«Мне чарку акавіты!», або Чаму Скарына ня меў моўнага бар’еру ў Эўропе

Чаму ў беларускай мове павінны быць сЭнсар і кансЭнсус? Бо 450 гадоў таму лацінская мова падказала нам, у чым сЭнс. Піша Вінцук Вячорка

Летась быў знакавы, але публічна не заўважаны, юбілей. Вось жа споўнілася 450 гадоў кнігадруку на лацінскай мове ў Беларусі і ў Вялікім Княстве Літоўскім.

У 1564 г. у Нясьвіжы выйшла друкам кніга "Antidotum contra articulos fidei novæ" (поўная назва, як тады было прынята, даўжэйшая: …а Sarnicio Varsaviae exhibitos, tamquam a novo papa; seu Antidotum contra Canones decretorum Sarnicki).

Лацінізм антыдот усе ведаюць з вайсковай ці мэдычнай падрыхтоўкі: проціатрута. Аўтар Gregorius Paulus Brzezinensis, або Грыгор Павал з Бжэзіны, што меў італьянскія карані, але прыехаў у Нясьвіж з Кароны Польскай, назваў кнігу “Антыдот супраць пунктаў новае веры” (…). Чарговая гарачая пратэстанцкая палеміка — антытрынітары супраць кальвіністаў, Бжэзінскі супраць Сарніцкага (іхныя погляды тут не разьбіраем, нагадаўшы, што ВКЛ у тую пару было прастораю рэлігійнае талерантнасьці й свабоды слова).

Фундатарам друкарні ў Нясьвіжы быў ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Чорны.

Сузаснавальнік друкарні – Сымон Будны. Ён за два гады да таго, у 1562-м, выпусьціў – тамсама – свой Катихисісъ па-беларуску.

Катэхізіс

І Будны пісаў лацінскія вершы ды палемізаваў па-лацінску, і зь ім палемізавалі, як Якуб Палеалёг у адмысловай кнізе "Liber de magistrate politico curante Simone Budnæo". Карацей, лаціна ў Нясьвіжы і ва ўсёй дзяржаве жыла і працьвітала. З гэтае прычыны 450 гадоў таму на ёй пачалі і кнігі друкаваць.

Але мы цяперашнія слаба ўсьведамляем, як моцна ў свой час паўплывала на нашую культуру беларуская лацінамоўная цывілізацыя. Дасьледнік новалацінскай літаратуры Алесь Жлутка слушна кажа: За гэтай заслонаю схаваныя сапраўдныя скарбы: сотні старадрукаў i манускрыптаў — гістарычных, філязофскіх, літаратурных, музычных. Багаты сьвет лацінскай пісьмовасьці Беларусі яшчэ i сёньня застаецца неспазнаным краем, аддзеленым ад сучаснасьці адмысловай заслонаю, бар’ерам мовы. Дадам — і замоўчваньнем гэтае зьявы з ідэалягічных прычынаў у часы Расейскай і савецкай імпэрыяў.

Ва ўсім вінаваты Міндоўг

Сярэднявечная лаціна прыйшла ў Вялікае Княства ў XIII — пачатку XIV ст.: на ёй складзеныя многія дакумэнты канцылярыі караля Міндоўга. Спачатку на гэтай мове міжнароднае дыпляматыі ды камунікацыі пісалі службоўцы-іншаземцы. Але з XV стагодзьдзя ў вялікакняскай канцылярыі зьяўляюцца бясспрэчна тутэйшыя людзі, якія валодалі лацінскай мовай: так, у 1440–1450 г. тут працавалі Сямён Сапега, Пузыр, Логвін.

