20 незвычайных фактаў пра Кастуся Каліноўскага

Ён першы сярод беларускіх дзеячоў, хто адкрыта заявіў — Беларусь павінна быць самастойнай. Лічыў, што лепей скончыць свой век на шыбеніцы, чым здрадзіць сябрам. Піша Васіль Дэ Эм.

Ён першы сярод беларускіх дзеячоў, хто адкрыта заявіў — Беларусь павінна быць самастойнай. Жыў паводле філязофіі: лепей скончыць свой век на шыбеніцы, чым здрадзіць сябрам і ўласным перакананьням. Як сапраўдны рамантык хацеў бачыць беларусаў такімі, якім быў сам: сьмелымі, самаахвярнымі, эмацыйна адкрытымі, прынцыповымі, артыстычнымі, свабоднымі. Герой нашых 20 незвычайных фактаў — Кастусь Каліноўскі.

1. Лічыў што шляхта павінна быць зьнішчаная

«...перадусім нам трэба зьнішчаць гэтую гнілую і гангрэнозную касту, якую называюць дваранствам»; «Паўстаньне мае быць чыста народным — шляхта, паколькі з намі не пойдзе, няхай гіне — тады сялянская сякера не павінна спыніцца нават над калыскай шляхецкага дзіцяці».

2. Быў абураны тым, што сяляне дапамагаюць расейскім войскам лавіць паўстанцаў

«За вашую долю кроў праліваюць справядлівыя людзі, а вы — як тыя Каімы да Юды Скарыёты — добрых братоў прадавалі ворагам вашым! (...) якім вы правам сьмелі памагаці маскалю ў нячыстаму дзеле?! (...) Вы скажаце, што гэта рабілі паняволі, — но мы людзі вольныя, нямаш у нас няволі! а хто з вас хоча няволі маскоўскай — таму мы дамо шыбеніцу на галіну!».

3. Не цярпеў пярэчаньняў

Адзін зь лідэраў партыі «белых» Якуб Гейштар адзначае: «Гарачы, нястрыманы і прасякнуты крайнімі прынцыпамі, ён не любіў пярэчаньняў (...) не любіў апазыцыі, а таму акружаў сябе людзьмі, якія сьлепа зь ім згаджаліся»; Ежы Кучэўскі-Порай успамінае: «Каліноўскі пярэчыў супраць усяго, ня даў нікому гаварыць, дык мы папрасілі яго, каб дазволіў нам спачатку паразумецца паміж сабой, а потым ужо зь ім разам»; ветэран рэвалюцыйнага руху Апалін Гофмейстар дадае: " [Каліноўскі — В. Д. М.] вельмі быў рады, што я ня лезу ні ў якія яго загады...«.

4. Сварыўся з мачахай

Бацька Каліноўскага Сымон успамінаў: «Сын мой, (...) як прыехаў у 1861 г. зь Пецярбургскага ўнівэрсытэта дамоў, пачаў сьпярша дапамагаць мне па гаспадарцы, пасьля, пасварыўшыся са сваёй мачахай [маці Каліноўскага Вераніка памерла, калі хлопчыку было 5 год — В. Д. М.], аб’явіў мне, што хоча шукаць сабе месца...».

Афіша да фільма Уладзіміра Гардзіна "Кастусь Каліноўскі", 1928 г.

5. Марыў пра незалежнасьць Літвы (Беларусі)

Адзін з паўстанцаў Валеры Пшыбароўскі пісаў: «...ён быў адным з галоўных прыхільнікаў і папулярызатараў сэпаратысцкіх літоўскіх памкненьняў і не адзін раз выказваўся на сваёй сакавітай народнай мове, што «дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёсы Літвы»; «Канстанцін Каліноўскі (...) настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасьці Літвы»; «...Літва (...) павінна выкарыстаць разлад паміж Расеяй і Польшчай і зрабіцца самастойнай».



6. Калі зь ім не згаджаліся — гатовы быў ужыць зброю

«...Францішак [Далеўскі — В. Д. М.]... пераходзь да нас! Цудаў даб’емся, калі ты нас зразумееш, калі будзеш з намі! Тваёй галавы, твайго сумленьня нам не хапае! (...) Маўчыш! Значыць, не? Знаю цябе, ня пойдзеш за намі, выходзіць — супраць нас! Калі так, дык ведай жа — я сам цябе тут у тваім уласным доме сярод тваіх блізкіх прыкончу кінжалам!».

