Рэжысэр Вольга Мікалайчык пакараная 13 суткамі арышту за акцыю 29 красавіка каля расейскай амбасады, а праваабаронца Кацярына Садоўская за гэтую ж акцыю атрымала штраф 60 базавых велічынь.
Актывісты хацелі перадаць у расейскую амбасаду касмэтычку для расейскіх байкераў.
Садоўскую судзіў судзьдзя Якунчыхін, а Вольгу Мікалайчык — судзьдзя Хома.
Супроць Вольгі Мікалайчык сьведчыў міліцыянт Іван Паплаўскі, які 29 красавіка дзяжурыў на ўваходзе ў амбасаду Расеі. Пра тое, што адбылося каля амбасады, Іван Паплаўскі склаў два пратаколы, прычым абодва апынуліся ў справе, хоць першы істотна адрозьніваецца ад другога, які быў складзены пазьней. У першым пратаколе міліцыянт напісаў, што Вольга Мікалайчык пакінула каля амбасады пакунак і сышла, а ён яе дагнаў і затрымаў за непадпарадкаваньне, бо яна адмовілася забраць пакунак з сабой. У другім пратаколе ўжо зьявіліся зьвесткі, што Мікалайчык крычала, брыдкасловіла, а таксама клалася на асфальт, не жадаючы падпарадкоўвацца міліцыі. Зьяўленьне другога пратаколу Іван Паплаўскі патлумачыў сваёй ініцыятывай — нібыта каб «больш поўна» адлюстраваць падзеі.
Між тым, паводле Вольгі Мікалайчык, міліцыянт Іван Паплаўскі пісаў другі пратакол на загад свайго кіраўніцтва. «Гэта адбывалася на маіх вачах, пакуль мяне трымалі ў пастарунку», — згадала Вольга Мікалайчык.
Іван Паплаўскі сьведчыў і супроць праваабаронцы Кацярыны Садоўскай, якая прыйшла з Вольгай Мікалайчык да расейскай амбасады. Паводле сьведкі, Кацярына Садоўская таксама нібыта адмаўлялася падпарадкоўвацца міліцыі і дзеля гэтага «ўкладвалася на асфальт».
На абодвух працэсах судзьдзі адмовілі ў хадайніцтвах, каб запатрабаваць зь міліцыі відэа, на якое запісваюцца ўсе падзеі вакол будынку амбасады.
У адрозьненьне ад працэсаў, дзе выносіліся пастановы аб адміністрацыйным арышце, Вольгу Мікалайчык адразу пасьля суду не затрымалі. Паводле адваката, актывістку арыштуюць цягам 5 дзён. Вось як пракамэнтавала прысуд Вольга Мікалайчык:
«Мне 13 сутак прысудзілі. То бок аднімуць ад майго жыцьця, якое і так кароткае, 13 дзён. Буду сядзець нізавошта. Гэта ганебна! Бачна, што на Беларусі няма судоў, бо я ж нічога не парушала. Спадзяюся, прыйдзе час і гэтыя людзі, якія фабрыкавалі справу ды ілжэсьведчылі, адкажуць».
Праваабаронца Кацярына Садоўская зьвязала жорсткую рэакцыю ўладаў на іхныя дзеяньні з пазыцыяй Беларусі адносна падзей ва Ўкраіне:
«Што тут можна сказаць? На загад Лукашэнкі ў Беларусі прымушаюць прызнаць законнасьць анэксіі Крыму і ўварваньня ва Ўкраіну. А паколькі я выступіла супроць гэтага, мяне і пакаралі. То бок гэта азначае, што кожны беларус, які будзе выступаць супроць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, будзе пакараны. Гэтым Лукашэнка дэманструе сваю адданасьць Расеі».