5 вэрсіяў таго, чый бесьпілётнік зьбілі вайскоўцы над Мсьціслаўскім раёнам

Фота tut.by

28 траўня ў небе над Мсьціслаўскім раёнам быў зьбіты невядомы бесьпілётнік. Чый гэта апарат?

Пра зьбіты бесьпілётнік паведаміў сьведка, які назваўся Валянцінам. Паводле ягонага расповеду, 28 траўня непадалёк ад вёскі Картыжы Мсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці у небе зьявіўся «невялікі самалёцік». «Спыніўся паназіраць за палётам і ўбачыў проста над самалётам успышку, а потым пачуў гук, „як падчас салюту“. Самалёт перакуліўся ў паветры і ўпаў непадалёк ад лесу», — апісвае інцыдэнт са словаў сьведкі партал tut.by. Празь некалькі хвілін Валянцін наблізіўся да апарата і пераканаўся, што гэта бесьпілётнік, прычым без апазнавальных знакаў. Прыкладна праз 10 хвілін, паводле Валянціна, прыехалі беларускія вайскоўцы на двух аўтамабілях — на «ўазіку» і «Ўрале». «Яны ачапілі месца падзеньня і пачалі распытваць, што я бачыў, а потым загадалі сысьці», — успамінаў Валянцін. Ужо ў хаце ён паспрабаваў праз інтэрнэт вызначыць, які апарат бачыў пад Картыжамі. Было падобна, што гэта апарат «Птеро-GO», які выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы, паліцыя і МНС. Калі гэта сапраўды быў «расеец», дык як ён трапіў у Беларусь?

1. Вэрсія першая — шпіёнская

Падобныя бесьпілётнікі выкарыстоўваюць найперш, каб здымаць розныя аб’екты на фота- і відэа, а таксама дзеля радыёэлектроннай выведкі, у тым ліку ў ваенных мэтах. У зоне канфлікту ва Ўкраіне бесьпілётнікі сталі адным з асноўных сродкаў вядзеньня выведкі абодвума бакамі канфлікту і цяпер успрымаюцца як прыкмета вайны. Калі гэта сапраўды быў расейскі «вайсковы шпіён», дык што ён мог шукаць у Мсьціслаўскім раёне?

Бесьпілётнік зьбілі ўжо тады, калі ён амаль перасек Мсьціслаўскі раён — вёска Картыжы належыць да Ракшынскага сельскага савету, гэта амаль на сутыку з Дрыбінскім і Чавускім раёнамі. Калі ўзяць кірунак ад бліжэйшага кавалка расейскай мяжы, дык далей бесьпілётнік ляцеў бы на Магілёў. Даволі небясьпечны напрамак.

Вядома, можна меркаваць, што расейскім вайскоўцам спатрэбілася інфармацыя, наколькі гэты напрамак прыкрыты сродкамі ПВА. Але адмыслоўцам такая «місія» падаецца дзіўнай.

«У нас саюзьніцкія адносіны і фактычна няма сакрэтаў, асабліва што да прыкрыцьця Расеі з захаду. Пасылаць сюды дарагі дрон, які амаль абавязкова саб’юць браты-беларусы, расейцы б ня сталі», — мяркуе наконт «шпіёнскай вэрсіі» афіцэр беларускага войска, які прасіў яго не называць.

Застаецца яшчэ варыянт, што расейскі бесьпілётнік быў адпраўлены дзеля вывучэньня тэрыторыі Ўкраіны на межах зь Беларусьсю. Тэарэтычна такі варыянт магчымы, бо дальнасьць падобных апаратаў — каля 200–300 кілямэтраў, ён можа быць у палёце да 8 гадзін, за якія можна праз Магілёўскую вобласьць трапіць ва Ўкраіну і вярнуцца. Але фактычна гэта быў бы палёт на мяжы магчымасьцяў. Надзейней і зручней такую шпіёнскую місію правесьці з тэрыторыі не Смаленскай, а Бранскай вобласьці. Але тады на расейскага «шпіёна» палявалі б вайскоўцы з тэрыторыі Гомельскай вобласьці.

