Пра гэта сказаў БелаПАН начальнік прэс-службы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Дзьмітры Пабяржын.
Інфармацыя пра арышт у Беларусі дзелавога партнэра вядомага расейскага алігарха Міхаіла Прохарава, сябра рады дырэктараў кампаніі «Інтэргеа» Максіма Фінскага зьявілася яшчэ ўчора. На Фінскага ў Расеі заведзеная крымінальная справа аб махлярстве ў асабліва буйным памеры — гаворка ідзе пра некалькі нявернутых крэдытаў, выдадзеных пад асабістае паручальніцтва бізнэсмэна. У рамках расьсьледаваньня ён быў зьмешчаны пад хатні арышт.
Паводле дадзеных газэты «Коммерсантъ», Фінскі ўцёк з-пад хатняга арышту, і ў Беларусі яго затрымалі менавіта супрацоўнікі КДБ. Нібыта расейскі бізнэсмэн меў намер празь Беларусь перабрацца ў Нямеччыну, а адтуль — у ЗША (па зьвестках СМІ, ён мае ўласную кватэру ў хмарачосе на Мангэтане).
«Новая газета» піша, што Максім Фінскі быў затрыманы ў менскім аэрапорце падчас рэгістрацыі на рэйс, які вылятае ў Франкфурт. Па зьвестках выданьня, памежнікі засумняваліся ў сапраўднасьці пашпарту на імя Ўласава, які быў прадстаўлены Фінскім. Дадатковая праверка паказала: пашпарт — фальшывы. Пасьля затрыманьня бізнэсмэн быў зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пра яго арышт нібыта праінфармаваны Аляксандар Лукашэнка.
Між тым у амбасадзе Расеі ў Беларусі «Коммерсанту» паведамілі, што беларускія праваахоўныя органы пра затрыманьне расейскага бізнэсмэна ім пакуль не паведамлялі.
На дадзены момант ніводная афіцыйная крыніца не пацьвердзіла арышт у Беларусі Максіма Фінскага. Дзе цяпер знаходзіцца бізнэсмэн, невядома. Аднак Інтэрфаксу ў Масгарсудзе пацьвердзілі, што Фінскі абвінавачваецца ў махлярстве і яму абраная мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту.
Максім Фінскі не ўваходзіць у лік найбольш уплывовых расейскіх бізнэсмэнаў, у сотні найбагацейшых людзей Расеі паводле вэрсіі Forbes яго прозьвішча ніколі не фігуравала. Ніколі ён ня быў зьвязаны і з палітыкай, хоць яго дзелавы партнэр Міхаіл Прохараў быў кандыдатам у прэзыдэнты ў 2012 годзе і заснавальнікам партыі «Грамадзянская плятформа». Перш за ўсё як партнэр Міхаіла Прохарава Фінскі і вядомы ў Расеі.
З пачатку 2000-х Фінскі працаваў у расейскага алігарха топ-мэнэджэрам, а затым, у 2008 годзе, ён стаў малодшым партнэрам Прохарава па горназдабыўным бізнэсе, узначаліўшы «Інтэргеа», што ўваходзіць у групу ОНЭКСИМ.
У 2013 годзе Максім Фінскі выйшаў з горназдабыўнога бізнэсу, прадаўшы сваю долю ў заснаванай ім кампаніі White Tiger Gold (WTG). Гэтай кампаніі належаў шэраг залатых і залатамедных радовішчаў у Расеі. Паводле дадзеных «Коммерсанта», зьдзелка была заключана пасьля таго, як у кампаніі «Інтэргеа» рэзка абвастрыліся адносіны з банкам ВТБ, які выдаў ёй крэдыт у памеры 150 млн даляраў пад заклад акцыяў прадпрыемстваў групы. У адпаведнасьці з пагадненьнем WTG абавязалася прадаваць ВТБ усё золата, якое здабываецца. Аднак у лютым 2013 года стала вядома, што кампанія ня выканала абавязаньні па аб’ёме паставак золата.
Канфлікт зь дзяржаўным банкам ВТБ, паводле зьвестак СМІ, і стаў прычынай крымінальнага перасьледу Фінскага. Згодна з дадзенымі «Новай газеты», падставай для расьсьледаваньня стала менавіта заява банку ВТБ пра непагашаны крэдыт, выдадзены кампаніі White Tiger Gold, а апэратыўнае суправаджэньне справы ажыцьцяўляе ФСБ Расеі. У сярэдзіне красавіка Фінскага зьмясьцілі ў СІЗА «Ляфортава», але там ён правёў каля тыдня і быў пераведзены пад хатні арышт.
У ВТБ ад афіцыйных камэнтароў адмаўляюцца. Дарэчы, ВТБ — другі банк па велічыні актываў у Расеі і першы па памеры статутнага капіталу. У Беларусі расейскі банк мае даччыную структуру — ЗАТ Банк ВТБ. Раней расейскі ВТБ таксама валодаў беларускім Банкам Масква-Менск, аднак увосень 2014 году расейцы прадалі свой пакет акцыяў Нацбанку Беларусі.
У прэс-службе групы ОНЭКСИМ, якая належыць Міхаілу Прохараву, паведамілі «Коммерсанту», што Фінскі на дадзены момант — сябра рады дырэктараў «Інтэргеа», яму належыць толькі 1% акцыяў кампаніі, але «гэта адзінае, што яго зьвязвае з ОНЭКСИМам». У ОНЭКСИМе падкрэсьлілі, што крымінальны перасьлед бізнэсмэна ніяк не зьвязаны зь бізнэсам групы. У ОНЭКСИМ таксама адзначылі, што «ім месцазнаходжаньне спадара Фінскага невядомае».