Сьвяцкая: «Сямён Георгіевіч ня мог нават размаўляць пра пахаваньне маці»
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Сямён Шарэцкі быў вымушаны пакінуць краіну пасьля роспуску вышэйшага заканадаўчага органа ў лістападзе 1996 году. У выніку ён ня змог прысутнічаць на пахаваньні сваёй маці, якая памерла ў 2000 годзе. Грамадзка-палітычная актывістка Валянціна Сьвяцкая, якая кантактавала зь Сямёнам Шарэцкім, узгадвае, як гэта адбывалася:
«Узрост у яе быў досыць сталы — гэта чалавек, які перажыў вайну, страціў мужа, і яна адна ставіла сына на ногі. Словам, гэта быў лёс звычайнай сялянскай жанчыны. Яна моцна хварэла і заўсёды была зь ім. І калі Сямён Георгіевіч быў вымушаны зьехаць, то ён моцна перажываў і хваляваўся. Для яго быў вельмі цяжкі ад’езд зь Беларусі. А тое, што ён ня можа дапамагчы сваёй маці, то гэта для яго было дадатковым моцным маральным ціскам.
Калі ж маці памерла, то Сямён Георгіевіч ня змог прыехаць, бо для яго гэта было небясьпечна. І калі маці пахавалі, а я неўзабаве зь ім сустракалася, то ён нават ня мог пра гэта размаўляць. Ён вельмі любіў сваю маці і вельмі пакутаваў, як пазьней казаў, што ня ён правёў яе ў апошні шлях. Ён адчуваў, што не да канца выканаў свой абавязак сына, і вельмі моцна гэта перажываў. Для яго гэта была вельмі вялікая рана на сэрцы і вельмі балючая. Вельмі».
Пазьняк: «Гэтыя людзі, якія былі на пахаваньні маці, — яны мне як браты»
Былы сябра Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны пакінуць Беларусь у 1996 годзе пасьля драматычных падзей у Вярхоўным Савеце. З прычыны палітычнай эміграцыі ён ня мог разьвітацца з маці Ганнай Яфімаўнай, якая памерла ў 2012 годзе. Пра гэта ўзгадвае намесьнік Зянона Пазьняка ў КХП БНФ Юрась Беленькі:
«Калі гэта здарылася, то мы былі ў сталым кантакце зь Зянонам Станіслававічам. Мы яго вельмі падтрымлівалі, бо яму было вельмі цяжка. Тым больш што мы ведалі, якую ролю ў ягоным жыцьці грала маці. Яна была вельмі адукаваная, яна мела добрую бібліятэку і ўмела вельмі мудра і спакойна рэагаваць на падзеі, якія адбываліся. Калі на БТ ці ў іншых месцах казалі, што вашага сына трэба павесіць ці расстраляць, то яна спакойна казала, што гэтых людзей трэба шкадаваць, бо яны маюць мала Бога ў сваім жыцьці. Гэта вельмі была вельмі моцная асоба з глыбокай хрысьціянскай маральлю, і яна вельмі моцна паўплывала на фармаваньне Зянона Станіслававіча. Калі яна памерла, то мы, фронтаўцы, пахавалі яе паводле яе жаданьня ў Суботніках, каля родных. Калі труна стаяла каля роднай хаты, то падыходзілі людзі і шмат казалі пра яе справядлівасьць, праўдзівасьць — людзі яе паважалі. Адпявалі ў касьцёле, які быў поўны. Мы пасьля паказалі гэтыя здымкі Зянону Станіслававічу, і ён сказаў, што ўсе гэтыя людзі, якія былі на пахаваньні, — „яны мне як браты“».