«Дваццаць гадоў таму ў Беларусі быў праведзены рэфэрэндум, паводле афіцыйных вынікаў якога беларуская мова згубіла статус адзінай дзяржаўнай мовы, быў скасаваны дзяржаўны статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба „Пагоня“, былі пашыраныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і афіцыйна ўхваленая ягоная палітыка па інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй», — гаворыцца ў заяве.
Рада БНР канстатуе, што «рэфэрэндум 1995 году быў арганізаваны і праведзены з істотнымі і відавочнымі парушэньнямі тагачаснага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што не дазваляе расцэньваць ягоныя вынікі як юрыдычна правамоцныя. Гэтыя парушэньні ўключаюць, сярод іншых:
— Факт вынясеньня пытаньняў аб мове і нацыянальных сымбалях на рэфэрэндум,
— Гвалтоўны разгон нязгодных з правядзеньнем рэфэрэндуму дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь з мэтай ціску на іншых дэпутатаў пры разглядзе пытаньня аб прызначэньні рэфэрэндуму,
— Працэдурныя парушэньні пры прызначэньні рэфэрэндуму з боку Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, пры прызначэньні камісіяў па рэфэрэндуме, пры прызначэньні даты правядзеньня рэфэрэндуму,
— Дыскрымінацыйныя ўмовы правядзеньня агітацыйнай кампаніі для праціўнікаў прапановаў прэзыдэнта А. Лукашэнкі,
— Істотныя парушэньні пры падліку галасоў».
У сваёй заяве Рада БНР падкрэсьліла, што «рэфэрэндум 1995 г. стаўся ключавым крокам на шляху ўсталяваньня на Беларусі аўтарытарнага рэжыму, раскалоў беларускае грамадзтва, а таксама прывёў да дыскрымінацыі беларускай мовы ў адукацыі, справаводзтве, культуры і да аднаўленьня ў Беларусі найгоршых русіфікацыйных практык часоў СССР».
«Рада БНР перакананая, што будучая дэмакратычная беларуская ўлада будзе абавязаная скасаваць вынікі рэфэрэндуму 1995 г., для чаго дастатковаю будзе адпаведная рэзалюцыя з боку дэмакратычна абраных органаў улады Рэспублікі Беларусь» — гаворыцца ў заяве Рады БНР.