У пажары ў інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў загінулі два чалавекі

  • БелаПАН

Супрацоўнікі МНС, ілюстрацыйнае фота

У Віцебску падчас пажару ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў на праспэкце Фрунзэ загінулі два чалавекі, паведамляе прэс-служба МНС.

Паведамленьне пра пажар у будынку інтэрната паступіла ў МНС 9 чэрвеня ў 23.07. Празь пяць хвілін на месцы ўжо працавалі ратавальнікі. Гарэў адзін з пакояў на другім паверсе трохпавярховага будынку, было шмат дыму.

МНС-аўцы разрэзалі дзьверы ліфта і вынесьлі адтуль санітарку, выратавалі жыхарку інтэрната — інваліда другой групы. Абедзьвюх перадалі мэдыкам. Яшчэ 47 эвакуіраваных не пацярпелі.

На другім паверсе ратавальнікі знайшлі целы двух чалавек, інвалідаў першай і трэцяй групы з парушэньнямі апорна-рухальнага апарата.

Пасьля ліквідацыі пажару да лекараў зьвярнулася мэдсястра, яе таксама даставілі ў бальніцу.

Пажар ліквідаваны, яго прычына высьвятляецца.