Старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра падчас выязной канферэнцыі ў Крупскім раёне заявіў, што Дзяржынск, Заслаўе і Фаніпаль больш не разглядаюцца як стратэгічныя пункты для забесьпячэньня кватэрамі менчукоў.
Паводле чыноўніка, раней плянавалася, што сталічнымі гарадамі-спадарожнікамі будуць шэсць населеных пунктаў — Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы і Фаніпаль. Аднак, як высьветліла экспэртная камісія, у Дзяржынска, Фаніпаля і Заслаўя няма магчымасьцяў ствараць працоўныя месцы побач з тэрыторыяй пражывання і разьвіваць сацыяльную інфраструктуру.
Такім чынам, прынамсі жыхары Фаніпаля могуць адзначыць лякальную перамогу. Радыё Свабода паведамляла, што ў сярэдзіне красавіка тут адбыўся стыхійны сход мясцовых жыхароў: людзі абураліся намерам уладаў пераўтварыць колішняе мястэчка ў паказальны сталічны «апэндыкс», зруйнаваўшы прыватны сэктар і збудаваўшы на гэтым месцы шматпавярховыя дамы. Адметна, што пра такія пляны бальшыня фаніпальцаў даведаліся выпадкова.
Згодна з Генэральным плянам пэрспэктыўнага выкарыстаньня тэрыторыяў «спадарожніка», зносу падлягала цэнтральная частка Фаніпаля, дзе сканцэнтраваная прыватная забудова. Агулам — блізу 250 дамоў пры вуліцах Чыгуначнай, Купалы, Камсамольскай, Леніна і некаторых іншых — раёне, які лічыцца гістарычным, бо менавіта адсюль разрастаўся ўшыркі будучы горад. Пэрспэктыва ўбачыць на іх месцы «бэтонныя каробкі» тутэйшых жыхароў абурыла.
Your browser doesn’t support HTML5
Выглядае, што пратэст супраць зносу прыватных пабудоваў і ўзьвядзеньня на іх месцы шматкватэрных дамоў усё ж быў пачуты. Прынамсі Генэральны плян разьвіццьця Фаніпаля накіраваны на перапрацоўку, усхваляваных гаспадароў просяць не турбавацца.
На гэты момант абласныя ўлады плянуюць будаваць кватэры для сталічных жахароў у Смалявічах, дзе першы жылы дом ужо стаіць. Гэтаксама будзе актыўна асвойвацца Рудзенск, якому ў будучым наканавана стаць галоўным горадам-спадарожнікам Менска.