Умацаваў пазыцыі лаціны ў дзяржаве прыход заходняга хрысьціянства, стварэньне кляштараў і аддзелаў ордэнаў. Але памылкова атаесамляць тагачасную лаціну вылучна з каталіцкаю царквою. Лаціна была міжнароднаю моваю навукі, абавязковым прадметам і доўгі час моваю выкладаньня ў школах і акадэміях незалежна ад канфэсійнай прыналежнасьці – ня толькі ў рыма-каталіцкіх, грэка-каталіцкіх і пратэстанцкіх, але і ў праваслаўных брацкіх. Скарына, як мяркуюць, вывучыў лаціну яшчэ ў Полацку, бо як бы ён пасьля пасьпяхова вучыўся ў Кракаве й Падуі. Наагул моладзь ВКЛ масава выяжджала па навуку ў Цэнтральную і Заходнюю Эўропу, а значыць, моўнага бар'еру ня мела.

* * *

Пра ролю лацінскае мовы, якою валодалі ўсе адукаваныя людзі ў старасьвецкай Беларусі, ужо напісана нямала. Пра мастацкую літаратуру Беларусі на лацінскай мове цяпер тэарэтычна ведае і школьнік — дзякуючы "Песьні пра зубра" Міколы Гусоўскага ў праграме (яе пераклалі Язэп Семяжон, Уладзімер Шатон, Натальля Арсеньнева). Але гісторыя нашае літаратуры ведае і іншыя вялікія лацінамоўныя паэмы. Гэта найперш "Пруская вайна" Яна Вісьліцкага, "Радзівіліяда" Яна Радвана, "Каралямахія" Крыштафа Завішы (Л. Боера), а таксама іншыя.

Каралямахія. Вільня, 1606. Прысьвячэньне Яну Каралю Хадкевічу, грапу на Шклове й Быхаве, герою Кірхгольмскай бітвы 1605 году.

Latinitas — гэта лаціншчына. Яе дасьледзінамі ў Беларусі займаліся і займаюцца па-добраму апантаныя знаўцы: Якуб Парэцкі, Віктар Дарашкевіч, Алесь Жлутка, Сяргей Кавалёў, Жанна Некрашэвіч-Кароткая (пераклала тры вышэйзгаданыя паэмы на беларускую). А Ўладзімер Шатон, адзіны перакладнік «Песьні пра зубра», што перадаў рытм і памер арыгіналу, даказваў існаваньне беларускага варыянту сярэднявечнай лаціны і адраджаў яе ў практыцы. Тут адсылаю цікаўных да агляду Ж. Некрашэвіч-Кароткай LATINITAS у гісторыі беларускай культуры: духоўны скарб продкаў, шлях да нашчадкаў.

Падам толькі некаторыя колькасныя зьвесткі пра найбольш прагрэсіўны на той час спосаб пашырэньня інфармацыі — кнігадрук. Іх сабрала віленская дасьледніца Дайва Нарбуцене. Зьвесткі пярэчаць пэўным стэрэатыпам.

Кніг на лацінскай мове ў ВКЛ толькі ў XVI–XVII ст. выйшла друкам, паводле Д. Нарбуцене, 1085 назваў. Амаль палова ўсёй кніжнай прадукцыі дзяржавы. Такім чынам, гаварыць пра суцэльную палянізацыю прынамсі ў гэтай сфэры не выпадае. Нават у XVII ст., калі, як здаецца, у Княстве запанавала моўная палянізацыя, кніг па-лацінску (865) надрукавана больш, як польскамоўных (818). З 1580 па 1650 г. штогадовы адсотак лацінскіх кніг ад агульнай колькасьці выдадзеных друкам складаў 45–75%.

Дынаміка выданьня кніг у Вялікім Княстве Літоўскім у 1560–1650 г. Дыяграма Дайвы Нарбуцене ● Агульная колькасьць кніг ■ Колькасьць кніг на лацінскай мове

Як і цяпер, выдавецкая справа тады канцэнтравалася ў сталіцы. У Вільні надрукавана 934 назвы, у Любчы 20, у Лоску (цяпер Валожынскі р-н) 10, у Нясьвіжы 4 (8?), у Слуцку 1. А ў XVIII стагодзьдзі па-лацінску выходзілі вялікімі — колькітысячнымі — накладамі навуковыя й навучальныя кнігі таксама ў іншых гарадох, напрыклад, у Полацку аж да закрыцьця царскімі ўладамі Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1820 г.

