Паводле пратаколу, які быў складзены на Вінярскага 15 траўня, ён назваў «упыром» міліцыянта Лесіцу. Інцыдэнт адбыўся, калі актывісты, у тым ліку Вінярскі, прыехалі да Смалявіцкага РУУС, каб сустрэць пасьля адбыцьця арышту свайго аднадумца Леаніда Кулакова.
Адміністрацыйную справу Вінярскага разглядае судзьдзя Ліна Бародзіч. Актывісту пагражае штраф да 50 базавых велічынь. У судзе Максім Вінярскі заявіў, што ня лічыць выкарыстанае ім на адрас міліцыянта слова «ўпыр» абразай і спаслаўся на слоўнік Даля. «Паводле Даля, вампір, ці ўпыр — гэта жорсткі, злы чалавек», — сказаў Максім Вінярскі. Нібыта гэтак ён ацаніў дзеяньні міліцыянта, паколькі той адмаўляўся даваць праўдзівую інфармацыю пра месца знаходжаньня арыштаванага Леаніда Кулакова.
Сёньня міліцыянт Лесіца ў суд не зьявіўся. З гэтай прычыны судзьдзя Бародзіч абвясьціла ў працэсе перапынак. Суд працягнецца заўтра, 21 траўня. Максім Вінярскі хадайнічае аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы адносна слова «ўпыр». Гэтае хадайніцтва судзьдзя мусіць разгледзець, калі працэс адновіцца.