Літанкета Свабоды: Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч нарадзіўся ў 1977. Намесьнік рэдактара «Белгазэты», выкладчык гісторыі мастацтва ў ЭГУ. Выдаў раманы «Параноя» (2009, па-расейску), «Сьцюдзёны вырай» (2011, па-беларуску), «Сфагнум» (2013, па-расейску адначасова зь беларускім перакладам),«Мова» (2014, па-беларуску адначасова з расейскім перакладам). Ляўрэат літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў галіне прозы за раман «Сьцюдзёны вырай» (2012) і прэміі Эўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі (2014). Жыве ў Менску.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для блізкіх мне людзей. Меркаваньне астатніх пачынае цікавіць толькі на тэрмінальных стадыях абмеркаваньня твору, з заалягічнага пункту гледжаньня. У момант пісаньня астатніх не існуе. Ды, уласна, і першых таксама.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У самалёце, калі ён набірае вышыню. Аднак сьцюарды ўвесь час патрабуюць закрыць ноўтбук.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Літаратурны прывід» Дэйва Мітчала.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Пячорын. У дадзены канкрэтна момант. Але зараз я ў Кардобе, сёньня плянуецца доўгі пераезд ледзь не аўтаспынам, і я ня ведаю, дзе буду начаваць – гэта любому дадасьць пячорынства.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Віні Пух.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Гайд Lonely Planet па тым, як вандраваць праз Гішпанію on low budget.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Француская, ангельская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Мова».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Не скажу.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Зараз. Пачуцьцё пройдзе пад вечар, калі ложка не знайду.

***


Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад “шорт- і лонг-лістараў“ сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.