Частка здымкаў фільму «Тры ўспаміны з маёй маладосьці» летась у кастрычніку праходзіла ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе сайт амбасады Беларусі ў Францыі.
Падзеі фільму пачынаюцца ў Менску 30-гадовай даўніны — на экране можна ўбачыць Нацыянальны мастацкі музэй і сталічныя вуліцы.
Прадусарам здымкаў у Беларусі зьяўляецца француская кампанія «B-Tween Production». Партнэрамі ў Беларусі пры стварэньні карціны сталі «Беларусьфільм» і кампанія «Дэмарш-фільм». Рэжысэр і аўтар сцэнару фільма — француз Арно Дэплешан. У галоўных ролях зьняліся Мацьё Амальрык, Квенцін Дольмэр, Дынара Друкарова. Зь беларускіх актораў у здымках фільма бралі ўдзел Рыгор Хейфец, Генадзь Фамін, Павал Адамчыкаў, Сяргей Тарасюк, Зінаіда Зубкова.
На сайце амбасады паведамляецца, што прэм’еру фільму падчас Канскага кінфэстывалю наведаў амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які абмеркаваў «арганізацыю здымкаў францускіх фільмаў у Беларусі».
На кінарынку Канскага фэстывалю прэзэнтаваны Нацыянальны павільён Беларусі.
У дзень адкрыцьця фэстывалю на Канскім кінакірмашы 13 траўня адбыўся закрыты паказ скандальнага фільму «Код Каіна» (іншыя назвы: «Авэль» і «Мы, браты»). Прадусар Сяргей Ждановіч назваў гэты фільм «першым беларускім блёкбастэрам, у якім удзельнічаюць галівудзкія зоркі».