Камароўскі прызнаў паразу на выбарах прэзыдэнта Польшчы

Анджэй Дуда

Новым прэзыдэнтам Польшчы стане прадстаўнік апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Анджэй Дуда.

Дзейны прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі прызнаў перамогу свайго канкурэнта Анджэя Дуды на прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў мінулую нядзелю.

62-гадовы Камароўскі заявіў, што паважае рашэньне выбарцаў і пажадаў свайму апанэнту «пасьпяховага прэзыдэнцтва».

Перамога 43-гадовага Дуды зьяўляецца першым за амаль 10 гадоў вялікім выбарчым посьпехам апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць», якая блізкая да каталіцкага касьцёла.

Правацэнтрысцкая партыя «Грамадзянская плятформа» Камароўскага кіравала краінай на працягу апошніх васьмі гадоў. Прэзыдэнт, які пакідае пасаду, зьяўляецца саюзьнікам дзейнага прэм’ер-міністра Эвы Копач.

У Польшчы прэм’ер кіруе ўрадам, а прэзыдэнт зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сіл, мае ўплыў на фарміраваньне зьнешняй палітыкі, можа вэтаваць законы і кантралюе Цэнтральны банк.

Анджэй Дуда, які пасьля першага тура, што адбыўся 10 траўня, меў нязначную перавагу, у другім туры 24 траўня атрымаў, паводле вынікаў экзыт-полаў, 53% галасоў выбарцаў. Абвяшчэньне канчатковых афіцыйных вынікаў чакаецца пазьней за 25 траўня.