Адкіды з АЭС у Астраўцы будуць захоўваць у Беларусі цягам 10 гадоў

Урад зацьвердзіў стратэгію абыходжаньня з радыеактыўнымі адкідамі Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, паведамляе БелаПАН.

Як зазначаецца ў тэксьце Стратэгіі, у сувязі з эксплюатацыяй атамнай электрастанцыі асаблівую актуальнасьць набывае праблема стварэньня розных тыпаў і катэгорый радыеактыўных адкідаў (РАА), якія ўяўляюць патэнцыяльную небясьпеку для чалавека і навакольнага асяродзьдзя.

У адпаведнасьці з праектам БелАЭС прадугледжваюцца функцыянаваньне сыстэмы абыходжаньня з РАА і іх захоўваньне ў прыстанцыйным сховішчы на працягу дзесяці гадоў з наступным іх перамяшчэньнем у пункт пахаваньня РАА, пабудова якога праектам не прадугледжана.

Адказнасьць за забесьпячэнне бясьпечнага і надзейнага функцыянаваньня сыстэмы абыходжаньня з РАА ўскладаецца на дзяржаву і арганізацыю, якая яе эксплюатуе.

Згодна з папярэдняй ацэнкай, прагназаваны аб’ём ўтвараных нізкаактыўных і сярэднеактыўных цьвёрдых РАА ў выніку вываду АЭС з эксплюатацыі складае 2.050 куб. мэтраў на адзін энергаблёк атамнай электрастанцыі, высокаактыўных цьвёрдых РАА — 85 куб. мэтраў.

«З улікам чаканых аб’ёмаў утварэньня радыеактыўных адкідаў існуе аб’ектыўная неабходнасьць стварэньня пункту пахаваньня РАА», — гаворыцца ў Стратэгіі. Гэта можа каштаваць для бюджэту краіны некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Напрыклад, кошт пабудовы могільніка радыеактыўных адходаў Ігналінскай АЭС у Літве, склаў каля 60 млн. даляраў ЗША.