Ці можа ў Беларусі зьмяніцца ўлада бяз выхаду людзей на Плошчу?

Апытаньне Свабоды ў Горадні.

Ніхто з патэнцыйных удзельнікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі не гатовы заклікаць людзей на пасьлявыбарчы пратэст на Плошчу. А ці можна зьмяніць уладу бяз Плошчы? Адказваюць гарадзенцы.

Мужчына сярэдняга веку: «Можа, толькі зь цягам часу. Любая ўлада, нават самая дыктатарская, яна ўсё роўна адлюстроўвае як бы асноўныя тэндэнцыі народа. І любы дыктатар ня пойдзе супраць волі асноўнай часткі народа. Так што зь цягам часу, магчыма, нешта зьменіцца і ў нас — гэта калі людзі зьменяць свае погляды на жыцьцё. А пакуль маем тое, што маем...»

Мужчына перадпэнсійнага веку: «Не, у нас такое немагчыма, як цяпер у Польшчы было. Там іншая сыстэма, людзі думаюць па-іншаму, у іх іншы мэнталітэт. А ў нас людзі да гэтага не гатовыя, яны зацыкленыя на тым, што вось, маўляў, „бацька“. Большасьць настроеныя на ягоны лад жыцьця».

Малады хлопец: «Не, бяз гэтага ў нас немагчыма. Як кажуць, трэба вучыцца на памылках. Дый людзям трэба паказваць, як і што трэба дзеля гэтага рабіць, каб атрымалася па-іншаму».

Мужчына пэнсійнага веку: «Ня ведаю, нават думак няма ніякіх...»

Your browser doesn’t support HTML5

Ці можа ў Беларусі зьмяніцца ўлада бяз выхаду людзей на Плошчу?

Жанчына сярэдняга веку: «Як кажа гісторыя — у нашай сытуацыі так немагчыма. Гісторыя сьведчыць, што заўсёды даводзілася выходзіць на вуліцу. Некаторыя бачаць, як, да прыкладу, у Польшчы гэта адбылося, але такіх людзей мала, большасьць гэтага нават ня ведае. А ў гісторыі заўсёды так было, што за кавалак хлеба людзі мусілі змагацца».

Мужчына перадпэнсійнага веку: «Ды ў нас ня будзе болей ніякіх выхадаў на плошчу, бо народ ужо нацярпеўся і ведае, што калі прыйдзе іншы, то ўсё пачнецца па-новаму. А гэты справядлівы і да людзей ставіцца добра. І я ня веру, што вынікі выбараў падрабляюць. У нас усё чэсна і справядліва».

Мужчына пэнсійнага веку: «У нас усё будзе мірна, бо людзі ўжо выбралі, за каго яны будуць галасаваць. І думаю, што людзі яму давяраюць, і выбары адбываюцца, ну, у крайнім выпадку, у асноўным чэсна».

Жанчына перадпэнсійнага веку: «Я ведаю, што ўсё роўна абяруць Аляксандра Рыгоравіча. А тое, што зараз праблемы, то Лукашэнка тут ні пры чым. Гэта, відаць, нешта круцяць мясцовыя ўлады. І выбары ў нас адбываюцца чэсна, я ім давяраю. Пры Аляксандру Рыгоравічу жывецца нядрэнна: няма ніякіх войнаў і праблемаў».