Кант і Чалябінск

Імануіл Кант

Аднойчы ў маладосьці мы зь сябрам паспрачаліся. Заклаліся. Хто прайграе, павінен быў пайсьці на вакзал, узяць квіток і паехаць туды, куды той, хто перад табой у чарзе ў касу.

Прайграла я.

Людзі зь Менску ехалі ў Асіповічы, Рудзенск, Маладзечна. Чалавеку, які стаяў перада мной, аказалася, трэба ў Чалябінск. Пройгрыш, доўг гонару.

Двое сутак у цягніку. Афіцыянтка ў Чалябінску за польскую біжутэрыю пусьціла пераначаваць. Квіткоў назад не было. Рванула ў Казань, адтуль — у Рыгу. Там ужо амаль дома.

Тыдзень авантуры стаў фантанам уражаньняў. Зь некаторымі спадарожнікамі перапісваемся дагэтуль. Ні разу не пашкадавала, што паехала.

А спрачаліся пра тэорыю апэрцэпцыі Канта.


Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org ​