«Чыноўнікі-геі часта выступаюць зацятымі гамафобамі». Гісторыя гомасэксуала з Гомеля, які пабраўся шлюбам з амэрыканцам

Праваабаронцу Вячаславу Бортніку 40 гадоў. Сваю гомасэксуальнасьць ён усьвядоміў у 1993 годзе, калі аднаполыя стасункі яшчэ перасьледаваліся законам. Чаму ў сярэдзіне 1990-х гамафобіі ў краіне было менш, чым сёньня, ён распавёў Свабодзе.

У нашай сям’і пра гомасэксуалаў гаварылі і шкадавалі іх

Інтэрвію зь Вячаславам запісваем па скайпе: з 2013 году ён пастаянна жыве ў сталіцы ЗША Вашынгтоне, дзе ўзяў шлюб з амэрыканцам Шонам Гейлордам. У тым годзе Вярхоўны суд ЗША адмяніў Закон «Аб абароне шлюбу», і шлюб перасталі лічыць толькі саюзам паміж мужчынам і жанчынай. Вячаслаў і Шон, як і многія іншыя аднаполыя пары, адразу скарысталіся магчымасьцю ўзаконіць свае стасункі. Уявіць сваё адкрытае жыцьцё зь іншым гомасэксуалам у Гомелі Вячаслаў ня мог ні раней, ні цяпер.

«Мне пашанцавала, і мяне ніколі не затрымлівала міліцыя, не зьбівалі на вуліцы за маю сэксуальную арыентацыю. Але шмат з кім з маіх сяброў такое здаралася».

Пра гомасэксуальныя стасункі Вячаслаў ведаў яшчэ ў дзяцінстве — з кніг па псыхалёгіі Ігара Кона, а таксама з размоваў з бацькамі.

«У нашай сям’і гаварылі на гэтыя тэмы. Але ўсё гэта падавалася ў накірунку, што, маўляў, гэта анамалія і такіх людзей можна пашкадаваць, бо яны не вінаватыя».

Потым ён паступіў ў Гомельскі дзяржаўны унівэрсытэт і ўжо ў 18-19 меў сур’ёзныя стасункі зь дзяўчынай. Ейныя бацькі нават разглядалі Вячаслава як будучага зяця. І толькі тады ён зразумеў, што ягоныя стасункі зь дзяўчатамі маюць адно нэгатыўны эфэкт і ўсьвядоміў, што зьяўляецца геем.

«У той час я нікога ня ведаў зь іншых геяў, ня ведаў, як знайсьці такіх людзей. Да таго ж усё яшчэ існаваў артыкул Крымінальнага кодэксу 119 ч. 1, па якім можна было трапіць у турму на тэрмін да 5 гадоў проста за сваю сэксуальную арыентацыю».

Сябры ведалі, бацькі — не

Гэта быў 1993 год, і ніякіх сацыяльных сетак, дзе сёньня большасьць гомасэксуалаў заводзіць знаёмствы, не існавала. Першай крыніцай інфармацыі пра гомасэксуалізм для Вячаслава стала расейская газэта «Спид-инфо». У Расеі артыкул пра перасьлед гомасэксуалаў скасавалі на год раней, чым у Беларусі, — акурат у 1993 годзе. І там адразу пачалі зьяўляцца матэрыялы на гэтую тэму.

Шон і Вячаслаў на вячэры зь беларускімі сваякамі Вячаслава

А на пачатку 1994 году ў Беларусі пачынае выходзіць часопіс «Сустрэча». Паколькі ў сакавіку таго году артыкул 119 ч. 1 скасавалі, матэрыялы пра гомасэксуалізм пачалі публікаваць і ў гэтай газэце.

«Для мяне гэта былі дзьве галоўныя крыніцы такой пазытыўнай інфармацыі аб гомасэксуальнасьці», — кажа Вячаслаў.

