Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель зрабілі сумесную заяву пра тое, што санкцыі супраць Расеі павінны заставацца ў сіле да той пары, пакуль ня будуць выкананыя Менскія пагадненьні аб спыненьні вагню.
«Лідэры дзьвюх краін абмеркавалі крызіс ва Ўкраіне і сышліся на тым, што працягласьць дзеяньня санкцый павінна быць дакладна ўвязана з поўным выкананьнем Расеяй Менскіх пагадненьняў і павагай да сувэрэнітэту Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве Белага дома, апублікаваным пасьля сустрэчы Барака Абамы і Ангелы Мэркель на саміце «Вялікай сямёркі» на баварскім альпійскім курорце Гарміш-Партэнкірхен.
Яшчэ да пачатку заплянаваных сустрэч Абама заявіў, што адной з галоўных тэм саміту стане «супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне».
«На працягу наступных двух дзён мы маем намер абмеркаваць у замку Эльмаў нашу агульную будучыню, усясьветную эканоміку, якая стварае працоўныя месцы і новыя магчымасьці, падтрымку сілы і росквіту Эўразьвязу, пашырэньне трансатлянтычнай гандлёвай супрацы, супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, супрацьдзеяньне пагрозам, пачынаючы ад экстрэмізму і сканчваючы зьмяненьнем клімату», — сказаў Абама.
Расея была адхіленая ад удзелу ў саміце, які раней зваўся «Вялікай васьмёркай», пасьля анэксіі Крыму.
Чарговы тэрмін дзеяньня эканамічных санкцый, уведзеных Эўразьвязам супраць Расеі, заканчваецца ў ліпені.