У Менску пачаліся кансультацыі па сытуацыі ў Данбасе

«Прэзыдэнт-гатэль» у Менску, дзе праходзяць сустрэчы працоўных падгрупаў па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны

Засядаюць тры працоўныя падгрупы з чатырох. А 16-й чакаецца пачатак пасяджэньня Трохбаковай кантактнай групы.

У менскім «Прэзыдэнт-гатэлі» пачаліся пасяджэньні трох працоўных падгрупаў па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Сустракаюцца падгрупы па палітычных пытаньнях, па гуманітарных пытаньнях і па бясьпецы, паведамляе ў твітэры МЗС Беларусі. Перамовы праходзяць у закрытым для прэсы рэжыме.

Чакаецца, што па выніках пасяджэньняў падгрупаў пачнуцца перамовы Трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЭ — Расея) з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

У сустрэчы возьмуць удзел Гайдзі Тальявіні (спэцпрадстаўніца АБСЭ, якая заявіла пра адстаўку, але яшчэ дапрацоўвае на сваёй пасадзе да прызначэньня на яе новага дыплямата), Леанід Кучма (прадстаўнік Украіны), Азамат Кульмухаметаў (прадстаўнік Расеі).