Бізнэсовец кажа пра ўдзел Пуціна ў хабарніцтве

Уладзімір Пуцін

У Нью-Ёрку бізнэсовец родам з Пецярбургу Максім Фрэйдзон спрабуе судзіцца з расейскімі кампаніямі «Газпром» і «Лукойл» і іх кіраўніцтвам у рамках закона «Аб тых, хто трапіў пад уплыў рэкеціраў і карумпаваных арганізацыях».

Фрэйдзон сьцьвярджае, што гэтыя кампаніі незаконна набылі яго долі ў нафтавым бізнэсе, якія той меў у 1990-я гады. Фрэйдзон, які ў Пецярбургу меў мянушку «Макс-збройнік», быў сьведкам раньняй кар’еры Ўладзіміра Пуціна і вырашыў распавесьці падрабязнасьці. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў не адказаў на запыт Радыё Свабода пра камэнтары, але зрабіў публічную заяву пра атаку на Пуціна з боку заходніх выданьняў, якія цікавяцца падзеямі ў Пецярбургу 90-х.

Прапануем вашай ўвазе фрагмэнт інтэрвію Максіма Фрэйдзона расейскай службе Радыё Свабода.

— Уладзімір Пуцін, мяркуючы па распараджэньнях Сабчака, у 1993 годзе займаўся, сярод іншага, «утылізацыяй боепрыпасаў з мінулымі тэрмінамі захоўваньня». Але ваша прадпрыемства да гэтага дачыненьня не мела?

— Не. Ён у той момант, сярод іншага, курыраваў праваахоўныя органы, і якраз зь яго аддзелам у мэрыі мы разам пісалі праграму па ўкараненьні паліцэйскай зброі ў праваахоўныя органы. Праграма была спачатку рэгіянальная, потым плянавалася зрабіць яе фэдэральнай, таму што яна патрабавала зьмены так званага нуль-першага загаду аб тым, якая зброя можа быць на ўзбраеньні ў паліцэйскіх. Гэта ўзгаднялася з Уладзімірам Уладзіміравічам, з кіраўніцтвам ФСБ, з кіраўніцтвам МУС і з маскоўскім ведамствам, якое гэтым таксама займалася. На гэтым фоне мы дастаткова плённа працавалі.

— Чаму Пуціну гэта было цікава?

— Па-першае, гэта была яго прамая дзейнасьць у той момант. Па-другое, гэта было зьвязана з ведамствамі, зь якімі ён у той момант быў цесна зьвязаны. Ну і потым, усё ж такі мы за гэта заплацілі. Грошай далі.

— У сэнсе — хабар?

— У сэнсе — хабар...

— І як жа яго перадалі?

Уладзімір Уладзіміравіч ва ўласьцівай супрацоўніку спэцслужбаў манэры проста пісаў суму падчас гутаркі.

— Грошы заўсёды звычайна браў памочнік Уладзіміра Уладзіміравіча Лёша Мілер. [Аляксей Міллер цяпер узначальвае кампанію «Газпром» — РС.] А Уладзімір Уладзіміравіч ва ўласьцівай супрацоўніку спэцслужбаў манэры проста пісаў суму падчас гутаркі.

— У фільме Ігара Шадхана «Улада» (1991) Уладзімір Пуцін кажа, што хабараў яму практычна ніхто і не прапануе: ад яго нічога не залежыць. Гэта было не так?

— Асабіста ў рукі грошай я яму не даваў. Але Лёша Мілер цалкам спраўляўся з гэтай прыемнай функцыяй. Можа, вядома, пакідаў сабе, але чамусьці я сумняваюся.

— Дорага было?

— 10 тысяч даляраў. Па тых часах — грошы. Сума залежала, наколькі я ведаю, ад таго, які плянуецца профіт. У нас наперадзе было яшчэ шмат крокаў. Мы разьлічвалі на тое, што будзем забясьпечваць пецярбурскую паліцыю і гэта будзе доўгачасовы заказ, праца вытворчасьці ў «Военмехе». То бок, гэта быў даўгабуд.

— Што ў выніку атрымалася?

— У выніку мы атрымалі ліцэнзію на вытворчасьць экспэрымэнтальнай гладкаствольнай зброі. Але нас падвяла чачэнская вайна, таму што ўжо да канца 1995 зьявіўся закон, які ўзмацняў жорсткасьць кантролю як за прыватнай вытворчасьцю, гэтак і за абаротам зброі ў цэлым. І гэтак жа, як і ўсюды, у Злучаных Штатах у сувязі з гэтым было некаторае замарожваньне ўсяго праекту.

— У вас была мянушка «Макс-збройнік»?

— Ну, я займаўся зброяй. Напэўна, была. Але мы хацелі займацца ў асноўным вытворчасьцю, гандлем мы не займаліся. Мы прывозілі ўзоры ў адзінкавым варыянце і рабілі асноўны ўпор на «Военмех», у якога, вядома, была ліцэнзія на вытворчасьць усіх відаў зброі.

— А ідэя была ваша? У інтэрвію японцам (1993, часопіс Playgraph) Пуцін кажа: «Санкт-Пецярбург забясьпечвае 70% ваеннай прамысловасьці ў краіне. Гэта самая моцная галіна гораду, але тут супрацоўніцтва з Захадам пакуль адстае... Мне абавязкова хацелася б дамагчыся посьпеху ў бізнэсе і ў гэтай галіне».

— Ну, вядома, зацікаўленасьць была. Зброя — гэта такія мужчынскія цацкі. Тым больш, паколькі мы займаліся не баявой, а паляўнічай зброяй, гэта асобная жарсьць. У Пуціна яе, па-мойму, няма, ва ўсякім разе, не назіралася, а ў многіх людзей гэта проста жарсьць. Добрая паляўнічая стрэльба — выдатны падарунак мужчыну. Гэта быў мой праект, я быў генэральным дырэктарам СП. Уладзімір Уладзіміравіч нам дапамог.

Цалкам чытаць інтэрвію тут.