Каляфон (апошняя старонка з выдавецкімі зьвесткамі) збору эпітамэ і эпітафіяў Салямона Рысінскага. Любча, друкарня Пятра Бляста Кміты, 1614

Чвэрць кніг на лацінскай мове аўтарства грамадзянаў ВКЛ пасьпяхова друкавалася за мяжой — папулярнасьць працаў Казімера Семяновіча тое пацьвярджае.

«Artis Magnæ Artilleriæ pars prima» («Вялікага мастацтва артылерыі першая частка»). Амстэрдам, 1650

Паводле жанравай прыналежнасьці 45% выданьняў на лацінскай мове XV–XVII ст. — мастацкая літаратура (паэзія, прамовы і г. д.), у тым ліку тутэйшых аўтараў. 30% — рэлігійныя выданьні, у тым ліку палемічныя. Гуманітарным навукам прысьвечана 11,5%, дакладным (матэматыка, фізыка, астраномія) — 1,5% выданьняў.

Альбэрт Дыблінскі. Астранамічная сотня. Вільня, 1639

Такім чынам, лацінамоўны кніжны пласт абслугоўваў шырокі спэктар патрэбаў адукаванага грамадзтва, ня толькі рэлігійную сфэру (хаця ў старабеларускай мове бытавалі два значэньні слова лацінскі — і для мовы, і ў сэнсе ’каталіцкі’).

«Ужываньне лацінскае мовы ў канцы XV ст. замацавалася ў асноўных галінах палітычнага, рэлігійнага і культурнага жыцьця дзяржавы. І гэта, і ўсё больш багатыя і трывалыя сувязі дзяржавы з Заходняй Эўропай у XV–XVII ст. перадвызначылі вялікую колькасьць і разнастайнасьць лацінскага друку. Усе гэтыя акалічнасьці зьняпраўджваюць дасюль паноўнае ў гістарыяграфіі меркаваньне, што ў друку Княства ў пэрыяд, які нас цікавіць, дамінавалі выданьні на славянскіх (польскай і русінскай) мовах», — падсумоўвае Д. Нарбуцене («русінскай» у літоўскай навуцы прынята называць старабеларускую мову).

Польска-лацінская трасянка

Так карэктуецца стэрэатып наконт таго, якая мова ў XV–XVII стагодзьдзях канкуравала зь беларускай мовай у справаводзтве ды інтэлектуальнай прасторы нашае дзяржавы. Ня толькі польская, а нават ня гэтулькі польская.

Польская мова пачала разьвівацца як літаратурная пазьней за старабеларускую. Да XIV ст. суцэльных тэкстаў на польскай мове не было, у Польшчы панавала лаціна. Нездарма Ян Казімер Пашкевіч пісаў у вядомай эпіграме:

Польска квітне лацінаю,
Літва квітне рушчызнаю.
Бяз той у Польшчы не прабудзеш,
Бязь сей у Літве блазнам будзеш.
(1621)

Таму з Кароны і з каралеўскай канцылярыі ў Вялікае Княства прыходзіла найперш лаціна. А тэксты на польскай мове спачатку былі макаранічныя, г. зн. насычаныя ня проста пазычанымі з лацінскае мовы словамі, а цэлымі граматычнымі канструкцыямі й сказамі.

Вось фрагмэнт прывілею Аўгуста ІІ Моцнага праваслаўным жыхарам і сьвятарству «Беларусі і ўсяго Княства Літоўскага». Чырвоным тут пазначаныя жыўцом устаўленыя лацінскія выразы й сказы.

А гэта ж не XV ці XVІ стагоддзьдзе, а 1726 год, калі польская літаратурная мова ўжо добра разьвілася. Бачым своеасаблівую польска-лацінскую трасянку, якая перамяжаецца чыста лацінскімі абзацамі.

Таму лацінская мова ў Княстве была ўсюдыісная. Яна не магла не ўплываць на беларусаў усіх станаў, прычым безбалесна і непасрэдна.

