне Эльбы» ў складзе «Эльбскай арміі», якую пераможцы дазволілі Напалеону ўзяць з сабой у выгнаньне на востраў Эльба, служылі добраахвотнікамі 37 жаўнераў з Гарадзенскай, Віцебскай, Віленскай, Менскай і Магілёўскай губэрняў. Гэта былі маладыя, у веку 20-27 гадоў, але ўжо дасьведчаныя байцы, якія ўжо «панюхалі пораху» ў кампаніях у Гішпаніі, Нямеччыне, Расеі і Францыі, амаль усе — з дробнай шляхты.
Да лютага 1815 году эскадрон нёс гарнізонную службу і эскартаваў Напалеона ў паездках па востраве. У легендарнай эпапэі «Ста дзён» гэтае падразьдзяленьне было ў авангардзе арміі Напалеона, якая ішла на Парыж. Дачуўшыся неверагоднай навіны пра вяртаньне Напалеона ў Парыж, у Францыю прыбылі з Расейскай імпэрыі і далучыліся да эскадрону яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек зь беларуска-літоўскіх губэрняў. Усе яны бралі ўдзел і ў апошняй бітве Напалеона пад Ватэрлоо. Пра гэты малавядомы эпізод удзелу беларусаў у эўрапейскай гісторыі напісаў краязнавец з Калінкавічаў Уладзімер Лякін у кнізе «Белорусские солдаты Наполеона» (Мазыр, 2013).