На Канскім фэстывалі правялі акцыю ў падтрымку ўкраінскага рэжысэра Сянцова, якога захапілі і трымаюць ў Расеі

Падчас прагляду фільмаў-удзельнікаў Канскага кінафэстывалю дэманстраваўся фотаздымак украінскага рэжысэра Алега Сянцова са словамі «Свабоду Алегу Сянцову».

Патрабаваньне адрасавалася расейскім уладам, якія незаконна захапілі ў Крыме рэжысэра і цяпер зьбіраюцца судзіць яго паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэракту.

Акцыя салідарнасьці з Алегам Сянцовым праходзіць на фэстывалі ў межах праграмы «Двухтыднёвік рэжысэраў», якую арганізавалі Эўрапейская кінаакадэмія і Гільдыя францускіх кінэматаграфістаў.

На адкрыцьці праграмы прэзыдэнты Гільдыі Сэлін Ск’яма і П’ер Салаворы агучылі зварот у падтрымку Алега Сянцова.

«Я належу да міжнароднай супольнасьці рэжысэраў і ў сувязі з гэтым прашу прэзыдэнта Пуціна вызваліць аднаго з нас — украінскага рэжысэра Алега Сянцова, якога абвінавачваюць ў „падрыхтоўцы тэрактаў“, што ён катэгарычна адмаўляе. Яму пагражае да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня. Разам з усімі рэжысэрамі, якія падпісалі гэты зварот, я асуджаю спробу судзіць за прыдуманае злачынства. Агрэсія супраць Алега Сянцова — гэта агрэсія супраць усіх рэжысэраў па ўсім сьвеце».

Алег Сянцоў быў затрыманы ў Крыме супрацоўнікамі ФСБ Расеі ў траўні 2014 году. З тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Яго абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Сымфэропалі, Ялце і Сэвастопалі з мэтай дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі на паўвысьпе.

Адвакат Сянцова заяўляў, што ў крымскім СІЗА яго катавалі. Рэжысэр віну не прызнае. Акрамя яго, у гэтай справе арыштаваныя яшчэ тры чалавекі.

Вызваліць Сянцова заклікаюць многія яго калегі і праваабаронцы, якія лічаць яго палітычным зьняволеным. На іх думку, абвінавачваньні супраць Сянцова сфабрыкаваныя, а рэжысэр быў затрыманы за сваю грамадзянскую пазыцыю. Сянцоў — актыўны ўдзельнік Эўрамайдану.