2. Вэрсія другая — расеец заблукаў

Адмыслоўцы аддаюць такому тлумачэньню 30% імавернасьці. Падобныя апараты выкарыстоўвае і МНС Расеі, зь іх дапамогай кантралююць сытуацыю з пажарамі ў лясах, парадак на трасах газа- і нафтаправодаў. «Мозг» апарата мог даць збой, і ў выніку ён адхіліўся ад курсу ды трапіў пад стрэлы беларускага СПА. Такое цалкам магчыма, але дзіўна, што ў Расеі пра інцыдэнт нічога дагэтуль не было вядома, хоць у выпадку гібелі цывільнага бесьпілётніка зьвесткі пра яго мусілі б пратачыцца ў мэдыі.

У нас няма мяжы, таму зьбіваць лятальны прадмет з прычын парушэньня няма патрэбы
пасол РФ Аляксандар Сурыкаў

Зьвяртае ўвагу на сябе і тое, што дагэтуль беларускі бок не заявіў Расеі ніякіх прэтэнзіяў адносна перасячэньня беларускай мяжы расейскім апаратам, — а інцыдэнт жа здарыўся даволі сур’ёзны. Гаворка ня толькі пра парушэньне паветранай зоны, але і пра звычайную тэхніку бясьпекі, бо дрон мог сутыкнуцца з самалётам сельскагаспадарчай авіяцыі ці, яшчэ горш, з цывільным пасажырскім самалётам. Аж не — ніякага шуму адносна такога інцыдэнту няма. 10 чэрвеня ў Менску амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава беларускія журналісты спыталі, што ён ведае пра зьбіты расейскі бесьпілётнік. Пасол адказаў, што нічога ня ведае пра гэты інцыдэнт, але пры гэтым зрабіў цікавую заўвагу. «У нас няма мяжы, таму зьбіваць лятальны прадмет з прычын парушэньня няма патрэбы. А вось упасьці нехта мог», — сказаў амбасадар Сурыкаў.

3. Вэрсія трэцяя — «кантрабандысцкая».

У тым, што бесьпілётнік над вёскай Картыжы ўпаў ня сам, а яго зьбілі, не сумняецца незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін. І называе зброю, якой гэта маглі зрабіць, — пераносны зэнітна-ракетны комплекс «Ігла», які стаіць на ўзбраеньні беларускага войска. Паводле Аляксандра Алесіна, радарамі вайскоўцы маглі заўважыць пранікненьне бесьпілётніка праз паветраную мяжу, вылічылі кірунак яго палёту і сустрэлі стрэламі ў пэўным месцы, куды хутка прыехалі аўтатранспартам. Адзінае, што дзівіць экспэрта ў такой вэрсіі, — адносна добрая захаванасьць лятальнага апарата, калі меркаваць па фота на партале tut.by. Паводле Аляксандра Алесіна, зарад у 2 кілё выбухоўкі, які мае ракета «Іглы», пры выбуху паблізу дрона мусіў бы разьнесьці яго на трэскі.

Але што рабіў расейскі бесьпілётнік у небе над Мсьціслаўскім раёнам? Аляксандар Алесін таксама ня верыць у «вайскова-шпіёнскую» вэрсію, пры гэтым пэўную выведную місію зьбітага дрона не выключае.

«Гэта даволі бязлюдныя тэрыторыі, празь якія вельмі зручна везьці нейкія кантрабандныя ці іншыя забароненыя для ўвозу ў Расею тавары. Цалкам магчыма, што пэўныя структуры, якія зарабляюць на тым жа эмбарга на ўвоз у Расею заходніх прадуктаў харчаваньня, выкарыстоўваюць якраз гэтыя маршруты. Таму можна меркаваць, што расейцы, каб кантраляваць такія патокі, і наладзілі паветраны „маніторынг“. Хоць, вядома, ён выглядае даволі дзіўным, бо на такія дзеяньні трэба мець дазвол нашых уладаў, інакш гэта пагражае дыпляматычным скандалам».

