Беларуска трымае гарод у цэнтры Вашынгтону ды вучыць амэрыканцаў харчавацца па-беларуску

Беларуска трымае агарод у цэнтры Вашынгтона ды вучыць амэрыканцаў харчавацца па-беларуску

Свабода знайшла ў Амэрыцы беларуску, якая ўжо некалькі год трымае свой агарод у цэнтры Вашынгтона ды арганізуе нацыянальны Дзень ежы (Food Day).

Дачны сэзон распачынаецца ня толькі ў вёсках і садовых каапэратывах. Першы грамадзкі агарод на гэтым тыдні адкрылі каля галерэі «Ў» у Менску. А беларуска Лілія Сьмялкова ўжо пяты год запар актыўна займаецца арганізацыяй Дня ежы ў ЗША. Як гатаваць ежу дома, як гадаваць свой агарод у горадзе і рабіць закруткі на зіму — гэтым сёньня цікавяцца прагрэсіўныя амэрыканцы.

Навошта ў Італіі абараняць закруткі і сушаныя яблыкі?

У 2000 годзе Лілія Сьмялкова прыехала ў Турын, што ў паўночнай Італіі, каб працягнуць тут вучобу пасьля Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Недалёка ад гораду разьмяшчалася штаб-кватэра міжнароднай арганізацыі «Слоўфуд» (Slow Food), якая на той час адкрыла вакансію для англамоўных супрацоўнікаў. Гэтак Сьмялкова патрапіла ў сфэру харчаваньня.

Да пераезду за мяжу Лілія Сьмялкова ніколі ня думала, што недзе «бароняць» прадукты з гароду

Ад пачатку яе зьдзівіла, што гэтая арганізацыя абараняе традыцыйную сыстэму харчаваньня. Так, «Слоўфуд» прапагандуе самастойнае вырошчваньне гародніны і садавіны, харчаваньне дома ці ў нясеткавых рэстаранах, дзе выкарыстоўваецца прадукцыя мясцовых вытворцаў.

«Я расла ў Менску, але ў маёй сям’і была хата на вёсцы каля горада, дзе я праводзіла кожнае лета. Мы самі вырошчвалі гародніну й садавіну, сушылі яблыкі, рабілі закруткі на зіму. Са сваіх прадуктаў мы гатавалі ежу. Для мяне гэта было натуральна, а ў Італіі чамусьці даводзілася гэта абараняць».

Толькі за мяжой Сьмялкова ўсьвядоміла, што хатняя ежа штодня — гэта традыцыйная культура харчаваньня, якая зьнікае ў многіх краінах, а дзесьці ўжо зусім зьнікла. Напрыклад, у Амэрыцы ўжо вырасьлі тры пакаленьні, якія ўвогуле ня ўмеюць гатаваць.

«Для беларусаў гэта можа гучаць дзіўна, але максымум, што могуць прыгатаваць многія амэрыканцы, — гэта бутэрброд. Нават не салату, бо для гэтага ў іх няма навыкаў. Ім няма ў каго навучыцца, таму што ані маці, ані бабуля не гатавалі ў іхняй сям’і».

Каб людзі не харчаваліся адно паўфабрыкатамі, для малазабясьпечаных сем’яў у ЗША нават праводзяцца ўрокі кулінарыі. Там навучаюць простым і збалянсаваным рэцэптам і як падабраць прадукты ў краме для гатаваньня дома.

Пра амэрыканцаў, якія галадаюць

Хоць міжземнаморская дыета лічыцца адной з самых карысных, менавіта ў Італіі сёньня адзін з самых высокіх ўзроўняў атлушчэньня сярод дзяцей. У гэтым італьянскія дзеці апярэдзілі нават амэрыканскіх.

Толькі прагрэсіўныя амэрыканцы заводзяць свае грады ў горадзе

«Заходняя ежа і культура распаўсюджваецца паўсюль, гэтаксама і ў Італіі, — кажа Сьмялкова. — Таму праблема фастфуду актуальная і для гэтай краіны».

