Беларусь не Расея. Адказ Андрэю Дынько

Андрэй Дынько

Сьледам за маім допісам «Чаму Беларусь не Расея: 7 прынцыповых адрозьненьняў» зьявіўся і тэкст Андрэя Дынько з такой самай назвай, але зь іншым сэнсам.

Андрэй назваў сваю «сямёрку», але зусім не прынцыповых і не зусім адрозьненьняў, чым, на маю думку, не раскрыў слоган «Беларусь не Расея», а, наадварот, зрабіў яго дыскусійным. Большасьць пазыцыяў у нашаніўскай публікацыі вельмі проста абвергнуць. Глядзіце самі.

«Беларусы працавітыя». Маўляў, так сталася ад таго, што ў нас няма прыродных рэсурсаў. А ў расейцаў – нафтагаз, таму Ямеля ляжыць на пячы, а ўсё вакол робіцца само, «по щучьему велению». Цікава, чыімі рукамі Расея забясьпечвае сябе харчаваньнем, хто там «запускае» заводы, будуе гарады, гадуе спартоўцаў і балерын? Хіба не расейская клясычная літаратура заўзята высьмейвае лайдацтва? І хіба не хапае ў Беларусі лайдакоў? Калі і ёсьць тут за што хваліць сябе любімых, дык пахвальба тая будзе дакладна не прынцыповай.

«У нас парадак». Чысьценька. Андрэй піша так, нібы зусім ня памятае Беларусь да Лукашэнкі і ходзіць толькі цэнтральнымі вуліцамі. А варта сесьці ў любы прыгарадны аўтобус, каб пабачыць заваленыя сьмецьцем прыпынкі і прадмесныя лясы. «У нас пакошана» – і мы ведаем, цаной якіх бюджэтных стратаў. Ведаем таксама, што «пакошана» – усяго толькі прыхамаць аднаго чалавека, а не беларусаў як нацыі. Не пакошана, дарэчы, ня толькі ў Расеі, але і ў Літве, напрыклад. У нас «беспредела нідзе і ніколі не было, нават у ваенныя часы». Гэта і зусім няпраўда. Сёньняшні беспредел «прыватызавала» дзяржава – бюракратыя, чынавенства, кантрольныя і рэпрэсіўныя органы. Што да вайны, дык яна ў Беларусі ўся была суцэльным беспределом. Спашлюся хоць бы на апошнія кнігі Алеся Адамовіча – там пра гэта.

«У нас свая мова». Камэнтатары слушна пад’ялдыкнулі Андрэя: на якой амаль ніхто не размаўляе, загнаная дзяржавай у гета, амаль мёртвая мова. Ужо амаль не адрозьненьне. Слушна было б казаць, што масавае забыцьцё сваёй мовы адрозьнівае беларусаў ад расейцаў. І гэта якраз прынцыповае адрозьненьне. Яго добра адчуваеш, калі нашы дзеці і моладзь проста не разумеюць, што ты ім кажаш па-беларуску. Да Лукашэнкі такога не было. Проста не разумеюць…

«Беларусы шматканфэсійныя». Па факту гэта не адрозьненьне. 30 адсоткаў насельніцтва Масквы – мусульмане. І якіх толькі канфэсіяў у той Расеі няма.

«Мы ўмеем прыстасоўвацца». Для адносна невялікай краіны гэта сапраўды важна. Але варта мець на ўвазе, што тая ж страта сваёй мовы – таксама ад гэтага «ўмельства». І адсутнасьць у нацыі волі да жыцьця – таксама. І гатовасьць зьмяніць самаідэнтыфікацыю – таксама. Дзякуючы гэтаму адрозьненьню аднойчы можа стацца так, што расейцаў і Расею ў нашым выпадку проста ня будзе ад каго і чаго адрозьніваць.

«У нас свая гісторыя». Аб’ектыўна так. Але калі ўлічыць, што ў масавай сьвядомасьці гісторыя жыве ў выглядзе набору мітаў, гэтае адрозьненьне можа і не спрацоўваць. На працягу стагодзьдзяў беларусы чулі і цяпер чуюць ад начальства, што ў нас з Расеяй – адна гісторыя. Гэты стэрэатып можна выкараніць толькі адукацыяй, але проста ўзяць і сказаць – усё адно што цьвік забіваць мікраскопам. Безвынікова.

«Мы эўрапейскі народ». Ведаць бы, што гэта канкрэтна значыць і што ад чаго адрозьнівае.

Андрэй Дынько паспрабаваў скласьці сем адрозьненьняў Беларусі ад Расеі з абстракцыяў, што ніколі не дае эфэкту, апроч хіба сытуацыі масавага псыхозу. Гэта, між іншым, характэрная для Расеі мэтодыка. Расеец, у адрозьненьне ад беларуса, уяўляе і любіць сваю радзіму не як родны край, старонку, прыроду, а як абстракцыю, «родную речь», «русский мир», нешта, за што можна і трэба «умереть».

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.