Ірына, і вам не была лянота выцягваць мабільнік, каб сфатаграфаваць проста дошку з выявай Леніна?
Першай я ўбачыла вось гэтую дошку: указ прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР за подпісамі Падгорнага і Геаргадзэ, што Беларуская чыгунка ўзнагароджаная ордэнам Леніна за высокія вытворчыя посьпехі. Калі я падышла бліжэй, я пабачыла, што на ёй няма ні пылінкі, яна чысьцюткая, як бы толькі што працёртая ваткай. І гэта на вакзале, дзе ў прынцыпе не бывае чыстых прадметаў!
Калі я зашчоўкала мабільнікам, падышоў нейкі чалавек і сказаў, што за рогам ёсьць яшчэ адзін Ленін. І сапраўды, там на другой дошцы быў увекавечаны факт, што Ленін аднойчы праяжджаў празь Берасьце. І зноў — барэльеф чысьцюткі, з кветачкамі. А Ленін усяго толькі праяжджаў. А ўявіце сабе, што б было, калі б ён тут раптам выйшаў, спыніўся ці ня дай Бог пераначаваў!
Быў бы мабыць Брэстам-Ленінградзкім. Дарэчы Татарстан актыўна ўзяўся за распрацоўку «Чырвонага маршруту» для кітайскіх турыстаў. Іх хочуць прывабіць у Казань тым, што тут жыў і быў выключаны з унівэрсытэту малады Ульянаў. Можа быць беларускія ўлады хочуць падкрэсьліць своеасаблівую савецкую прывабнасьць Берасьця для турыстаў? Ці што, у Расеі Леніных вы не заўважалі?
У Берасьці для мяне гэта быў грандыёзны кідок у мінулае. Пры тым што сама Расея сямімільнымі крокамі вяртаецца ў сваё мінулае ў нейкім сучасным вычварным варыянце. Так, Леніны там ёсьць, іх ніхто не чапае. Але я іх сапраўды не заўважала. Прыпамінаю сацыялістычныя мазаікі на Палацы моладзі ў Маскве. Але іх ужо дзесяцігодзьдзямі ніхто ня чысьціў, усё гэта такое занядбанае. А тут гэта дошчачка на вакзале проста блішчыць, яе ж кожны дзень націраюць!
Увогуле, калі едзеш на захад з Расеі празь Беларусь гэту розьніцу ў чысьціні адразу заўважаеш. У Расеі за акном былі нейкія разваленыя вёскі, пустыя палі, ніякіх дзікіх жывёлаў, сухая трава... Погляд на Беларусь пасьля Расеі і нават у параўнаньні з Польшчай прыемна адрозьніваецца.
Калі ўжо мы гаворым пра ардэнаносны вакзал. Ці адпавядае ён інфармацыйнымі службамі, буфэтамі, туалетамі, моўнай культурай гэтай высокай узнагародзе?
Так. Мне Берасьце і яго вакзал спадабаліся. Бачна, што горад жыве, як і 40 гадоў таму, гэтым вакзалам. Тыя самыя жанчынкі прапануюць бульбачку, дранікі, курачку. Той самы інвалід разносіць па вагонах газэты. Ну а гэтая клясычная перамена колаў! Мне будзе нават шкада берасьцейцаў, калі ўрэшце перастануць пераабуваць вагоны і столькі мужчынаў з лякаматыўнага дэпо страцяць працу. Ёсьць інфармацыя, што плянуюць пусьціць цягнік Масква-Бэрлін безь перамены колаў.
А хто ж тады перабудуе свае рэйкі — Беларусь з Расеяй ці Эўропа?
Хутчэй Эўропа. Падлічылі, што зь Берасьця праз польскую тэрыторыю будзе хутчэй і больш эфэктыўна пабудаваць.