МВФ: Беларусь слаба абароненая ад эканамічнай нестабільнасьці

Выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду завяршыла кансультацыі па артыкуле IV з Рэспублікай Беларусь. Гэта адбылося 13 траўня 2015 году.

Беларусь па-ранейшаму вельмі ўразьлівая перад эканамічнымі ўзрушэньнямі, — гаворыцца ў выніковым дакумэнце МВФ. Гэтую неабароненасьць паказала турбулентнасьць на валютных і даўгавых рынках у канцы мінулага года. Частыя інтэрвэнцыі на макраэканамічным узроўні выклікалі інфляцыю, вонкавыя дысбалянсы і захавалі залежнасьць Беларусі ад спэцыяльнай вонкавай падтрымкі.

Сэлектыўнае ўзмацненьне жорсткасьці палітыкі і расейскі крэдыт дапамаглі Беларусі рэгуляваць вялікія зьнешнія дысбалянсы ў 2014 годзе. Падзеньне курсу расейскага рубля ў чацьвёртым квартале выклікала востры ціск на валютным рынку Беларусі, які ў канчатковым выніку заахвоціў паступовую дэвальвацыю рубля на 30 адсоткаў супраць даляр, пачынаючы з канца сьнежня. Між тым, рэальны ВУП вырас прыкладна на 1½ адсотка ў 2014 годзе, у асноўным за кошт аднаўленьня экспарту калійных угнаеньняў, а інфляцыя вагалася вакол 18 адсоткаў.

У 2015 годзе рост эканомікі краіны рэзка замарудзіўся на тле высокай нявызначанасьці, скарачэньня рэальных даходаў, адміністрацыйных захадаў і падзеньня гандлю з Расеяй.

На пэрспэктыву эканамічнага спаду ўплывае працяг зьнешняга ціску, найперш падзеньне гандлю з Расеяй — найбуйнейшым гандлёвым партнэрам. Эканоміка Беларусі, па прагнозах, скароціцца на 2¼ адсотка ў 2015 годзе. Дэфіцыт бягучага балянсу, як чакаецца, застанецца на ўзроўні 7 працэнтаў ВУП. Дэвальвацыя паскорыць інфляцыю, якая, паводле прагнозаў, дасягне сёлета 22 працэнты, нягледзячы на слабы ўнутраны попыт.

Выканаўчая рада МВФ прапануе, сярод іншага, замарозіць рост заробкаў. Макраэканамічная палітыка павінна быць накіравана на зьніжэньне вонкавых дысбалянсаў і зьніжэньне інфляцыі пры правядзеньні неабходных структурных рэформаў, каб павысіць патэнцыял росту эканомікі. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве, паводле МВФ, разьвіцьцё заработнай платы трэба ўвязваць з ростам прадукцыйнасьці. Дырэктары МВФ таксама вітаюць намер уладаў Беларусі зрабіць абменны курс больш гнуткім, і заклікалі да далейшых крокаў у кірунку гнуткасьці абменнага курсу для абароны ўжо нізкіх рэзэрваў.

Рэальны ВУП Беларусі, паводле МВФ, за апошнія пяць гадоў:

2011 — 5.5
2012 — 1.7
2013 — 1.0
2014 — 1.6
2015 (чакаецца) — 2.3