4. Вэрсія чацьвёртая — заблукаў бесьпілётнік, але не расейскі, а беларускі

Адразу некалькі беларускіх устаноў працуюць над сваімі праектамі дронаў і вырабляюць новыя мадэлі, некаторыя зь іх ужо гадоў 10 пастаўляюцца ў беларускае войска. Пад Бярозай нават ёсьць палігон, дзе вайсковых адмыслоўцаў вучаць кіраваць гэтымі прыладамі. У 2014 годзе паблізу палігона згубіўся бесьпілётнік, празь некалькі дзён яго знайшлі мясцовыя жыхары і вярнулі вайскоўцам. Над новымі мадэлямі бесьпілётнікаў працуюць у Акадэміі навук, на авіяцыйным заводзе ў Баранавічах і ў некаторых прыватных фірмах. У тым ліку ў Беларусі вырабляюць бесьпілётнікі, асноўнае прызначэньне якіх — быць мішэньню для сродкаў СПА. Ці мог такі бесьпілётнік праз паломку сыстэмы кіраваньня заблукаць і трапіць у зону, якая знаходзіцца пад кантролем сродкаў СПА? Экспэрты прызнаюць, што такое магчыма, але называюць і слабасьці такой вэрсіі. «Там, дзе яго зьбілі, побач няма ніякіх палігонаў, таму цяжка ўявіць, адкуль бы прыляцеў гэты дрон, нават калі б і заблукаў», — мяркуе Аляксандар Алесін.

У Мінабароны Беларусі зьвесткі пра зьбіты над Мсьціслаўскім раёнам бесьпілётнік не камэнтуюць.

5. Вэрсія пятая — праверачная

У 2012 годзе на тэрыторыю Беларусі празь мяжу зь Літвой праляцеў швэдзкі лёгкаматорны самалёт, зь якога над Валожынам і ўскраінай Менску швэдзкія праваабаронцы раскідалі плюшавых мішак з заклікамі да свабоды слова. Інцыдэнт спачатку замоўчваўся беларускімі ўладамі. Але калі зьвесткі пацьвердзіліся, то былі зьнятыя з пасад старшыня беларускага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі і галоўнакамандуючы войскамі СПА Дзьмітры Пахмелкін, а на вайскоўцаў, якія празявалі «дэсантнікаў», завялі крымінальную справу.

Адна структура, якая адказвае за дзяржаўную бясьпеку, магла праверыць другую, адказную за межы і за паветраную прастору

Разбор палётаў, аднак, высьветліў і тое, што вінаваты быў ня толькі «чалавечы фактар». Выявілася, што беларускія межы не абсталяваныя прыладамі для выяўленьня апаратаў, якія лятаюць на звышнізкай вышыні. У выніку галоўнакамандуючы Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу пераабсталяваць межы, і праз пэўны час яму далажылі, што задача выкананая. Але як стаяць справы насамрэч? Ці ня здарыцца зноў, ды яшчэ ў год прэзыдэнцкіх выбараў, што празь дзірку на мяжы нехта прыляціць у Беларусь і раскідае над ёй свае ўлёткі?

Вэрсія, якой завяршаецца сьпіс «Свабоды», палягае ў тым, што праверку сродкаў СПА і пільнасьці пэўных войскаў правялі самі беларусы, але зрабілі гэта не падчас манэўраў, а, так бы мовіць, ужывую. Адна структура, якая адказвае за дзяржаўную бясьпеку, магла праверыць другую, адказную за межы і за паветраную прастору. Дрон у гэтым сэнсе — самы прыдатны для праверкі сродак, бо ад таго, што яго зьбілі, ніхто не пацярпеў. Да таго ж і месца было абрана ідэальна — сярод лясоў, дзе амаль няма мясцовых жыхароў.

У гэтай вэрсіі, аднак, ёсьць і слабыя бакі. Сярод іх тое, што зьбіты бесьпілётнік вельмі нагадвае пэўную расейскую мадэль «Птеро-GO», якая ў Беларусі раней не выкарыстоўвалася. На гэта адмыслоўцы заўважаюць, што дзеля правакацыйных мэтаў маглі пайсьці і на набыцьцё расейскага дрона, таму і апазнавальных знакаў на ім не аказалася.

Але чаму для «праверкі» абралі менавіта ўсходнюю мяжу краіны, а ня тыя напрамкі, адкуль улады традыцыйна чакаюць правакацыяў?

На гэта можна заўважыць, што для беларускага кіраўніцтва з таго часу, як пачалася вайна ва Ўкраіне, усе кірункі ўяўляюцца небясьпечнымі, хоць публічна гэта не выяўляецца. Аднак выбар спэцслужбы, якая праводзіла праверку, можа сьведчыць пра тое, якія сапраўдныя настроі пануюць наверсе беларускай уладнай піраміды.