У почаце беларускіх сьвятых можа зьявіцца яшчэ адна постаць — Францішак Скарына. Чым гэта абумоўлена? Госьцем перадачы — сакратар ініцыятыўнай групы па кананізацыі беларускага першадрукара прафэсар Адам Мальдзіс.
Слухайце перадачу тут:
Your browser doesn’t support HTML5
— Адам Восіпавіч, ёсьць адно месца ў Беларусі, дзе Скарына ўжо кананізаваны. У хаце слыннага Алеся Белакоза ў Гудзевічах на покуці вісіць абраз са Скарынам, а перад ім лямпадка вісіць. Так што ў народным разуменьні наш першадрукар і так у вялікай пашаноце. Навошта яму яшчэ і царкоўная кананізацыя?
— А я й ня ведаў пра гудзевіцкую «кананізацыю». Гэта цікавы факт. На маю думку, павінна быць справядлівасьць — асьветнікі Кірыла і Мяфодзі аднесеныя ж да ліку сьвятых. А чым Скарына за іх горшы? Вы кажаце пра пашаноту... На жаль, не заўсёды ёсьць тая пашанота. Я добра памятаю, як на нас нападалі супрацоўнікі акадэмічнага Інстытуту гісторыі, калі мы, літаратуразнаўцы, прысьвечаныя Скарыну выданьні (каля 10 кніг, якія выйшлі да 500-годзьдзя першадрукара) вылучылі на Дзяржаўную прэмію. Гучалі меркаваньні, што Скарына — ашуканец, бо назваўся каталіцкім імем Францішак, каб паступіць у Кракаўскі ўнівэрсытэт...
— Гэта даўняя дыскусія: хто быў Скарына па веравызнаньні. Вы ж нібыта адшукалі нейкія дакумэнты, якія ставяць кропку ў гэтай дыскусіі. Пра што ў тых дакумэнтах гаворыцца?
— Тыя дакумэнты сьведчаць, што з канца XV стагодзьдзя ў Полацку існаваў каталіцкі Бэрнардынскі ордэн, які вёў там актыўную прапаведніцкую дзейнасьць, меў права хрысьціць людзей. Дарэчы, падмуркі бэрнардынскага касьцёлу ў Полацку адшуканыя. Дзейнасьць полацкіх бэрнардынцаў набыла такі размах, што яшчэ ў 1501 годзе ёю быў занепакоены маскоўскі цар Іван ІІІ. І вось, як мяркуе гісторык ордэна Кантак, полацкія бэрнардынцы ахрысьцілі мноства палачанаў, у тым ліку і сям’ю Францішка Скарыны, якая ад пачатку была праваслаўная. Калі прыняць на веру цьверджаньне Кантака, то многае становіцца зразумелым. Скажам, такі выпадак. Вялікі герцаг прускі Альбрэхт захацеў, каб Скарына прыехаў у Каралевец (Кёнігсбэрг). Паколькі ў Вільні не было грошай на кнігавыданьне, Скарына ўзяў ды паехаў. А потым паглядзеў, што ад яго патрабуе Альбрэхт, і ўцёк адтуль. А прускі герцаг хацеў, каб Скарына выдаваў пратэстанцкія кнігі на тэрыторыі Прусіі і Жамойці. Для Скарыны гэта была б здрада праваслаўю, а ён здраджваць не хацеў. Таму і ўцёк, прыхапіўшы з сабой друкара-габрэя. Да 1498 году сям’я Скарыны была праваслаўнай, значыць, і імя яго было іншым, магчыма, што і Георгій. Але гэта ня мае вялікага значэньня з той прычыны, што за ім заставаліся і старое імя, і новае імя, бэрнардынскі ордэн гэта дазваляў. Думаецца, невыпадкова Скарына прыняў імя Францішка, бо адным з апекуноў ордэна быў сьвяты Францішак.
— Сёньня Скарына роўнавялікі для ўсіх — для праваслаўных, католікаў, уніятаў. Калі ж яго кананізуе нейкая адна царква, прыкладам, каталіцкая, ці не зашкодзіць гэта Скарыну?
— Можа зашкодзіць і Скарыну, і беларусам як народу. Калі так станецца, у нас майдану, спадзяюся, не адбудзецца, але сур’ёзныя сутычкі могуць мець месца. І сяму-таму з нашых суседзяў «скарынаўскі раскол» быў бы на руку. Таму трэба, каб у справе кананізацыі Скарыны тры царквы — каталіцкая, праваслаўная і ўніяцкая — ішлі разам, ці хоць паралельна.
— А ці быў за тысячу гадоў хоць адзін падобны выпадак? Нешта я не прыпомню.
