«Усякая дыктатарская ўлада пачынаецца з рэфэрэндумаў»

Ці бралі вы ўдзел у рэфэрэндуме 1995 году і за што галасавалі? Апытаньне ў Горадні.

«Чатыры, хіба, былі пункты падрыхтаваныя да рэфэрэндуму. Гэта адмена сымболікі, статус дзяржаўнай для расейскай мовы, падкантрольнасьць выканаўчай улады народу. Я галасаваў за бел-чырвона-белы сьцяг і за герб „Пагоня“, галасаваў за тое, каб не надаваць статус дзяржаўнай расейскай мове. Мы бачым, што з гэтага атрымалася. І, безумоўна, галасаваў за тое, каб улады былі падкантрольныя народу. Я быў удзельнікам камісіі і ўсё ж такі бачыў, што большасьць галасавала за тое, што мае цяпер».

«Ну канечне, галасаваў. Але ж вы спыталі, што было дваццаць год назад. Тут, бывае, і за дзесяць дзён ня памятаеш».

Your browser doesn’t support HTML5

«Усякая дыктатарская ўлада пачынаецца з рэфэрэндумаў»

«Ведаеце, я ў 95-м годзе яшчэ быў непаўналетні, на жаль, не цікавіўся».

«Я ўсё памятаю. Усякая дыктатарская ўлада пачынаецца з рэфэрэндумаў. Я галасаваў за бел-чырвона-белы сьцяг, за гістарычныя сымбалі».

«Не хадзіў, ня ведаю, не-а».

«Адбываў пакараньне, не магу, не было мяне ў гэты момант. Асуджаныя ня маюць права голасу».

«Там, па-мойму, пра мову было, пра герб і, па-мойму, аб прэзыдэнцкіх паўнамоцтвах. Канечне, я галасаваў за захаваньне старога, менавіта старога беларускага герба „Пагоня“ і супраць працягненьня тэрміну паўнамоцтваў».

«Я галасаваць увогуле не хаджу. А нафіг мне?»

«Штосьці там было пра скасаваньне нейкага артыкула, які не дазваляе аднаму і таму ж больш за два разы балятавацца на пасаду прэзыдэнта».

«Я не галасую, пазыцыя мая — як у анархіста».

«Вы ведаеце што: я асабліва ня памятаю ні пытаньняў, ні рэфэрэндуму. Мне ўжо больш за сорак, таму ня памятаю».

«Я галасаваў супраць увядзеньня новага сьцяга, а каб быў той, што быў у самым пачатку, і за Пагоню».

«Ну канечне, галасаваць хадзіла. Але якія былі пытаньні, ня памятаю».

«Ня ведаю нават: ну, схадзіла — і ўсё, і нічога не запомніла».

«Мы ўжо ня памятаем. Так даўно было».

«Так, у 94-м быў Лукашэнка абраны, а ў 95-м было, па-мойму, што працягнуць яго на сем год. Па-мойму, так».