7. Быў праціўнікам праваслаўя

«Ні адзін ужэ можэ забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжэ ня спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве бязь веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!! (...) хто не пяройдзе на унію, той, як сабака, здохне, той на тамтам сьвеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!».

8. Называў Мураўёва «згрыбелым еўнухам» і «распусьнікам»

«...згрыбелы еўнух ліхадзейства (...) гэты зьбеглы з галер распусьнік... кідаецца ў сваім бяссільлі».

Граф Мураўёў

9. Запалохваў і шантажаваў шляхту

Дробны чыноўнік Эразм Заблоцкі ўспамінаў: «...калі я (...) адмаўляўся ад пасады камісара, то Каліноўскі сказаў мне, што ў такім выпадку ён аддасьць мяне ў рукі законага ўраду (...): «Не, брат, цяпер ня час аднеквацца, калі замежныя краіны вядуць перамовы (...) у нашу карысьць, а вы, баязьліўцы (...) хочаце даць Расеі сродак упэўніць іх, што у нас толькі дзіцячыя гульні, як яно і ёсьць, і няма сапраўднага патрыятызму. Я вас усіх бачу, а таму раблю так, каб прымусіць служыць Жонду Нарадоваму і такім чынам упэўніць замежны ўрад, што патрыятызм у нас існуе».

10. Прысутнічаў амаль на кожным публічным павешаньні

Якуб Гейштар пісаў: «Ён, якога пільна шукалі, на кожную экзэкуцыю прыходзіў да Дамініканскіх брам, бачыў тых, каго вялі на сьмерць, і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліны ня страціў энэргіі».

11. Наводзіў страх сваёй патрабавальнасьцю і строгасьцю

Расейскі гісторык Васіль Ратч адзначаў: «...усюды па папярэднім загадзе быў для яго прыгатаваны экіпаж, расстаўленыя коні, мясцовыя ўлады арганізацыі павінны былі сустракаць яго на межах сваіх земляў і праважаць у дарогу. За самы дробны недагляд у аказаньні належнай пашаны ён, не саромеючыся суровых словаў, рабіў заўвагі, і праезд рэвалюцыйнага кіраўніка Гродзенскага ваяводзтва пакінуў пасьля сябе агульны страх»; паўстанец Юльян Ягмін дадае: «Зараз жа ў нас паднялася мітусьня, чыстка і папраўка амуніцыі (...) Акуратна ў прызначаную гадзіну пад’ехала брычка і ў ёй нейкі пан (...) у вялікіх ботах, з рэвальвэрам і кінжалам за поясам, ён быў росту вышэй сярэдняга, шыракаплечы, сутулы, буйныя рысы твару з маленькай бародкай мелі нешта нахабна-дзёрзкае... ».

Паўстанцы

12. Быў ворагам царызму, але не рускага народа

«Народ маскоўскі скаланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам быць жадае і адказнасьць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю рашуча ўскладае на гатовы сканаць царызм».

Карціна Пётры Сергіевіча ""КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ І ВАЛЕРЫ ЎРУБЛЕЎСКІ РОБЯЦЬ АГЛЯД ПАЎСТАНЦАЎ""

13. Хварэў на эпілепсію

У лісьце да рэктара Пецярбургскага ўнівэрсытэту Пятра Плятнёва Каліноўскі пісаў: «Гадоў некалькі таму мяне спасьцігла падучая хвароба. Я зьвяртаўся да шматлікіх дактароў, але без усялякай карысьці (...) Пазбаўлены ўсіх сродкаў (...) я маю гонар пакорна прасіць (...) аб прызначэньні мне (...) 30 руб. на маё лячэньне». На дакумэнце была прыпіска ад інспэктара А. Фіцтум фон Экстэдт: «Студэнт Каліноўскі сапраўды хворы, (...) і за выдатныя паводзіны цалкам заслугоўвае ўвагі». 30 рублёў выплацілі.

14. Не рызыкаваў жыцьцямі шматдзетных паўстанцаў

Калі было прынята рашэньне забіць віленскага маршалка і актыўнага супрацоўніка з маскоўскімі ўладамі Аляксандра Дамейку, і зьявіўся чалавек гатовы зьдзейсьніць прысуд, то Каліноўскі забараніў яму гэта рабіць, бо ў гэтага добраахвотніка: «...жонка і некалькі чалавек дзяцей, а ў нас для выкананьня выракаў ёсьць жандары».