Кампанія «Слоўфуд» зарадзілася ў Італіі ў 1986 годзе, калі ў Рыме адкрылі першы рэстаран «Макдональдз». Неўзабаве гэты рух распаўсюдзіўся і на іншыя краіны. Паколькі Сьмялкова валодала расейскай мовай, яе прызначылі каардынаваць краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

А ў 2010 годзе, калі беларуска заканчвала магістратуру ў Каралеўскім каледжы ў галіне навакольнага сьвету й міжнароднага разьвіцьця, ёй прапанавалі 8-месячную працу ў Вашынгтоне. Цэнтар навукі ў грамадзкіх інтарэсах у той час толькі заснаваў Дзень ежы і шукаў чалавека з досьведам працы ў сфэры харчаваньня.

Аднак 8-месячным кантрактам зь беларускай яны не абмежаваліся: зь 2011 года і па сёньня Лілія Сьмялкова застаецца мэнэджэрам кампаніі Дзень ежы, адказвае за стратэгію, супрацу з тысячамі арганізацый па ўсёй краіне.

«У ЗША неверагодныя праблемы зь ежай. Хваробы, зьвязаныя з дрэнным харчаваньнем, абыходзяцца амэрыканцам у больш за 150 мільярдаў даляраў на год. Да таго ж наносіцца вялікая шкода ня толькі людзям, але й навакольнаму асяродзьдзю».

Падчас выступаў у прыклад традыцыйнага харчаваньня Лілія Сьмялкова часта прыводзіць Беларусь

Нечаканым адкрыцьцём для Сьмялковай стала тое, што каля 50 мільёнаў амэрыканцаў галадаюць: сацыяльную дапамогу ў якасьці талёнаў на бясплатныя прадукты тут атрымлівае 1/6 частка насельніцтва.
«Для мяне гэта было самай дзіўнай часткай амэрыканскай сыстэмы. Здавалася нерэальным, што ў такой заможнай краіне, дзе так шмат вырабляецца і экспартуецца, ня могуць даць рады праблеме голаду».

У Беларусі порцыі замалыя, у ЗША — завялікія

У той час, як пятая частка насельніцтва недаядае, дзьве траціны дарослых і траціна дзяцей і падлеткаў у ЗША маюць лішнюю вагу. Цэнтар навукі ў грамадзкіх інтарэсах, дзе працуе Сьмялкова, стараецца даносіць да амэрыканцаў інфармацыю аб шкодных прадуктах. Напрыклад, у пачатковай школе на тое, каб патлумачыць дзецям, як правільна харчавацца, выдзяляюць толькі 3,4 гадзіны на год.

«Я памятаю, што ў Беларусі порцыі былі нармаваныя і звычайна малыя. У ЗША адваротная праблема — порцыі зьмяшчаюць больш калёрый, чым іх там мусіць быць. І дзеці тут звычайна пераядаюць».

«Пасьля гэтага мы маем такія вынікі: хлопцы ў сярэднім спажываюць 27 лішніх лыжак цукру на дзень, дзяўчаты — 20. У асноўным за кошт газаваных напояў і сьняданкаў з дадаткам цукру».

Каб абараніць ад шкоднай ежы прынамсі дзяцей, некалькі гадоў Цэнтар навукі ў грамадзкіх інтарэсах працаваў над унясеньнем зьменаў у Закон «Аб харчаваньні дзяцей. Абноўлены закон пачаў дзейнічаць летась. Ён забараняе выкарыстаньне ў школах салодкіх газаваных напояў, а таксама абавязвае павялічыць колькасьць садавіны й гародніны ў школьных абедах.

Падчас сьвяткаваньня Дня ежы

«Я памятаю, што ў Беларусі порцыі былі нармаваныя і звычайна малыя. У ЗША адваротная праблема — порцыі зьмяшчаюць больш калёрый, чым іх там мусіць быць. І дзеці тут звычайна пераядаюць».