Водар воцату

Пра злоснага начальніка інтэрнату, які сочыць за дысцыплінай студэнтаў, сьпявае «Крама»:

Камэндант — адзін са старых беларускіх лацінізмаў. У старабеларускай дзяржаўнай сыстэме гэта быў па-цяперашняму начальнік РУУС, судовы выканаўца або проста паліцыянт: Пасылалі камэндантаў у пагоню за чынам Уваравым, бо быў уцёк з турмы (1692 год).

Такіх старых лацінізмаў тысячы. Аркуш, атэстацыя, статут, трыюмфаваць і фундаваць, натура і колер, турбацыя і рацыя (вядома, у значэньні ’праўда’, а не расейскага скароту слова радыёстанцыя). Мы ня ведаем, як вымаўлялі свае словы антычныя рымляне. Але ў сярэднявечнай лаціне нормаю было цьвёрдае вымаўленьне бальшыні зычных перад гукам [е] (таксама мяккае l і шмат што іншае). У народных беларускіх лацінізмах зьберагаліся рысы такога вымаўленьня: акуляры, лямант, сэнс, вэлюм. Словы асвойваліся і набывалі некаторыя беларускія фанэтычныя рысы: цырымонія, цыдулка (запіска); водар і воцат ужываюцца зь беларускім прыстаўным в-. Такія важныя словы, як кварта — аб’ём вадкасьці — і акавіта ад aqua vitæ — жыцьцядайная вада, то бок гарэлка (у прыватнасьці, настойка), — таксама рымскага паходжаньня:

Да ўпала я ў дзела,
Цела маё ўпацела,
Гарэлачкі захацела,
Гарэлачкі-акавітачкі
Для мяне працавітачкі.
(слоўнік Насовіча)

Літара э ў кірыліцы — інавацыя беларускіх кніжнікаў, але ў старабеларускай практыцы ўжывалася непасьлядоўна. У значэньнях сучасных е і э з канца XV ст. пасьля зычных часьцей пісалася е. Але да нас дайшлі напісаньні э пасьля зычных у лацінізмах: апэлеваті, апэляцыя, вэтоваті (ад veto), комэта, пэрсуна; Вэрона, Нэаполь, Пэрс; Вэнус ’Вэнэра’ і ’пачуцьцёвасьць’ (Атыля... быў ... барады рэдкае, носу закрыўленага, паходу гордага, да вэнуса вельмі склонны. Гісторыя аб Атыле, каля 1580.)

Ведала старабеларуская мова і комэдыю. Гэта грэцызм, але прыйшоў ён праз лацінскую мову і студэнцкія тэатральныя пастаноўкі. У народнай мове камэдзія ці кумэдзія, камэдны, камэдзіць ’гарэзаваць, жартаваць’, камадыяніцца ’вычварацца’.

Наагул жа народна-дыялектная мова падказвае, у якім гукавым абліччы прыходзілі лацінізмы. Messias гэбраізм, які прыйшоў у старабеларускую мову праз лацінскую і пісаўся месіяшъ. А ў сучаснай народнай мове знойдзем «масіяш»:

масіяш — дападлівы. Ад масіяша нідзе праходу німа ні ўдзень ні ўначы (Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна). Мяне, як не па ўзросту хітрага і зь языком, як памяло, звалі Масіяш (Пётра Садоўскі, Полаччына). Гэтае ма- сьведчыць, што слова запазычвалася зь цьвёрдым [м] — [мэ], а потым [э] не пад націскам пераходзіць у [а], як у словах сакрэт і сакратар, момант (у гаворках мамэнт).

«Ці помніш ты, Ганна, шчасьлівы мамэнт?..» — пачынаецца Коласаў верш, пакладзены на музыку І. Лучанком.

Як мамэнт — так і аргумэнт, і дакумэнт, і цэмэнт. (Мент ня з гэтага шэрагу!)

