Вяскоўцы знайшлі ў сьпісах «мёртвыя душы».
Сяляне кажуць, што будуць пратэставаць далей. Раённая газэта граміць апазыцыянэраў, якія «бяз мыла лезуць» у спораўскі канфлікт.
27 траўня Спорава наведала прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Тацьцяна Караткевіч. Выслухала актывістаў «Гавары праўду» і сацыял-дэмакратаў, якія расказалі пра азёрную праблему, сустрэлася зь вяскоўцамі.
Жыхары Спорава пратэстуюць супраць таго, што мясцовыя ўлады аддалі возера ў арэнду бізнэсоўцу Анатолю Заблоцкаму, не спытаўшыся думкі тутэйшых жыхароў.
Сяляне выявілі мёртвыя душы ў падпісных лістах за арэнду возера
Жыхары Спорава накіравалі скаргу ў аблвыканкам на дамову, паводле якой прадпрымальнік Анатоль Заблоцкі стаў арандатарам возера. У скарзе вяскоўцы даводзяць, што 320 подпісаў вяскоўцаў за дазвол арэнды спадару Заблоцкаму былі сабраныя яшчэ ў 2011 годзе. На момант конкурсу на арэнду возера ў 2014 годзе, кажа споравец Уладзімер Воўчак, памерла сама менш 15 чалавек з тых 320 падпісантаў. Пасьля 2011 году адносіны паміж спораўцамі і прадпрымальнікам сапсаваліся, таму цяпер, паводле спадара Воўчака, столькі подпісаў за арэнду сабраць бы не ўдалося:
«У 2014 годзе Анатоль Заблоцкі не сабраў бы і 10 подпісаў. Вы ж паглядзіце — цяпер супраць ягонага арандатарства падпісаліся больш 600 чалавек, на сход прыйшло больш 350 чалавек», — дадае Ўладзімер Воўчак.
На падставе гэтага сяляне патрабуюць прызнаць подпісы фіктыўнымі, страціўшымі законную моц і разарваць арэнду возера з прадпрымальнікам Анатолем Заблоцкім.
«Раёнка» граміць апазыцыянэраў і вінаваціць сьвятара
Газэта Бярозаўскага райвыканкаму «Маяк» выйшла з артыкулам галоўнага рэдактара Аляксандра Іванова пра сытуацыю ў Спораве. Аўтар выкрывае «партыйцаў з апазыцыі», якія лезуць усюды, дзе «збой ці непаразуменьне».
Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Валянцін Лазарэнкаў кажа, што гэта — закід у ягоны бок:
«Але нягледзячы на тое, што там майго прозьвішча і не напісана, рэдактар зрабіў мне добрую рэкляму, бо людзі ж разумеюць, што тут да чаго».
У газэце райвыканкаму выказваюцца прэтэнзіі і да праваслаўнага сьвятара, які стаў на бок сялянаў.
«Ён паводле сану свайго, руплівец Божы, абавязаны ўціхамірваць, заклікаць авечак праваслаўных да міру і супакою, а тут сьвяшчэннаслужыцель на трыбуне нечым быў падобны да абвінаваўцы...», — піша раённая газэта.
Спораўцы кажуць карэспандэнту Радыё Свабода, што вельмі абураныя артыкулам раёнкі:
«Справа ў тым, што гэта ж ня першы артыкул. І калі нас ужо тут галоўны рэдактар газэты „аблажыў“, то каму тут пісаць? У райвыканкам? То яны ж па камандзе гэтага райвыканкаму і пішуць. Пішуць артыкул абсалютна супраць нас!»
Тацяна Караткевіч у Спораве: «Вы вельмі хутка змабілізаваліся і атакавалі»
27 траўня Спорава наведала патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч з сваімі паплечнікамі. Сустрэча адбывалася ў працоўны час, на яе змаглі прыйсьці больш за дзясятак вяскоўцаў, збольшага пэнсіянэры. Спораўцы распавялі спадарыні Караткевіч пра свае праблемы, выказалі меркаваньне, што «з вашай дапамогай» возера ўдасца адстаяць.
Тацяна Караткевіч: «А чаго б хацелася для вашай мясцовасьці і Беларусі ўвогуле?»
Спадар: «Хацелася б, каб як даў Бог гэтыя азёры, каб яны і былі надалей для народу. А то пэўныя людзі — гаспадары, як гэта можна?.. І нават мы ня ведаем гэтых асобаў, ніхто нам іх не прадстаўляў, адкуль яны і што яны».
Тацьцяна Караткевіч: «Мяне вельмі парадавала ў вашай гісторыі, што вы вельмі хутка змабілізаваліся і разам атакавалі. Я тут з вамі згодная — рака, возера, лес павінны быць народным набыткам».
Спадарыня запыталася ў прысутных, якія ў іх чаканьні ад блізкіх ужо прэзыдэнцкіх выбараў.
«Звычайна кандыдатаў у нас хутка „зачыняюць“», — сьмяюцца спораўцы.
Спораўцы падзякавалі апазыцыянэрам за падтрымку ў іхнім змаганьні за возера:
«Бо мы ўжо ня ведалі, куды біцца і ў якія вароты грукацца, калі ўсе ідуць супраць нас мясцовыя ўлады».