Сяму-таму з нашых суседзяў «скарынаўскі раскол» быў бы на руку
— Тут можна згадаць гісторыю з Сафіяй Слуцкай. Яна ж цяпер у нас праваслаўная сьвятая, у Слуцку помнік стаіць, а новыя апублікаваныя матэрыялы гавораць, што яна была замужам за Радзівілам, які быў пратэстантам. Тут, праўда, трэба разумець адну акалічнасьць. У той час не патрабаваўся ніякі пераход з адной канфэсіі ў другую. Лічылася, што пратэстантызм — гэта таксама хрысьціянства. І для Скарыны пераход у каталіцтва таксама быў не істотным. Ён цытаваў у сваіх прадмовах айцоў царквы — і праваслаўных, і католікаў. Ён нідзе не выступаў ворагам праваслаўя. Наадварот, ён паехаў у Маскву прадаваць кнігі сярод праваслаўных. Значыць, менавіта праваслаўных ён лічыў сваімі чытачамі.
— Скарына прадаваў свае пераклады Бібліі. Тое, што ён займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, не перашкода для кананізацыі?
— Калі скончылася дапамога ад віленскіх фундатараў і не было каму дапамагчы, то што ён мусіў рабіць? Ён паехаў у Маскву, каб прадаваць там кнігі і зарабляць на наступныя выданьні. Але неўзабаве яму давялося адтуль зьяжджаць. Беларускія дасьледчыкі на эміграцыі пісалі, што выданьні Скарыны не былі прынятыя Масквой з-за яе адсталасьці, нізкага ўзроўню культуры і асьветы ў маскавітаў. Але мне бачыцца тут іншая прычына. У Масковіі тады панаваў культ кнігі рукапіснай, таму і кнігадрукаваньне ўспрымалася варожа. Цяпер распачатая справа аб кананізацыі Эдварда Вайніловіча, які быў адным з самых багатых памешчыкаў Менскай губэрні. Я там таксама бяру ўдзел, і ўсё чакаў адпаведнага пытаньня ад «адваката д’ябла». Але такога пытаньня не было — сумленная гаспадарчая дзейнасьць ня лічыцца грахом.
— Кандыдат у сьвятыя мусіць быць цудатворцам. Кнігадрукаваньне можна разглядаць як цуд?
— А хіба ня цуд тое, што Скарына пераклаў Біблію ўсяго за чатыры гады? Іншыя перакладчыкі ўсё жыцьцё перакладалі, а тут нейкія чатыры гады. Цудам можна лічыць і тое, што Скарына змог уцячы з Прусіі, мяжа зь ёю была на той час сур’ёзная. Да таго ж, Скарына праявіў акт гуманізму, калі ўзяў за жонку Маргарыту Адвернік з двума дзецьмі і прызнаў іх за сваіх.
— Скарына быў вольны ў выказваньнях і фактычна на адным узроўні ставіў Бога і чалавека. Вы ж памятаеце: «Дваякая праўда — Божая і чалавечая; дваякі суд — Божы і чалавечы; дваякая пахвала — Божая і чалавечая». Як паставіцца да такіх выказваньняў царква, якая вызнае зьверхнасьць Бога?
Хіба ня цуд тое, што Скарына пераклаў Біблію ўсяго за чатыры гады?
— У Скарыны тут проста выявілася жаданьне зямное, цялеснае паставіць на адзін узровень зь нябесным. Чалавек абвяшчаўся істотай разумнай і дасканалай і таму рабіўся сувымерным з дасканаласьцю Божай. Тут наш першадрукар ішоў за заходнеэўрапейскімі гуманістамі. Даючы чытачу (а не царкве) пераклады Бібліі на родную мову, ён тым самым даваў яму магчымасьць свабодна вывучаць і інтэрпрэтаваць тэксты, якія ў сярэднявечныя часы лічыліся даступнымі толькі царкоўнікам. Скарына як бы прыпадымаў чалавека да дыялягічнага кантакту з Богам. Урэшце, хто стварыў чалавека, калі ня Бог? Дык хто за ўсё адказны?
— Адзін праваслаўны сьвятар мне гаварыў: Скарына быў ерэтыком, бо пісаў акафісты Ісусу Хрысту ў форме акравершаў, а ў Бібліі друкаваў свае партрэты. Што б вы таму сьвятару адказалі?
— З партрэтамі ў Бібліі Скарына, магчыма, і пасьпяшаўся. Што да акравершаў... А чаму тады Эвангельле напісана ў форме прыпавесьцяў? Ды проста таму, каб людзі зразумелі. Калі б эвангелісты выказваліся ў форме філязофскіх трактатаў, хто б іх зразумеў? Таму на дзейнасьць Скарыны трэба глядзець вачыма яго тагачасных чытачоў.
