Пра гэта «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» паведамілі ў яе роднай вёсцы.
«Пахаваюць Кацярыну Трафімаўну сёньня на вясковых могілках», — распавялі «КП» у Александрыі.
«У Александрыі ў Кацярыны Трафімаўны застаўся невялікі драўляны домік, вельмі акуратны, там і газон, і кветкі прыгожыя, нават гароднiна садзіцца. Сам кіраўнік дзяржавы прыяжджаў за ім даглядаць. Дарэчы, быў у нас месяца паўтара-два таму, — распавядае старшыня Александрыйскага сельскага савету Аляксандар Шарстнёў. — Яшчэ некалькі гадоў таму Кацярына Трафімаўна ўвесь час прыяжджала ў вёску на лета, яна да апошняй хвіліны падтрымлівала сувязь з радзімай. Хутчэй за ўсё, яе пахаваюць каля родных, яна ж сама з шматдзетнай сям’і, і сваякоў вельмі шмат».
У мясцовай школе распавялі, што апошнім разам Кацярына Трафімаўна прыяжджала ў Александрыю гады тры таму.
Пра сьмерць маці Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўныя СМІ паведамілі сёньня раніцай, адзначыўшы, што ў сувязі з гэтым ягоны візыт у Пакістан пераносіцца на два дні.
Большую частку свайго жыцьця маці Аляксандра Лукашэнкі Кацярына Трафімаўна пражыла ў невялікай старой хаце ў вёсцы Александрыя-2. Пра гэта кажа жыхар Шклова, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Працяглы час ён кіраваў раённай камунальнай гаспадаркай. Ня раз бачыўся з Кацярынай Трафімаўнай Лукашэнкай. Паводле палітыка, зьмены ў ейным жыцьці надышлі пасьля таго, як сын стаў кіраўніком дзяржавы.
Кацярына Трафімаўна да абраньня Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцтва, зазначае Рыгор Кастусёў, жыла ў невялікай старой хаціне, якая перайшла ёй у спадчыну ад маці. Гэты дом зьнесьлі.
«Хата была дужа старая. Цяпер яе ўжо няма. Калі Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, Кацярыну Трафімаўну перасялілі ў катэдж у цэнтральную частку Александрыі. На месцы хаты цяпер стаіць новы будынак. Гэты дом, відаць, ніяк не выкарыстоўваецца, але ўчастак той дагледжаны. Рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца побач з домам, у якім ён вырас».
Да абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнцтва ён быў на пасадах парторга саўгасу, кіраўніка саўгасу, але чамусьці не палепшыў у той час жыльлёвыя ўмовы сваёй маці, хоць, заўважае Рыгор Кастусёў, у яго былі такія магчымасьці.
«Матэрыяльныя магчымасьці Аляксандра Лукашэнкі дазвалялі на той час. Але чаму ён не палепшыў умоваў пражываньня для маці? Мне цяжка казаць, чаму, але верагодна, што яна і сама гэтага ня надта хацела. Ведаю дакладна, што яна дужа не хацела перабірацца ў Менск з Александрыі. Яе неяк удалося ўгаварыць. Яна хацела дажыць свой век у Александрыі».
Паводле Рыгора Кастусёва, стаўленьне ў вёсцы да Кацярыны Трафімаўны была рознае. Нехта, кажа ён, ставіўся да яе зычліва, нехта недалюбліваў.
«Гэта звычайная вясковая сытуацыя. Дзіўнага тут няма нічога. Нехта казаў, што яна была жанчынай нелюдзімай, негаваркой. Тое, што бачыў я, дык яна не асабліва ішла на кантакты зь людзьмі. Тыя, хто добра яе ведаў, хто разам зь ёй рос, казалі, што яна была таварыская. Яна, відаць, і сама праводзіла разьмежаваньне сярод людзей — з кім мець дачыненьні, а з кім не. Але збольшага па характары яна была ўсё ж больш замкнёная. Пра гэта кажуць і людзі».
«Але трэба заўважыць, што ў Кацярыны Трафімаўны не было мужа і ёй даводзілася адной ставіць на ногі сына. Гэтая акалічнасьць накладала адбітак на стаўленьне аднавяскоўцаў, не заўжды пазытыўнае, да яе», — зазначае Рыгор Кастусёў.
Кацярына Трафімаўна прэзыдэнцтвам сына не «казырала», кажа Кастусёў.
«Стаўленьне да яе мясцовай улады з прэзыдэнцтвам сына зьмяніліся дужа рэзка. Значна ўзрасла ўвага да яе. Яе ж паводзіны асабліва не зьмяніліся. Мне некалькі разоў даводзілася яе бачыць, і я ня ўгледзеў нечага адметнага ў паводзінах. Яна не імкнулася ніяк вылучыцца з аднавяскоўцаў».
«Мясцовыя ўлады, зразумела, імкнуліся дагадзіць. Неяк яна зайшла ў краму, — працягвае Кастусёў, — і там не было нейкага патрэбнага для яе тавару. І гэты выпадак стаўся нагодай для разборак у райвыканкаме. Чыноўнікі пільнавалі, каб крама, куды наведвалася Кацярына Трафімаўна, была з поўным асартымэнтам тавару».