Расейскі генштаб плянаваў акупаваць палову Ўкраіны за 15 дзён

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны апублікаваў пляны расейскіх генэралаў акупаваць левабярэжную Ўкраіну.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка напісаў у Фэйсбуку:

Антон Герашчанка

«У красавіку 2015 году Генштаб Расейскай Фэдэрацыі зацьвердзіў чарговы працоўны плян па захопе левабярэжнай Украіны. Нарада па зацьвярджэньні гэтага пляну праходзіла 8–9 красавіка ў Санкт-Пецярбургу ў штабе Заходняй вайсковай акругі».

Паводле інфармацыі Антона Герашчанкі, на захоп усёй левабярэжнай Украіны паводле пляну Генштабу РФ адводзіцца ўсяго 15 сутак. Мэта — хуткі захоп кантролю на тэрыторыяй і камунікацыямі, без захопу буйных гарадоў і абласных цэнтраў.

«У адпаведнасьці з плянам батальённа-тактычныя групы рэгулярнай расейскай арміі, аб’яднаныя ў групу войскаў „Поўнач“, павінны будуць уварвацца на тэрыторыю Ўкраіны ў два этапы, — спачатку ў Харкаўскую і Данецкую вобласьці, а затым у Палтаўскую, Кіеўскую і Чарнігаўскую», — напісаў Герашчанка.

Ён адзначыў, што ўварваньне плянуюць па старой звычцы маскіраваць пад наступ «апалчэнцаў» ЛНР/ДНР, якія назапасілі сілы і хочуць аднавіць канстытуцыйны парадак ва Ўкраіне безь вяртаньня Віктара Януковіча.

«Плян захопу левабярэжнай Украіны да Дняпра дэталёва расьпісаны ў дакумэнце „Даклад рашэньня на прымяненьне групоўкі войскаў „Поўнач“ у спэцыяльнай апэрацыі“, які мае грыф „цалкам сакрэтна“, і ў Тлумачальнай запісцы да гэтага пляна», — адзначыў Антон Герашчанка.

«Разам з гэтымі асноўнымі стратэгічнымі дакумэнтамі да нас у рукі трапіў камплект тэхнічных дакумэнтаў, у якіх расьпісаныя пункты нанясеньня ўдараў, высадкі дэсантаў, пералікі захопаў стратэгічных аб’ектаў і камунікацыяў», — напісаў саветнік міністра. Пры гэтым ён адзначыў, што «адной з груп стратэгічных аб’ектаў, якія паводле плянаў Генштабу РФ трэба захапіць і не руйнаваць, зьяўляюцца кампрэсарныя станцыі магістральных газаправодаў, па якіх пакуль яшчэ працягваюцца пастаўкі газу з РФ у Эўропу».

Акрамя гэтага, Антон Герашчанка адзначыў, што плянаваліся дзеяньні па дыскрэдытацыі ўкраінскіх вайскоўцаў. «Або, кажучы простай мовай: плянуецца прыстрэліць некалькі дзясяткаў жыхароў акупаванага ўкраінскага Данбасу, зьняць гэта на фота і відэа і зваліць усё гэта на дзеяньні ўкраінскага боку», — адзначыў Антон Герашчанка, паведамляе агенцтва УНІАН.

Паводле інфармацыі Антона Герашчанкі, аналягічны плян распрацаваны камандаваньнем Паўднёвай вайсковай акругі РФ. Мэта Паўднёвай групы войскаў — удар на Запарожжа і Мелітопаль праз раён Бярдзянску і Марыюпаля і выхад да Перакопскага перашыйку, каб адкрыць сухапутныя шляхі зносін з Крымам.

Добраахвотнікі групы праекту «Міратворац» займелі гэтыя сакрэтныя дакумэнты расейскага Генштабу ў ходзе шматхадовай спэцыяльнай апэрацыі, за якую яны ня просяць узнагародаў ад дзяржавы", — напісаў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны.

Пазнаёміцца з дакумэнтам можна тут.