Адэская вобласьць можа стаць новым рэфарматарскім праектам Саакашвілі

Пятро Парашэнка і Міхэіл Саакашвілі.

Прызначэньне Міхэіла Саакашвілі старшынёй Адэскай абласной дзяржадміністрацыі стала для адэсітаў, як і для астатняй Украіны, нечаканасьцю.

Экс-прэзыдэнт Грузіі зьмяніў на гэтай пасадзе бізнэс-партнэра алігарха Каламойскага Ігара Паліцу. На былога грузінскага прэзыдэнта-рэфарматара ўскладаюць вялікія надзеі.

Аднак ці зможа Міхэіл Саакашвілі быць эфэктыўным на гэтай пасадзе пры дзеёнай адміністрацыйнай вертыкалі? Сярод галоўных задач, якія прэзыдэнт Украіны ўскладае на Саакашвілі, — барацьба з карупцыяй і паляпшэньне жыцьця жыхароў рэгіёну.

Былы старшыня Адэскай АДА Ігар Паліца упэўнены ў сілах свайго пераемніка:

«Рэформы, якія яны хочуць рабіць, можна рэалізаваць толькі пры поўнай падтрымцы Кіева. Само прызначэньне і зьняцьце з пасады было для мяне нечаканасьцю, аднак усе разумелі, што прэзыдэнт фармуе каманду, якой ён давярае. Я ўпэўнены, што такі чалавек як Саакашвілі зможа зьвярнуць увагу Кіева ў Адэскую вобласьць», — каментуе Ігар Паліца.

Такое меркаваньне падзяляе і палітоляг Арцём Філіпенка. Паводле яго слоў, на эфэктыўнасьць кіраваньня вобласьцю ўплывае твар яе кіраўніка.

Паліца быў неэфектыўны з-за недахопу даверу прэзыдэнта — сьцьвярджаюць экспэрты. За год на сваёй пасадзе былы кіраўнік Адэскай АДА ня змог прызначыць ніводнага старшыню раённай адміністрацыі з-за таго, што прэзыдэнт не зацьвярджаў іх кандыдатур. Праз недаверлівыя адносіны паміж прэзыдэнтам і былым старшынёй Адэскай абласной дзяржадміністрацыі раней рэгіянальныя СМІ ўжо некалькі разоў адпраўлялі Ігара Паліцу ў адстаўку. Прычына — блізкасьць апошняга да бізнэсмэна Ігара Каламойскага, што зрабіла Адэсу сатэлітам інтарэсаў экс-кіраўніка Днепрапятроўскай АДА.

Пры прызначэньні Ігара Паліцы старшынёй аблдзяржадміністрацыі год таму, Каламойскі асабіста прыязджаў у Адэсу, каб павіншаваць яго. За апошні год ўплыў Каламойскага на сытуацыю ў краіне толькі павялічыўся, што, безумоўна, не магло не турбаваць прэзыдэнта Ўкраіны. Цытату Парашэнка падчас прадстаўленьня Саакашвілі аб «Украіне без алігархаў з прыватнымі войскамі» шмат хто інтэрпрэтаваў як папрок Каламойскаму.

На думку экспэрта Арцёма Філіпенкі, трэнд на прызначэньне замежнікаў на ключавыя пасады ў дзяржаве прадыктаваны неэфэктыўнасьцю існуючых у краіне элітаў.

«Адэсіт-Мішка»

Прызначэньне Міхэіла Саакашвілі старшынёй Адэскай АДА выклікала зьдзіўленьне ў большасьці жыхароў абласнога цэнтру. Многія з шараговых грамадзян ўспрымалі гэта, як жарт.

Аднак у Адэскай АДА ўжо адбылося першае паседжаньне адміністрацыі з новым старшынёй. Для эфэктыўных рэформ і выкананьня абяцаньняў Міхэіла Саакашвілі патрэбна новая каманда. Пра гэта ён заявіў адразу ж пасля прызначэньня: «Не могуць адны і тыя ж людзі заставацца ва ўладзе 25 гадоў. Трэба шукаць маладых людзей, новую энэргію, новыя падыходы. Практычна ўсе намесьнікі павінны абнавіцца», — заявіў новы кіраўнік.

З першых дзён на пасадзе Саакашвілі паабяцаў значна скараціць штат АДА, тым самым сэканоміць каля 4 мільёнаў грыўняў у год, а на вакантныя пасады абвясьціць адкрыты конкурс.