У працяг тэмы здаровага харчаваньня ў ЗША пачынаюць адкрывацца рэстарацыі, якія арыентуюцца на здаровую ежу і памяркоўныя порцыі. У той час, як беларусы наракаюць на маленькія порцыі ў рэстарацыях, амэрыканцам, наадварот, рэкамэндуюць зьядаць толькі палову звычайна вялікай порцыі, а другую забіраць дадому.

«Штогод наш цэнтар абірае „пераможцаў“ — самыя высокакалярыйныя стравы ці прадукты. Так, малочны кактэйль можа зьмяшчаць 2200 калёрый, а кавалак торта — каля 2000 калёрыяў. А гэта дзённая норма для чалавека».

На былых паркоўках вырошчваюць шчаўе і памідоры

Паводле Сьмялковай, ня толькі амэрыканцам ёсьць чаму павучыцца ў беларусаў. У адрозьненьне ад заходніх краінаў, Беларусь яшчэ не пасьпела аддаліцца ад традыцыйнага харчаваньня. Тыя ж гароды й дачы, якія раней былі ці не ва ўсіх беларусаў, у Амэрыцы толькі зараз набываюць папулярнасьць. Прычым калі ў Беларусі вырошчваньне гародніны на дачы можа лічыцца прыкметай беднасьці, то ў Амэрыцы толькі прагрэсіўная частка насельніцтва ўстае ў чаргу па ўчастак ў грамадзкіх садах.

Лілія Сьмялкова каля кустоў памідораў на сваіх вашынгтонскіх градах

«Я чакала свой участак тры гады»

Мода на грамадзкія сады зьявілася ў апошні час у многіх гарадах. Па сутнасьці гэта невялікія гароды. Іх ствараюць на былых паркоўках, пустых участках зямлі, у парках ці нават на дахах дамоў. А ў горадзе Сіэтл гаспадарам прыватных дамоў дазволілі вырошчваць садавіну на кавалках зямлі паміж праезнай часткай і тратуарам.

«Некаторыя грамадзкія сады захаваліся з часоў Другой сусьветнай вайны, калі Амэрыка арганізавала шмат садоў па краіне. Тады людзі вырошчвалі садавіну й гародніну для сябе, каб больш прадуктаў дасылалася на фронт», — кажа Лілія.

Фэрмэрская і арганічная ежа заўжды пазначаецца на рынках і ў крамах

«Бурак увогуле — вельмі модны цяпер від гародніны. У рэстарацыях яго падаюць зь лісьцем салаты і казіным сырам».

Агарод Ліліі Сьмялковай — стандартны, 3×4 мэтры. Як і шмат іншых, ён месьціцца недалёка ад цэнтру горада. Карыстаньне зямлёй — бясплатнае. 30 даляраў на год каштуе толькі паліў. На сваім гародзе беларуска вырошчвае розныя гатункі салаты. У субтрапічным клімаце Вашынгтону вельмі добра растуць памідоры, а вось агуркі горш пераносяць гарачае лета. Таксама дзяўчына вырошчвае гарбузы, кабачкі, моркву, радыску і буракі.

«Бурак увогуле — вельмі модны цяпер від гародніны. У рэстарацыях яго падаюць зь лісьцем салаты і казіным сырам».

Яшчэ Сьмялкова адзначае, што большасьць амэрыканцаў трымае гароды ня столькі, каб эканоміць грошы, колькі з адукацыйных і экалягічных памкненьняў. Людзям цікава назіраць самім і паказаць дзецям, як расьце бакляжан ці перац.

«Многія амэрыканскія школьнікі ня могуць адрозьніць бульбу ад грушы. Раней я думала, што гэта жарт. Але дзеці тут сапраўды ня ведаюць, якая садавіна й гародніна адкуль бярэцца».