Тады ж ён пазнаёміўся са сваім першым хлопцам. Распавядае, што прызнавацца сябрам у сваёй сэксуальнай арыентацыі яму было ня так складана. Вячаслаў вучыўся на філялягічным факультэце, і сярод ягоных сяброў было шмат літаратараў, музыкаў, мастакоў.

«У гэтым асяродзьдзі было няцяжка прызнацца, і большасьць з маіх сяброў станоўча прынялі маю сэксуальную арыентацыю», — тлумачыць ён.

Але на працы ён ня мог зрабіць камінаўт — прызнацца ў тым, што ён гей. Пасьля заканчэньня Гомельскага дзяржунівэрсытэту ён працаваў настаўнікам у школе, пасьля — дзіцячым псыхолягам.

«На такіх працах было нерэальна рабіць камінаўт, таму што была вялікая рызыка страціць працу, а можа й мець больш сур’ёзныя праблемы».

Два ягоныя сябры былі вымушаныя звольніцца пасьля таго, як на працы даведаліся пра іх сэксуальную арыентацыю. Гэта было яшчэ ў сярэдзіне і напрыканцы 1990-х. Таксама Вячаслаў не раскрываў сябе, каб гэта не нашкодзіла ягонай маці, якая працавала ў гарадзкой адміністрацыі аховы здароўя.

«Хоць Гомель і не маленькі горад, але амаль усе адно аднаго ведаюць. І я не хацеў, каб гэтая тэма неяк усплыла і дайшла да маці. Ёй тады давялося б адказваць на розныя дурныя пытаньні».

Каб пазнаёміцца з акторам, у букет клалі цыдулку з нумарам тэлефона

Пакуль не зьявіўся даступны інтэрнэт, сустрэць іншых гомасэксуалаў у Гомелі, як і ў іншых гарадах, можна было на чыгуначным вакзале і ў грамадзкіх прыбіральнях, у дамоўленых парках і пляжах.

«На вакзале мы сустракаліся са „сваімі“, каб пагутарыць, даведацца пра апошнія навіны. Для нас гэта было проста цікава. Але прыходзілі туды і старэйшыя людзі, адмыслова каб з кімсьці пазнаёміцца».

Каб пазнаць «свайго», кажа Вячаслаў, нават ня трэба было мець ніякіх апазнавальных знакаў: гомаскэсуалы пазнаюць адно аднаго па паводзінах і манерах.

Але нават звычайная сустрэча магла скончыцца ў пастарунку. Людзей забіралі міліцыянты, перапісвалі пашпартныя дадзеныя і фатаграфавалі.

«Фармальна ім адказвалі, што раз яны тут часта стаяць, то маглі б быць сьведкамі розных злачынстваў, якія здараліся на вакзале. Але насамрэч міліцыя вяла сваю „базу“ гомасэксуалаў».

У Менску з часам пачалі адкрывацца гей-клюбы. У Гомелі такіх месцаў не было, але працавалі бары, дыскатэкі і клюбы, дзе часта зьбіраліся прадстаўнікі ЛГБТ, бо ў адміністрацыі там працавалі геі.

«Але такія месцы праіснавалі нядоўгі час, таму тусавацца мы звычайна езьдзілі ў Менск».

Ад старэйшых сяброў Вячаслаў ведае пра старыя спосабы знаёмстваў з акторамі.

«Мой знаёмы працаваў адміністратарам у Гомельскім драмтэатры і расказваў, што калі прыяжджалі новыя артысты і хтосьці зь іх падабаўся нейкаму гледачу, у букет клалі цыдулку з нумарам тэлефона. Калі артыст быў зацікаўлены ў сустрэчы, ён проста тэлефанаваў».

Сёньня ж, паводле Вячаслава, такіх месцаў сустрэч застаецца ўсё менш, паколькі ўсе знаёмяцца ў сацыяльных сетках. Там ужо ёсьць сотні профіляў гамельчукоў-прадстаўнікоў ЛГБТ.

