«Расейская ўлада не змагла забясьпечыць празрыстасьць сваіх рашэньняў у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права і прававых абавязацельстваў, а таксама не дала правы канкрэтным асобам на абарону і апэляцыю», — сказаў Шульц.
Паводле Марціна Шульца, у чаканьні адмены Расеяй сьпісу неўязных эўрапейскіх палітыкаў, Эўрапарлямэнт абмяжуе доступ да сваіх установаў прадстаўніку Расеі ў ЭЗ Уладзімеру Чыжову і іншым расейскім дыпляматам, імёны якіх пакуль не называюць.
На мінулым тыдні тэлекампанія зь Фінляндыі апублікавала сьпіс эўрапейскіх палітыкаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі. У гэтым спісе 89 прозьвішчаў. Гаворка ідзе пра дэпутатаў Эўрапарлямэнту і заканадаўчых органаў Эўразьвязу, вайсковых чыноўнікаў.
Большасьць асобаў са сьпісу зьяўляюцца грамадзянамі Вялікабрытаніі, Швэцыі, Польшчы і краінаў Балтыі. Але ёсьць і прадстаўнікі ФРГ, у прыватнасці — намесьнік старшыні фракцыі ХДС / ХСС у Бундэстагу Міхаэль Фукс, які неаднаразова вітаў эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі. У сьпісе непажаданых для Расеі таксама апынуліся былы эўракамісар Штэфан Фюле, дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Ярамір Штэціна і дэпутат чэскага парлямэнту Марэк Жанішэк.
30 траўня ў офісе Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні назвалі «чорны сьпіс» Расеі «свавольным і неабгрунтаваным» захадам.