Як кітайцы першымі заўважылі расьцяжку «Свабоду палітвязьням» па дарозе ў аэрапорт

​Актывіста Леаніда Кулакова аштрафавалі на 30 базавых велічынь за расьцяжку «Свабоду палітвязьням».

«Мне сказалі, што з-за мяне вельмі дасталося вельмі сур’ёзным людзям», — распавёў Свабодзе грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў, якога за гэтую расьцяжку пакаралі штрафам у 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў

12 траўня грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў адбыў 7 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пікеце каля Кургана Славы. За 6 гадзінаў да вызваленьня са Смалявіцкага ізалятара часовага ўтрыманьня Кулакова адвезьлі на новы суд — за расьцяжку «Свабоду палітвязьням». З доказаў ягонага ўдзелу ў акцыі міліцыя мела толькі дадзеныя, што тэлефон Леаніда Кулакова «прысутнічаў» у тым месцы. Актывіст казаў, што ён проста падвозіў у аэрапорт знаёмага. Але суд вырашыў, што ён яшчэ і дапамог вывесіць на пуцеправодзе расьцяжку «Свабоду палітвязьням», якую маглі бачыць тыя, хто пад’яжджаў да аэрапорту «Менск-2». У выніку актывіста аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Леанід Кулакоў распавёў пра падрабязнасьці справы.

Леанід Калакоў

«Мяне судзілі за расьцяжку „Свабоду палітвязьням“, якая больш за дзень правісела на трасе Менск — мяжа з Расеяй, на пуцеправодзе над дарогай у аэрапорт. Міліцыянты распавялі, што расьцяжку першымі ўбачылі кітайцы. У выніку за расьцяжку пакаралі „вельмі сур’ёзных“ людзей. Ня ведаю, каго дакладна — міліцыянтаў ці вэртыкальшчыкаў — мне гэтак сказалі ў Смалявіцкім РУУС. За гэта трэба было кагосьці пакараць, і тут падвярнуліся зьвесткі пра мой тэлефон у раёне аэрапорту. Мяне затрымалі ў Менску падчас працы і прывезьлі ў Смалявічы. У міліцыі я заявіў, што ў такой справе, як вывешваньне такой расьцяжкі, дапамог бы любому».

Да суду Леанід Кулакоў адбыў 7 сутак у падвале Смалявіцкага РУУС — у ізалятары часовага ўтрыманьня. Якія там умовы?

«Жудасныя — іншага слова не падбярэш. Дзённага сьвятла няма, толькі праз шчыліну наверсе вакна пазнаеш, што прыйшоў дзень, Ноччу спаць немагчыма, бо жалезныя ложкі пакрытыя жалезнымі пласьцінамі, на якіх не ўляжыш і 10 хвілін. Холадна, як зімой, і жудасны пах, бо ў прыбіральню ня водзяць і мусіш хадзіць па патрэбах у вядро. З-за гэтага паху немагчыма харчавацца, мяне дык першыя дні натуральна ванітавала. Сядзеў разам з хлопцам, які ў другой камэры пазнаёміўся з двума менчукамі. Іх у Смалявічы прывезьлі адбываць пакараньне зь Менску. Тыя казалі, што напярэдадні 9 траўня ўся турма на Акрэсьціна была забітая пад завязку, і таму шмат арыштантаў адпраўлялі сядзець у раённыя ІЧУ. Гэтак зачысьцілі горад перад сьвятамі, каб не псавалі «прыгожую карцінку». Сотні затрыманых і засуджаных на «суткі» нізавошта забясьпечылі «адпачынак тысяч грамадзянаў».

Паводле Леаніда Кулакова, пры гэтым у ізалятары часовага ўтрыманьня Смалявіцкага РУУС працуюць прыстойныя людзі.

«Да нас ставіліся паважліва. Чым маглі, дапамагалі. Ведаю, што іх з-за гэтага пазбавілі прэміі. Гэта той выпадак, калі, нягледзячы на ўсе нашы пакуты, некаторым людзям там хочацца падзякаваць, бо яны захавалі ў сябе добрыя якасьці».