Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль напярэдадні сустрэчы лідэраў «Вялікай сямёркі», якая адбудзецца 7-8 чэрвеня ў баварскім замку Эльмаў, у артыкуле ў брытанскай газэце Globe and Mail пазначыла «асноўныя небясьпекі для сусьветнай супольнасьці».
«Хто б паверыў, што праз 25 гадоў пасьля заканчэньня халоднай вайны эўрапейскі мірны парадак будзе пастаўлены пад сумнеў анэксіяй Крыму?» — піша кіраўніца ўраду Нямеччыны. Іншымі сусьветнымі пагрозамі, на думку Мэркэль, зьяўляецца распаўсюджваньне віруса Эбола і канфлікт на Блізкім Усходзе з удзелам ісламістаў.
Паводле Мэркель, краіны «вялікай сямёркі» будуць абмяркоўваць на саміце найперш гэтыя найбольш надзённыя глябальныя праблемы. «Усе, хто сумняваецца, што ёсьць сэнс у правядзеньні такіх самітаў, павінны паглядзець на гарачыя кропкі плянэты, каб зразумець, што ёсьць неабходнасьць, і нават абавязак, актыўна супрацоўнічаць, каб знайсьці сумесныя рашэньні», — падкрэсьліла Мэркэль.