Пад Мсьціславам у рацэ Віхра дайвэры адшукалі кулі часоў паўстаньня Каліноўскага ды фрагмэнты керамікі 16-17 стагодзьдзя. Аквалянгісты таксама сабралі пад вадой некалькі соцень кіляграмаў бытавога сьмецьця ды падрыхтавалі пляцоўкі для далейшага археалягічнага абсьледаваньня ракі.
Акцыю беларускія дайвэры правялі ў межах Міжнароднага дня ачысткі вадаёмаў ды Міжнароднага Дня аховы навакольнага асяродзьдзя. На Віхру зьехаліся пяцьдзясят аматараў падводнага плаваньня. Ініцыяваў правядзеньне акцыі дайвэр-цэнтар зь Менску «Марскі Пэгас».
Узьнятыя з дна ракі гэтак званыя кулі Мінье доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк датаваў сярэдзінай 19 стагодзьдзя. Гісторык зазначыў, што такія знаходкі ня рэдкія ў тым месцы ракі, дзе аквалянгіст іх адшукаў.
Ігар Марзалюк выказаў меркаваньне, што ў часы Каліноўскага невялікая група паўстанцаў з Горак, на той момант захопленыя імі, маглі рушыць на Мсьціслаў і тут адбылася іх сутычка з вайскоўцамі расейскага войска.
«Мажліва горацкі паўстанцкі атрад меў сутыкненьні з расейскай арміяй», — даводзіў гісторык.
«І гэтыя кулі — вынік таго сутыкненьня. Акрамя знаходак у вадзе такія ж кулі дужа частка знаходзяць і на прылеглым да ракі полі. Перастрэлка была, відавочна, доўгай. Тут усё «засеяна імі».
Прыгаршч куль дайвэр сабраў ад вадой за няпоўныя паўгадзіны.
«Кулі Мінье, названыя імем францускага вынаходніка зброі. Яго куля была надзвычай папулярнай для наразной зброі даволі працяглы час. Выкарыстоўвалі яе розныя войскі Эўропы, казаў журналістам Ігар Марзалюк.
Адшукалі дайвэры і рэшткі керамічнага посуду — збанкоў. Іх узьнялі з дна ў розных месцах ракі.
Што да забруджанасьці Віхры, то аквалянгісты зазначаюць: шмат бытавых адыходаў у месцах адпачынку людзей. Дно засьмечана плястыкавым посудам, бутэлькамі.
Узьнялі дайвэры апоны ад аўтамабіляў ды скінутыя ў раку розныя мэханізмы.
Летась з дна Віхры дайвэры з «Марскога пэгасу» ўзьнялі парэшткі рыцара з дасьпехамі. Іх датавалі 15 стагодзьдзем. Паводле гісторыка Ігара Марзалюка, рака захавала рэдкі рыцарскі шалом. Пахавалі невядомага рыцара ля замкавай гары ў Мсьціславе. Ягоныя дасьпехі пакуль захоўваюцца ў Магілёве.