Іван Насовіч, які ня надта сымпатызаваў палянізмам, у той жа час сумленна фіксаваў народныя лацінізмы: сэдасік — донца ў кілішка; сэрыё — сярдзіта, сувора; сэрыя — сярдзіты твар. Шлях лацінізмаў з кніжнае навукі ў штодзённае жыцьцё беларусаў Насовіч паказаў на яскравым прыкладзе:

Сэмпітэрня. От лат. sempiternus — всегдашний. Задница, как бы всегдашняя ответчица за шалости и леность (слово перешедшее от школьников к простому народу). Усыпалі ў сэмпітэрню дзясяткі два, няхай носіць здароў.

Як бачым, для такога важнага пазычаньня з урачыстае мэталічнае лаціны зусім не спатрэбілася польскае пасярэдніцтва. І [сэ-] тут зь цьвёрдым зычным гукам. Аналягічна сэсіі або ўнівэрсытэту.

Агульны калодзеж. Казьлёначкам ня станеш

У беларускім савецкім мовазнаўстве доўга было прынята лічыць, што словы лацінскага, германскага, іншага заходнеэўрапейскага паходжаньня прыходзілі ў старабеларускую мову вылучна праз пасярэдніцтва мовы польскай.

Пры гэтым ня браліся пад увагу ані беларуска-нямецкія гандлёвыя і палітычныя кантакты пачынаючы з Полацкай эпохі, ані паўнацэнная прысутнасьць лацінскае мовы ў інтэлектуальным і дзяржаўна-праўным жыцьці Вялікага Княства. Але ўсё гэта было, а значыць, былі і шляхі для наўпроставага запазычваньня.

Калі ўжываньне польскае ці расейскае мовы няўхільна вядзе да адмовы ад свае моўнае ідэнтычнасьці, то лацінская мова ў тыя часы — нічыя і ўсіхная, агульнаэўрапейская. Яе ўжываньне не падрывала нічыёй, у тым ліку беларускай, тоеснасьці.

Асобны шлях

У Расейскай імпэрыі толькі ў XVIII ст. кнігі па-лацінску пачала друкаваць Акадэмія навук. Лацінізмы ў расейскую мову пранікалі позна, або праз пасярэдніцтва беларускай і ўкраінскай, або наўпрост з кніг. Таму яны не захоўвалі гукавога аблічча першаўзору.

Адсюль у сучаснай расейскай літаратурнай мове вымаўленьне лацінізмаў непасьлядоўнае — нават у аднакаранёвых і падобных словах. Напрыклад, вымаўляць [т] у словах термин, текст, аттестат патрабуюць мякка, як «те», а ў словах тенденция, терция, тембр, тест (хоць ён аднакаранёвы аттестату), — цьвёрда, як «тэ».

Або яшчэ:

[э]: секста, секс, сенсуализм, сентенция, септический, экземпляр, экзема, инертный.

[’е]: секстет, сексология, сенсация, сенсорный, сепаратор, секция, серия, экзекуция, инерция.

(Крыніцы — «Словарь ударений» Разэнталя і «Орфоэпический словарь», прычым і паміж імі няма поўнай адпаведнасьці.)

Бессэнсоўная сенсацыя

На жаль, бессыстэмнасьць расейскага вымаўленьня лацінізмаў мэханічна пераносіцца ў афіцыйны правапіс беларускае мовы: паводле яго, трэба пісаць экзекуцыя, але экзэмпляр і экзэма. Музычныя інтэрвалы — секста, але сэптыма. Сэнс, але сенсар і сенсацыя. Сэпсіс, але антысептык. (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 1996).

У дапаможнiках з «афiцыйнага» ваpыянту лiтаpатуpнае мовы асобнага pазьдзелу пpа вымаўленьне й пpавапiс зычных у запазычаньнях папpосту няма, г. зн. не заўважаны велiзаpны коpпус лексыкi й не пpадугледжаны спосаб адаптацыi наступных запазычаньняў. Вось як разьбіраецца цяперашні афіцыйны правапіс з гэтай праблемай:

Літара /э/ ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля /з, с, н/ пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы /капэ’ла, сурвэ’тка, экзэмпля’р, маянэ’з, тунэ’ль, сэ’рвіс, інтэрнэ’т/ пішуцца з літарай /э/, а словы /меда’ль, ме’неджмент, не’рвы, парла’м//ент, перспекты’ва, газе’та, серві’з/ — з літарай /е/. (...)У запазычаных словах, адзначаных у пунктах 2 і 3 гэтага параграфа, напісанне /э, е/ вызначаецца па слоўніку.

