Бацькі першаклясьнікаў зладзілі намётавае мястэчка ў Наваполацку ФОТА

Жыхары новага мікрараёну не змаглі аддаць сваіх дзяцей-першаклясьнікаў у бліжэйшыя школы № 12 і № 14. І там, і там на адно месца прэтэндавалі два першаклясьнікі.

Колькасьць клясаў абмежаваная, таму бацькі займалі чаргу з ночы, каб ранкам быць першымі на запіс. Некаторыя ішлі на скрайнія меры: ставілі пад школьным плотам намёты, каб пільнаваць сваю чаргу.

Мясцовай жыхарцы Людміле не ўдалося запісаць шасьцігадовага сына ў СШ № 12:

«Я жыву за два крокі ад школы № 12, і хацелася, каб дзіця хадзіла ў бліжэйшую школу. У нас вялікі мікрараён, некаторыя дзеці езьдзяць і да нашай школы на аўтобусе. Але я лічу, што было б справядліва даць магчымасьць хадзіць у бліжэйшую школу тым, хто жыве побач. Асабліва калі вядзецца пра першаклясьнікаў, а ня большых дзяцей, якія самі могуць дабрацца да абранай гімназіі».

Школы № 12 і № 14 — самыя звычайныя, нейкай асаблівай прэстыжнасьцю не адзначаюцца. Проста новабудоўлі растуць, мікрараёны засяляюцца маладымі сем’ямі з малымі дзецьмі, а новых школ — не будуюць.

Намесьніца начальніка аддзелу адукацыі Наваполацкага гарвыканкаму Алеся Шалай лічыць праблему надуманай. Маўляў, на ўсіх першаклясьнікаў гораду месцаў хопіць. Адно што давядзецца пайсьці не ў бліжэйшую школу, а езьдзіць аўтобусам 3–4 прыпынкі.

Меркаваньне чыноўніцы жыхары Наваполацку актыўна камэнтуюць у сацыяльных сетках. Інтэрнэт-карыстальнікі абураюцца, што ў горадзе будуецца шмат забаўляльных цэнтраў і гандлёвых установаў, але пра будоўлю новых школ ніхто ня дбае. Зьвяртаюць увагу і на транспартныя праблемы: наколькі проста будзе 6-гадоваму дзіцяці дабірацца са спальнага мікрараёну ў ня самую блізкую школу.

Праблема недахопу школ у новых мікрараёнах у Наваполацку ўжо не новая. Бацькі скардзяцца на гэта ўжо ня першы год, але сёлета новапалачане абураныя асабліва. Яны згадваюць абяцаньне ўладаў адчыніць сёлета да 1 верасьня новую школу. Дакладней, цэлы комплекс. Першыя згадкі пра яго былі зьвязаныя зь вялікім скандалам. У красавіку АНТ паказала рэпартаж пра адкрыцьцё блёку дзіцячага садку. На імпрэзе прысутнічала віцэ-прэм’ер Натальля Качанава, якая да свайго апошняга прызначэньня была мэрам Наваполацку.

Тады яна абяцала, што ў Наваполацку нарэшце зьявіцца вельмі запатрабаваная сучасная дзіцячая ўстанова, першая на Беларусі, дзе ў адным комплексе будуць працаваць і садок, і пачатковая школа. Аднак назаўтра пасьля тэлесюжэту пра ўрачыстае адкрыцьцё садку бацькі маленькіх новапалачан даведаліся, што імпрэза была інсцэніроўкай. Калі яны пайшлі запісваць у новы садок сваіх дзетак, то даведаліся, што ўстанова яшчэ не працуе — нават пэрсанал набіраць яшчэ не пачыналі. А дзетак, якія паказальна гулялі з новымі цацкамі ў новых памяшканьнях, «узялі напракат» зь іншых дзіцячых садкоў.