Дзярждэпартамэнт нагадаў беларускім дыпляматам пра палітвязьняў

Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў пра сустрэчу амэрыканскіх і беларускіх дыпляматаў, якая адбылася 14 траўня ў Вашынгтоне.

Амэрыканскі бок прадстаўлялі намесьнік памочніка дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Эрык Рубін, выканаўца абавязкаў намесьніка памочніка сакратара па правах чалавека, дэмакратыі і працы Філіп Каплан і намесьнік памочніка адміністратара праграмы замежнай дапамогі USAID па Эўропе і Эўразіі Джонатан Кац. Беларускі бок быў прадстаўлены генэральным дырэктарам дэпартамэнту МЗС Беларусі па шматбаковай дыпляматыі Юрыям Амбразевічам, дырэктарам дэпартамэнту Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі Алегам Краўчанкам, а таксама часовым павераным у справах Беларусі ў ЗША Паўлам Шыдлоўскім.

Сярод абмеркаваных тэмаў былі вынікі і рэкамэндацыі, атрыманыя дзьвюма краінамі падчас другога цыклю ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду сваіх абавязацельстваў у Радзе ААН па правах чалавека. Падчас сустрэчы таксама закраналіся прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, агульныя абавязацельствы Беларусі і ЗША ў межах АБСЭ падтрымліваць свабоду выказваньняў, мірных сходаў і асацыяцый, важнасьць спрыяньня разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі для таго, каб пабудаваць больш бясьпечнае і квітнеючае грамадзтва.

У паведамленьні Дзярждэпартамэнту падкрэсьліваецца, што амэрыканскі бок на перамовах паўтарыў заклік да беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і паважаць іх палітычныя правы.