«Вінаватай я сябе не прызнала. З доказаў у міліцыянтаў быў толькі фатаздымак з сайту Charter97, на якім побач з расьцяжкай „Акупанты, вон!“ зьнятая жанчына, падобная да мяне. Я патрабавала, каб выклікалі на суд прадстаўнікоў сайту для разбору, але судзьдзя хадайніцтва адхіліў і прызначыў мне штраф. Гэта больш за 5 мільёнаў рублёў — ня жартачкі!» — пракамэнтавала прысуд Вольга Мікалайчык.
Раніцай 21 траўня актывістка прыехала ў Смалявіцкі раённы суд, каб прысутнічаць на працэсе над актывістам Максімам Вінярскім, якога судзілі за абразу міліцыянта. У будынку суду Вольгу Мікалайчык затрымалі і адвялі на суд за пікет каля Кургана Славы. 26 траўня Вольгу Мікалайчык чакае яшчэ адзін адміністрацыйны працэс у Цэнтральным раённым судзе Менску — за тое, што пакінула каля амбасады Расеі пакунак з «касмэтычкай» для расейскіх байкераў з групоўкі «Начныя ваўкі».