— «Не капай пад другам сваім ямы, сам трапіш у яе» — афарызмы Скарыны актуальныя ва ўсе часы. А ў чым яшчэ ягоная актуальнасьць?
— Найперш у патрыятызьме. Усе ведаюць словы Скарыны пра зьвяроў, якія любяць норы свае, пра пчолаў, якія бароняць вульлі свае, пра рыбаў, якія помняць віры свае... Дык гэта зьвяры, пчолы і рыбы! А тым больш чалавек павінен любіць сваю зямлю. І, вядома ж, велізарная заслуга Скарыны ў тым, што ён даў зразумелы беларускаму чытачу тэкст Сьвятога Пісаньня, найперш Эвангельляў. Разумееце, Біблія — гэта інфармацыя, зачэрпаная не наўпрост, а ў пераказах. А Эвангельле ж запісана з вуснаў Хрыста. Вось мусульмане лічаць, што Алаха на зямлі ніхто ня бачыў і ня чуў. А Хрыстос усё ж быў на зямлі, таму хрысьціянства для мяне вышэйшае ў параўнаньні зь іншымі рэлігіямі. І яшчэ адзін вельмі важны момант. Разам з 500-годзьдзем беларускага кнігадрукаваньня трэба было б адзначыць і 800-годзьдзе першага ўпамінаньня ў рукапіснай крыніцы самога слова «Беларусь». У Вугоршчыне выйшаў слоўнік, дзе ёсьць запіс пра тое, як у 1217 годзе каралевіча вугорскага садзілі на трон Валынь і Галіцыя. І там, у дакумэнце, напісана: «Альбарусія». Самім беларусам тады хапала слова «Русь», не гаварылі «Белая». І той жа Скарына называе сябе то русінам, то ліцьвінам. Называючыся ліцьвінам, ён падкрэсьліваў прыналежнасьць да дзяржавы.
— Вы згадалі пра юбілей беларускага кнігадрукаваньня, які будзе адзначацца праз два гады. Што варта было б зрабіць дзеля яшчэ большага ўшанаваньня Скарыны? Можа быць, вярнуць яго імя галоўнаму праспэкту беларускай сталіцы?
— Я таксама пра гэта думаў. Неяк у мяне маскоўскія карэспандэнты пра гэта пыталіся. І я ім адказаў, што Скарынаўскі праспэкт стаў Праспэктам Незалежнасьці, як я магу быць супраць незалежнасьці? Гэта, вядома,
Імем вялікага Скарыны трэба было назваць ня вуліцу на менскай ускраіне, а нешта больш раўназначнае.
унікальны выпадак. Іншая справа, што імем вялікага Скарыны трэба было назваць ня вуліцу на менскай ускраіне, а нешта больш раўназначнае. А 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня мне бачыцца так. Пачацца юбілей павінен там, дзе Скарына нарадзіўся, — у Полацку. Потым — польскі Кракаў, дзе ён вучыўся. Наступны этап — італьянская Падуя, дзе ён здаваў іспыты. Потым — чэская Прага і Вільня. Вось такі круг. І я сабе ўяўляю, як два першаярархі — Папа Рымскі і Маскоўскі Патрыярх — робяць разам падарожжа па гэтых краінах і разам ушаноўваюць Скарыну. Вось гэта было б сапраўдным сьведчаньнем яднаньня хрысьціянаў.
— Мы з вамі гутарым у Доме міласэрнасьці, дзе вы папраўляеце сваё здароўе. Дом знаходзіцца на вуліцы Скарыны — гэта па-свойму сымбалічна. Папраўляйцеся хутчэй — справа Скарыны чакае.
— Дзякуй за пажаданьне. Сапраўды, у гэтым ёсьць нейкі провід Божы, што адрас у Дома міласэрнасьці — Скарыны, 11. Некаторыя лічаць, што прыналежнасьць да розных канфэсій падзяляе беларусаў, не дазваляе ім зьяднацца. Але я перакананы, што ніякага падзелу і супрацьстаяньня не павінна быць. Вось праваслаўны Дом міласэрнасьці — на вуліцы Скарыны, які адчуваў сябе адначасова і праваслаўным, і католікам, ён быў постацьцю надканфэсійнай. І нам трэба праяўляць міласэрнасьць адзін да аднаго. Чаму цяпер робяць сьвятым фундатара Чырвонага касьцёлу Эдварда Вайніловіча? Ён жа акрамя гэтага храма будаваў і праваслаўныя цэрквы, і мусульманскія мячэці, і сынагогі для габрэяў — у гэтым праяўлялася яго любоў да бліжняга. І мы павінны ісьці менавіта такім шляхам.