Пра гэта паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.
Калі параўнаць паказьнікі І кварталу 2015 году з паказьнікамі гадавой даўніны, то падзеньне рэальных наяўных грашовых даходаў складзе больш за 10%.
«Усьлед за Расеяй мы ўцягнутыя ў глыбіню крызісу. З пачатку году на 2% скараціўся ВУП. Крыніцы павышэньня заробкаў, а адпаведна і рэальных наяўных грашовых даходаў, вычарпаныя. Больш павышаць заробкі няма за кошт чаго. Так, намінальны рост адзначаецца, але калі адняць падаткі і ўнёскі і зрабіць карэкціроўку з улікам інфляцыі, то акурат і атрымаецца карціна, якую дае Белстат, — тэндэнцыя на зьніжэньне рэальнага даходу беларусаў», — лічыць эканаміст Барыс Жаліба.
Паводле эканаміста, казаць пра выхад з крызісу і павышэньне рэальнага даходу можна будзе бліжэй да восені — тады ўжо дасьць плён стабілізацыя курсу беларускага рубля:
«Рэальны даход пачне расьці ў жніўні. Адбудзецца гэта за кошт таго, што Нацыянальны банк усё ж такі зараз вядзе больш узважаную манэтарную палітыку, адбылася пэўная фінансавая стабілізацыя за кошт усталяваньня збалянсаванага курсу беларускага рубля. Магчыма, на гэтым тле адбудзецца і рост рэальнага даходу. Я лічу, што гэта адбудзецца ўлетку, бо інфляцыя мае сэзонны характар, і ў жніўні цэны растуць менш за ўсё. Таму ў лепшым выпадку можна чакаць росту да восені».