«Такое нават цяжка было ўявіць у 1980-я ці 1990-я. Сёньня можна мець сотні знаёмстваў. Але якасьць гэтых знаёмстваў, вядома, ужо ня такая».

Чыноўнікі-геі часта выступаюць ярымі гамафобамі

Вячаслаў лічыць, што грамадзтва сёньня нашмат больш адкрытае да аднаполых стасункаў. І калі людзей, якія вырасьлі ў СССР, цяжка запэўніць у адваротным, інтэрнэт-пакаленьне, якое чытае інфармацыю з розных крыніцаў і шмат вандруе, ведае, што маюць права на існаваньне ня толькі традыцыйныя саюзы паміж мужчынам і жанчынай.

Зусім па-іншаму выглядае стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці з боку ўлады. Доўгі час яны проста не зьвярталі на гэта ўвагі. Але зь сярэдзіны 2000-х пасыпаліся нэгатыўныя выказваньні з вуснаў першых асобаў краіны ў бок гомасэксуалаў. За імі гамафобскую рыторыку падхапілі мясцовыя чыноўнікі і дзяржаўныя СМІ.

«Ніякіх зарэгістраваных ЛГБТ-арганізацый і гей-клюбаў у Беларусі не засталося. І хоць у нас на геяў не павесілі ўсе праблемы краіны, як гэта зрабілі ў Расеі, гамафобская палітыка ў нас праводзіцца».

Разам з тым ва ўладзе як раней, так і цяпер працуе шмат прадстаўнікоў ЛГБТ. І нярэдка яны прасоўваюць адно аднаго па кар’ернай лесьвіцы. Вячаслаў прыводзіць гісторыю свайго знаёмага, які, прыехаўшы ў Гомель з рэгіёну і ня маючы вышэйшай адукацыі, вельмі хутка атрымаў высокую пасаду толькі дзякуючы таму, што знайшоў гей-кантакты ў гарадзкіх уладах.

«Шмат людзей, якія працавалі ў гарадзкой і абласной адміністрацыі, пайшлі на падвышэньне ў Менску праз тое, што ім дапамагалі іншыя геі ў кіраўніцтве».

Пры гэтым нярэдка самі чыноўнікі-геі выступаюць ярымі гамафобамі. Гэта называецца ўнутранай гамафобіяй. У гэтым выпадку людзі разумеюць, што яны гомасэксуалы, але вельмі цяжка перажываюць гэта. І хоць яны практыкуюць гомасэксуальныя стасункі, самі ж выступаюць супраць геяў.

«Гэта ня толькі ў Беларусі, але і ў ЗША так здараецца: самыя ярыя гамафобы часта аказваюцца гомасэксуаламі, якія хаваюць сваю сэксуальную арыентацыю».

Закаранелых гамафобаў нічога ня зьменіць

Перасьлед ЛГБТ-актывістаў у Беларусі Вячаслаў лічыць праявай ня столькі гамафобіі ва ўладзе, колькі нежаданьнем дазваляць хоць бы якую грамадзкую актыўнасьць.

«Але ЛГБТ-арганізацыі мусяць быць зарэгістраваныя і працаваць адкрыта. Толькі тады яны змогуць зьмяняць стаўленьне ў грамадзтве да людзей зь іншай сэксуальнай арыентацыяй».

На сустрэчы зь беларускім ЛГБТ-актывістамі ў 2014 годзе

Сярод іншага, вельмі важна, каб было прынята антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, паводле якога забаранялася б дыскрымінацыя з прычыны сэксуальнай арыентацыі.

У кожным разе, такія захады могуць паўплываць толькі на людзей, якія канчаткова ня вызначыліся са сваім стаўленьнем да гомасэксуалаў, бо закаранелых гамафобаў нішто ня можа запэўніць у адваротным.

«Думаю, што ня мае сэнсу размаўляць зь імі. Энэргію, сілы і рэсурсы трэба скіроўваць на тых, хто яшчэ вагаецца, каго можна накіраваць у пазытыўным напрамку».​