Зразумець лёгіку і вывучыць гэтае «правіла» (а яно закранае дзясяткі тысячаў словаў) немагчыма. Гэта спадчына савецкай традыцыі, пачынаючы з 1933 году. Кадыфiкатаpы «паpазытавалі» на pасейскай мове, якая мела наўпеpад асвоiць усе магчымыя запазычаньнi, каб потым зь iх ужо ў зpусыфiкаваным аблiччы магла скаpыстаць мова белаpуская.

Праблема для афіцыйнага правапісу крыецца і ў перадачы ўласных імёнаў . Алесь Жлутка ў рэцэнзіі на беларускі пераклад «Прускае вайны» слушна заўважае: «...Цяжкасьць паўстае пры перадачы лацінскіх ненаціскных о, е, калі па-беларуску ў гэтай пазыцыі паводле сёньняшніх артаграфічных правілаў павінна было б дзейнічаць аканьне/яканьне. Так, ... побач з больш частаю формаю Вергілій сустракаем i варыянт Вяргілій (35), а таксама Непт, Пелід, але Няптун (...) Магчыма, часткова вырашыць праблему можна было б, пасьлядоўна перадаючы лацінскае е беларускім э, не зьмякчаючы папярэдняга зычнага (апрача пазыцыі пасьля зычных l i g),напр. Вэргілій, Нэпот, Пэлід, пар. у перакладзе Карнэлій».

Сэнсоўны кансэнсус

Калі беларуская мова ізноў станавілася літаратурнай, для аўтараў і граматыстаў не было пытаньня, як пісаць лацінізмы. Сэнс і сэкунда, фэст і прафэсія, камэта, мэта (дарэчы, вярнуў у літаратурную мову Дубоўка) і мэтро, якое паходзіць ад лацінскага metropolitanus ’сталічны’. Русыфікатары 1933 году без тлумачэньняў скасавалі вымаўленьне накшталт унівэрсытэт ці мэтодыка, не пасьмеўшы, аднак, пераправіць такія ўкарэненыя ў гаворках словы, як сэнс ці мізэрны. Але жыцьцё вяртае незаслужана адпрэчанае. Скажам, слова кампутар па-беларуску перамагае англа-русізм камп’ютар ня толькі таму, што першае лягчэй вымаўляць, але і таму, што генэтычная памяць падказвае: быў у нас лацінізм кампут, што значыць рахунак, вылічэньне.

Computus Ecclesiasticus. Аўгсбург, 1609.

Клясычны белаpускi пpавапiс i вымаўленчая ноpма імкнуцца да захаваньня, дзе магчыма, гукавога аблiчча зычных у пазычаньнях з эўрапейскіх моваў. (Не забываймася, што Тарашкевіч паводле адукацыі клясычны філёляг.) Памякчэньне зычных у белаpускай мове часам pадыкальна мяняе iхную пpыpоду (д > дзь, т > ць, з > зь, с > сь), і дзеля гэтага бальшыня зычных у пазычаньнях захоўваюць цьвёpдасьць.

Падобным чынам у пазычаньнях з новых заходніх моваў: Рэнэсанс, сэрвіс.

І не выпадае нам падладжвацца пад усходніх суседзяў, вымаўляючы й пішучы сенсар, бо маем у народнай мове здаўна ўзяты з лацінскай першакорань — сэнс. Таму сэнсар. І кансэнсус.

Upd. Дзякую @liashkom за ўдакладненьне: сапраўды, нядаўна ў афіцыйным правапісе прыйшлі-такі да напісаньня сЭнсар. Але іншыя аднакаранёвыя з сЭнсам лацінізмы пакінулі ў расейскім афармленьні: сЕнсацыя, сЕнсібілізацыя, сЕнсуалізм.