У галоўным конкурсе найбуйнейшага кінафэстывалю ў сьвеце за «Залатую Пальму» змагаліся 19 фільмаў. Сярод іх кінастужкі амэрыканскіх, францускіх, італьянскіх, японскіх і дацкіх рэжысэраў.
Галоўным прызёрам стаў фільм Францускага рэжысэра Жака Одзьяра пра тамільскіх імігрантаў у Францыі «Дыпан». Другі па значэньні прыз фэстывалю, Гран-пры, быў аддадзены вугорскаму фільму «Сын Саўла».
На афішы сёлетняга Канскага кінафоруму — Інгрыд Бэргман — зорка «Касаблянкі» і «Жаны Д’Арк», у 2015-м ёй бы споўнілася 100 гадоў. Адна з асноўных тэмаў цяперашніх Канаў — гэта прызнаньне заслуг жанчынаў.
Беларускія кінастужкі ў афіцыйную конкурсную праграму сёлета не ўвайшлі. Аднак Беларусь на Канскім кінафэстывалі прадстаўленая была.
Што беларускага паказалі ў Канах-2015?
1. У дзень адкрыцьця кінафэстывалю ў Канах прайшоў закрыты паказ нашумелага ў Беларусі фільму «Код Каіна» (іншыя назвы: «Авэль», «Мы, браты»). Паказ для прадусараў і дыстрыбутараў прайшоў у межах кінарынку Канскага фэстывалю.
2. У конкурсную праграму «Два тыдні рэжысэраў» увайшоў фільм францускага рэжысэра Арно Дэплешана «Тры ўспаміны з маёй маладосьці». Частка фільму здымалася ў Беларусі. Прэм’ерны паказ кінастужкі прайшоў 15 траўня ў Канах.
3. Падчас Канскага фэстывалю дзейнічаў Нацыянальны павільён Беларусі. Як паведамляе сайт «Беларусьфільму», беларуская дэлегацыя ў Канах «праводзіла перамовы і дамаўлялася пра супрацу». 18 траўня ў павільёне прайшла прэзэнтацыя беларуска-францускага кароткамэтражнага праекту «Заўтра пасьля вайны». Аўтар фільму — маладая беларуская рэжысэрка Дар’я Юркевіч.
4. У праграму кароткамэтражнага кіно Short Film Corner увайшлі фільмы з удзелам беларускай здымачнай групы.
«Вартаўнік» («The Guard) — дэбютная праца ў кіно маладога беларускага драматурга, аўтара п’ес і тэатральнага рэжысэра Віктара Красоўскага.Гэты кароткамэтражны фільм заняў перашае месца на леташнім кінафэстывалі Bulbamovie, які праходзіць у Варшаве.
Беларуска Марыя Курачава стала адной з трох рэжысэраў кароткамэтражнага трылера «Вылет» (Departure). Фільм быў цалкам зьняты на iPhone, здымкі праходзілі ў Беларусі, Лос-Анджэлесе і Парыжы.
«Сцэны ля мора» — дэбютная рэжысэрская праца Кірыла Захарава (Расея, Францыя, Беларусь). Фільм распавядае гісторыю мужа і жонкі, якія год таму страцілі дзіця, але не зразумелі яшчэ гэтай трагедыі.
5. Апроч таго, госьцяй кінафэстывалю ў Канах стала беларуская мадэль Таня Дзягілева. Падчас цырымоніі адкрыцьця фэстывалю яна выйшла на чырвоную дарожку разам зь іншымі мадэлямі.
Летась на Канскім фэстывалі ў праграме «Асаблівы погляд» быў прэзэнтаваны дакумэнтальны фільм «Майдан» рэжысэра Сяргея Лазьніцы, які нарадзіўся ў Беларусі. А ў кінастужцы «Племя» ўкраінскага рэжысэра Міраслава Слабашпіцкага, якая атрымала галоўны прыз у сэкцыі «Тыдзень крытыкі» Канскага кінафэствалю-2014, галоўную ролю выканала глуханямая беларуская акторка з Гомеля.
У 2012 годзе на Канскім кінафэстывалі ў межах кінакірмашу быў прэзэнтаваны фільм «Жыве Беларусь», адным з рэжысэраў і аўтарам сцэнару якога зьяўляецца беларускі журналіст Франак Вячорка.