Калекцыянэр Вячка Целеш сабраў 4000 старых беларускіх паштовак

Вячка Целеш

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзэнтацыя альбому Вячкі Целеша «Гарады Беларусі на старых паштоўках». Свой унікальны збор паштовак калекцыянэр хоча падараваць Беларусі, як і альбом з аўтографамі айчынных клясыкаў, які ўжо перададзены ім у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Вядомы мастак і філякартыст — госьцем перадачы.

— Спадар Вячка, у любой калекцыі ёсьць свае унікумы. Якая самая ўнікальная паштоўка ў вашым філякартычным зборы?

— Самая ўнікальная — з аўтографам заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага, выдадзеная на пачатку ХХ стагодзьдзя. На паштоўцы, дарэчы, ёсьць штэмпэль Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Музэй закрылі, і літоўцы мне з задавальненьнем аддалі тую паштоўку. Не за так, вядома ж. Я ім прапанаваў Вільню — таксама рэдкія паштоўкі царскага часу, прычым даваў тры за адну... У маёй калекцыі ёсьць таксама рэдкія паштоўкі з краявідамі Віцебска, Берасьця, Горадні, датаваныя 1899 годам. Па часе гэта самыя старыя, выдадзеных раней пакуль не знаходзілі.

— А колькі ўсяго паштовак вы сабралі?

— Філякартыяй я займаюся ўжо каля пяцідзесяці гадоў. І за гэты час сабраў больш за 4000 старых беларускіх паштовак. Але я зьбіраў ня толькі беларускія, з краявідамі Рыгі, напрыклад, выдаў цэлы альбом. Потым, у мяне ёсьць поўная калекцыя савецкіх паштовак: 20-я, 30-я, 50-я, 60-я, 70-я гады. Але галоўны мой скарб — беларускія паштоўкі. Трэба зрабіць дакладныя каталёгі і напісаць гісторыю беларускай паштоўкі. Шкада, што пакуль у Беларусі няма спэцыялізаванага аддзелу ў якім-небудзь музэі, які займаўся б паштоўкамі. Я мог бы тут дапамагчы.

Паштоўка з калекцыі Ларысы Геніюш.

— Калі нейкі музэй зацікавіцца вашай калекцыяй, вы гатовы перадаць яе ў Беларусь?

— Гатовы. Да мяне часам зьвяртаюцца розныя калекцыянэры і прадпрымальнікі, якія робяць на паштоўках бізнэс. Просяць прадаць калекцыю. Але гэта значыць — пусьціць яе на вецер. Я ім заўжды адказваю: «Мая калекцыя належыць Рэспубліцы Беларусь». Гэта ж наша гісторыя.

— Я разумею гістарычную каштоўнасьць паштовак з краявідамі старых гарадоў ці мястэчак. Але які сэнс у зьбіраньні сумнеўнай якасьці глямуру? Вось і ў вашым альбоме ёсьць некалькі паштовак, на якіх надпісы «Привет из Гродно» і маладзіцы падазронай зьнешнасьці.

Дырэктар БДАМЛіМ Ганна Запартыка з альбомам Вячкі Целеша.

— Гэта рэклямныя паштоўкі, разьлічаныя на турыстаў. Я імі таксама асабліва не захапляюся. Самыя каштоўныя паштоўкі — царскага часу, канца ХІХ стагодзьдзя, да 1917 году. Яны вельмі якасна зробленыя. Потым пачалася Першая сусьветная вайна, частка Беларусі апынулася пад немцамі. Паштоўкі гэтага пэрыяду раней немагчыма было дастаць, у мяне іх было толькі некалькі. На іх — нямецкія акупанты, яны радуюцца, фатаграфуюцца на фоне Берасьця ці Баранавічаў. Але ж і гэта — наша гісторыя. Разумееце, па маіх назіраньнях, візуальная інфармацыя прасьцей даходзіць да людзей. Ня кожны будзе чытаць тоўстую кнігу пра сусьветную вайну. А паштоўкі паглядзець — і прыемна, і карысна. І галоўнае — мы бачым на іх будынкі, якія пазьней, у гады Другой сусьветнай, былі зьнішчаныя.