«Мама, тата, я ня буду есьці гэтыя пяльмені»

Падчас свайго выступу на вядомай канфэрэнцыі TED у пачатку лютага Сьмялкова згадвала Беларусь. Казала, што Беларусь можа быць прыкладам правільнай арганізацыі харчаваньня.

Выступ на канфэрэнцыі TED:

Але гэта ня значыць, што ў нас няма праблемаў з харчаваньнем. У 2008 годзе, калі Лілія Сьмялкова яшчэ працавала ў італьянскім «Слоўфудзе», яна каардынавала праект па збалянсаваным харчаваньні ў школе № 3 у Бярозе на Берасьцейшчыне.

Да школьнікаў прыходзілі мясцовыя вытворцы сыру і масла, пчалавод, рыбак, фэрмэр і кухар. Яны праводзілі кулінарныя заняткі, дзе вучылі дзяцей рабіць масла й сыр у хатніх умовах, вырошчваць куранят.

«Вынікі былі ашаламляльныя!»

Сьмялковай распавялі гісторыю, як аднаго разу дзеці падышлі на вуліцы да жанчыны, якая давала свайму дзіцяці чыпсы, і сказалі ёй, каб лепш яна дала яму яблык. Ці як 11-гадовы хлопчык, пачытаўшы склад пяльменяў, сказаў бацькам, што есьці іх ня будзе.

«Выкладнікі вельмі зьдзівіліся зьменам у паводзінах дзяцей. Асабліва хутка зьмяняліся малодшыя дзеці».

Са школьнікамі бярозаўскай школы, якіх навучылі адбіраць «карысную» ежу

«Выкладнікі вельмі зьдзівіліся зьменам у паводзінах дзяцей. Асабліва хутка зьмяняліся малодшыя дзеці».

Абкатаную ў Беларусі праграму заняткаў сталі выкарыстоўваць як прыклад для падобных мерапрыемстваў Туркмэністане, Азэрбайджане і Ўкраіне. Удзел у распрацоўцы праграмы і падсумаваньне вынікаў праводзілі навукоўцы з унівэрсытэту Бэрклі (Каліфорнія).

Яшчэ адзін праект у Беларусі Сьмялкова праводзіла ў Расонскім раёне Віцебскай вобласьці. 70% тэрыторыі гэтага раёну пакрытыя лясамі, азёрамі і балотамі. Прырода тут багатая, а прамысловасьць ня надта разьвітая. Жыхароў вёсак Клясьціцы, Забор’е і Янковічы з дапамогай супрацоўніцы менскага батанічнага саду навучылі, як зьбіраць зёлкі і рабіць зь іх травяныя зборы. Цяпер гэтыя зборы прадаюць турыстам як мясцовую гарбату.

«Людзі, якія займаюцца традыцыйным харчаваньнем, звычайна недаацэньваюць сябе. Калі ж на іх зьвяртаюць увагу міжнародныя арганізацыі, калі яны, як гэта было ў Італіі, трапляюць на першыя палосы газэт, іхняя самаацэнка падвышаецца. Тады мы маем шанец, што традыцыйнае харчаваньне ня зьнікне».

Даведка

З 2011 года Дзень ежы штогод праходзіць ў ЗША 24 кастрычніка. Летась у ім удзельнічалі ўсе 50 штатаў. Да яго былі прымеркаваны 8 тысяч канфэрэнцый, сустрэч, мітынгаў і іншых мерапрыемстваў. Самыя вядомыя акцыі ў Дзень ежы праходзяць у Нью-Ёрку, дзе апоўдні сотні тысяч людзей адкусваюць яблык — сымбаль гораду. Па словах Ліліі Сьмялковай, такі дзень варта было б адзначаць у кожнай краіне. «Ён натхняе на зьмены ў харчаваньні, прымушае падумаць аб устойлівай сельскай гаспадарцы, абароне навакольнага асяродзьдзя і справядлівых умовах працы», — кажа яна.