«Расеі давядзецца заплаціць яшчэ больш высокую цану за яе дзеяньні ва Ўкраіне, калі Масква працягне агрэсіўную лінію супраць суседняй дзяржавы».
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы ў сераду на форуме Міжнароднай кансультацыйнай рады Інстытуту Брукінгса ў Вашынгтоне, заявіў, што ЗША і НАТО прыкладуць усе намаганьні, каб спыніць курс прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на застрашваньне суседніх дзяржаваў.
Байдэн назваў канфлікт на ўсходзе Ўкраіны «праверкай» для краінаў сьвету і запэўніў, што ЗША працягнуць аказваць дапамогу Ўкраіне. Віцэ-прэзыдэнт ЗША заклікаў украінскія ўлады да працягу дэмакратычных рэформаў і да пераадоленьня ўплыву «алігархаў» на выпрацоўку палітычных рашэньняў.