Выступаючы на цырымоніі памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Нацыянальным гісторыка-мэмарыяльным запаведніку «Быкаўнянскія магілы», Парашэнка заявіў, што «на днях зрабіў тое, што павінен быў» — падпісаў законы аб дэкамунізацыі, аб прызнаньні герояў нацыянальна-вызваленчай барацьбы і яшчэ некалькі законаў, якія «асучасьніваюць палітыку нацыянальнай памяці і вызваляюць яе ад імпэрскіх напластаваньняў».
«Тым жа, хто выступаў і да гэтага часу выступае супраць дэкамунізацыі, раю прыехаць сюды, у Быкоўню, на месца крывавых злачынстваў камуністычнага рэжыму», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Ён адзначыў, што падчас палітычна і нацыянальна матываваных масавых рэпрэсіяў украінцаў у 1930-я гады «забівалі ня „ворагаў народа“, не „шпіёнаў“, „дывэрсантаў“, а сялян і рабочых, настаўнікаў, сьвятароў, навукоўцаў і галоўнае — пісьменьнікаў, спрабуючы забіць душу нашага народа».
Паводле прэзыдэнта Парашэнкі, толькі ў Быкоўні, як пацьвердзілі навукоўцы, пахавана больш за сто тысяч ахвяраў тых рэпрэсіяў.
«Тут пазбаўлялі жыцьця цэлы народ, які за некалькі год да таго не пасьпелі зьнішчыць Галадаморам, — сказаў Парашэнка і дадаў: Нездарма ворагі Ўкраіны і сёньня маршыруюць пад партрэтамі Сталіна і Берыі».
«ГПУ-НКВД, дарэчы, роднасная структура адносна СС-Гестапа. Яны пераймалі злачынны досьвед адзін у аднаго, удасканальваючы тэхніку масавага зьнішчэньня сваіх ахвяраў. Чума яна і ёсьць чума, незалежна ад таго, карычневая яна або чырвоная!» — адзначыў Пятро Парашэнка.
У лесе ля пасёлка Быкоўня на ўскраіне Кіева ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў таемна хавалі целы пакараных падчас палітычных пазасудовых рэпрэсіяў. Паводле зьвестак дасьледнікаў, там пахаваныя больш за сто тысяч чалавек. Яшчэ ў 2009 годзе ў СБУ паведамілі, што выявілі імёны больш за 14 000 зь іх.