— А як вы робіце атрыбуцыю паштовак? У свой час у архіве Ларысы Геніюш я знайшоў цікавую паштоўку-алегорыю «Беларусь». І ўжо дзесяць гадоў не магу даведацца, хто яе аўтар.

Аўтограф Уладзімера Караткевіча.

— Паштоўка, пра якую вы гаворыце, ёсьць у маёй калекцыі. А ўпершыню я пабачыў яе якраз у зэльвенскай хаце Ларысы Антонаўны, яшчэ ў 70-я гады. Яна таксама ня ведала ні аўтара, ні выдаўца. Потым я знайшоў яшчэ адну паштоўку таго ж мастака, яна больш вядомая: на ёй акупанты разьдзіраюць мапу Беларусі. На абедзьвюх паштоўках адна і тая ж манаграма: кірылічная літара «б» і год — 1922. Гэта графіка найвышэйшага ўзроўню, такія паштоўкі на той час маглі выдаваць толькі ў Коўне, дзе знаходзіўся ўрад БНР, выходзілі беларускія кнігі і пэрыёдыка. Хто быў аўтарам паштовак, хто схаваўся за літарай «б»? Той, хто адкажа на гэтае пытаньне, зробіць адкрыцьцё.

— Вы заўжды прыяжджаеце ў Беларусь не з пустымі рукамі. Вось і гэтым разам Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва атрымаў ад вас альбом з аўтографамі. Раскажыце пра яго.

Верш-экспромт Рыгора Барадуліна.

— Гэта альбом водгукаў вялікага фармату і вагой больш за пяць кіляграмаў, я яго ледзьве давёз да Беларусі. А гісторыя яго такая. Калі я ў 1980 годзе ў Рызе збудаваў майстэрню, то завёў там кнігу водгукаў. Каб усе наведнікі і госьці (майстэрня для многіх была і гасьцініцай) пакідалі свае аўтографы. Мастакі каб малявалі, паэты — вершы пісалі. І за доўгія гады там назьбіралася вельмі шмат і малюнкаў, і запісаў. Прыкладам, Уладзімер Караткевіч ня толькі верш напісаў, але і малюнкі цікавыя пакінуў. Ён намаляваў мяне ў вобразе старажытнага беларуса, які вылазіць з крэмнездабыўнай шахты на маёй радзіме ў Краснасельскім з кіркай, зробленай з ласінага рогу. А малюнак суправадзіў радкамі: «Прыйшоў у Краснае Сяло, / дзе даўніх шахтаў веле, / і аж дыханьне заняло — / тут з шахты вылез Целеш». Пасьля застольля зьявіўся яшчэ адзін караткевічаўскі экспромт: «З майстэрні мілай пана Вячкі / паўзьлі мы ледзь не на карачках. / І дух наш ледзь трымаўся ў целе, / калі дамоў пусьціў нас Целеш». Але не падумайце, што мы ў майстэрні тады перабралі меру, так, пляшачка на пяцёх... У альбоме таксама пакінулі свае запісы Рыгор Барадулін, Сяргей Панізьнік, Кастусь Тарасаў, Алег Лойка, вядомыя артысты — Павал Дубашынскі, Стэфанія Станюта. З мастакоў у мяне пабывалі Леанід Шчамялёў, Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Мікола Купава. Зянон Пазьняк начаваў у майстэрні і таксама пакінуў свой аўтограф. Усіх аўтараў альбому нават пералічыць немагчыма. Беларусы, якія знаходзілі мяне ў Рызе, не міналі маёй майстэрні, якую так і называлі — «Беларускай хаткай».

Падзяка гаспадару “Беларускай хаткі” ад Стэфаніі Станюты і Зянона Пазьняка.