Помнік паўстанцам (вёска Маховічы) 1863 г.

15. Меў гіпнатычнае ўзьдзеяньне на ўдзельнікаў паўстаньня

Паводле яго паплечніка Юзафа Каліноўскага: «...Я бачыў у ім чалавека рашучага, знаходлівага, які ўсёй сваёй дзейнасьцю і ахвярнасьцю (...) якбы папракае іншых у баязьлівай асьцярожнасьці і слабасьці. Сама небясьпека яго палажэньня, ператварала яго ў своеасаблівага волата і магла прыцягваць да яго іншых (...) Сваёю знаходлівасьцю і самаадданасьцю ён узбуджаў іншых; кажучы шчыра, я сам захапіўся гэтым бокам яго дзейнасьці...».

Уладзімір Крыловіч у ролі Кастуся Каліноўскага з аднайменнага спэктаклю Я. Міровіча, 1923 г.

16. Стваральнік першай беларускай газэты на роднай мове — «Мужыцкай праўды»

Юзаф Каліноўскі адзначаў: «...друкаванае слова было заўсёды яго слабасьцю, ён надаваў яму нейкае асаблівае значэньне».

17. Хацеў служыць у віленскага генэрал-губэрнатара Уладзіміра Назімава

«Скончыўшы курс навук у імпэратарскім С.-Пецярбургскім унівэрсытэце са ступеньню Кандыдата і жадаючы паступіць на службу, маю гонар пакорна прасіць Вашу высокасьць даць мне магчымасьць служыць пад мудрым кіраўніцтвам Вашай высокасьці». Пад час паўстаньня пісаў пра Назімава так: «Генэрал Назімаў столькі ж зрабіў для супакаеньня краю, колькі генэрал Мураўёў для распачынаньня ў ім бунту».

18. Яго выдаў паўстанцкі камісар Магілёўскага ваяводзтва Вітальд Парфіяновіч

Паводле Аляксандра Маслова, чыноўніка з канцылярыі Мураўёва, гэты Парфіяновіч быў: «...малады чалавек, выдатна абазнаны ва ўсіх таямніцах галоўных дзеячоў бунту. Палкоўнік Лосеў (...) абяцаў яго памілаваць, калі той дапаможа следзтву. Малады арганізатар паведаміў (...) і само месцазнаходжаньне Каліноўскага, зь якім ён быў у блізкіх стасунках. [Парфіяновіч апісаў — В. Д. М.] прыкметы Каліноўскага [і паведаміў, што — В. Д. М.] ён пражывае з фальшывым пашпартам гарадзенскага двараніна Вітальда Вітажэнца ў Сьвента-Янскіх мурах [у Вільні — В. Д. М.]».

19. Пад час допытаў Каліноўскі адмовіўся называць імёны сваіх таварышаў, усяляк стараўся адвесьці ўвагу сьледчых ад сваёй каханай Марыі Ямант і яе сям’і

«...не бываў у доме Ямантаў, (...) акрамя маладога Іосіфа Яманта, нікога ня ведаю»; «Выпрацаваўшы працай і жыцьцём разуменьне, што (...) шпіёнства апаганьвае чалавека (...) я палічыў неабходным заявіць Сьледчай Камісіі, што ў яе допытах наконт асобаў, якія ёй называюцца, я (...) павінен быць стрыманы ў сваіх паказаньнях (...) Прычыны і наступствы мною добра абдуманы (...) Мой гонар, годнасьць і тое становішча, якое я займаў у грамадзтве, не дазваляюць мне зрабіць іначай».

20. Не баяўся сьмерці, а шыбеніцу параўноўваў з укрыжаваньнем

За некалькі месяцаў да арышту пісаў: «Маскалі (...) пад рознымі прозьвішчамі шукаюць мяне ў Вільні (...) то праз вакно на дах, то іншымі спосабамі заўжды шчасьліва высьлізгваю зь іх рук. Бог нада мной апякуецца, а калі прыйдзецца павіснуць, то хай гэта будзе на пацеху усім літоўскім панам і прасьветлай Маскве»; «І шыбеніца сталася сёньня тым, чым быў крыж, калі Хрыстос зрабіў яго знакам збавеньня — яе асьвяцілі нашыя героі...».