Літанкета Свабоды: Віталь Воранаў

Фота Ягоды Валькавай.

Віталь Воранаў нарадзіўся ў 1983. Вучыўся ў школе № 2 у Глыбокім (1991-1995). Закончыў ангельскую філялёгію ва ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча ў Познані. Ва ўнівэрсытэце імя Т. Масарыка ў Брне скончыў доктарскую праграму па спэцыяльнасьці літаратура на ангельскай мове. Плянуе абараніць працу па творчасьці Сэмюэла Бэкета. Заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя сшыткі» (Гнезна, Польшча), у якім у 2013 выйшаў зборнік апавяданьняў «Wielkie Księstwo Białoruś» (Вялікае княства Беларусь). Выдаў кнігі «Апавяданьні адным сказам» і «Нявечны каляндар» ды кнігу прозы пра дзейнасьць палескіх і падляскіх шаптух «Шэптам» (2014).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Хацелася б, каб найпершы мой чытач быў з маёй малой радзімы — Глыбоччыны, а пасьля ўжо астатнія.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У дзедавай хаце, калі сьпее яблык ананас.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Напісаныя і ненапісаныя кнігі ў кожнага свае.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Хацелася б раўняцца на герояў, якія не спыняюць сваіх пошукаў нават тады, калі нешта знаходзяць.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Іх шмат, большасьць аўтараў, якія належаць да заходняга канону, большасьць напісанага прыблізна да 1970-х, але ў асноўным гэта ірляндцы: Сэмюэл Бэкет, Джэймс Джойс, Флэн О’Браен.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Гартаю нядаўна адшуканую ўлюбёную кніжку дзяцінства — «Заклятыя Скарбы». Уклаў і перасказаў для дзяцей Уладзімір Ягоўдзік, ілюстрацыі Аляксея Навіцкага.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польская, чэская, украінская, славацкая, але ў асноўным англійская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Думаю, найбольш улюбёнай павінна быць тая, што яшчэ не напісаная.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Нямнога-нямала — кнігу пра ўсё.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі качуся на самакаце.

***

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.